29 красавiка 2024, панядзелак, 4:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Маці Юрыя Захаранкі праз 15 гадоў прызнаная пацярпелай

8
Маці Юрыя Захаранкі праз 15 гадоў прызнаная пацярпелай

Ульяна Захаранка прызнаная пацярпелай у справе свайго сына і можа азнаёміцца з матэрыяламі расследавання справы паводле факту знікнення ейнага сына.

Кіраўніца "Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтра" Раіса Міхайлоўская распавяла "Беларускаму партызану", што азначае новы статус Ульяны Захаранкі.

- Надоечы Вы сцвярджалі, што ўлады адмаўляюць Ульяне Захаранцы ў прызнанні пацярпелай.

- Рэч у тым, што адказ на скаргу маці Захаранкі прыйшоў са Следчага камітэта кагадзе - 28 жніўня 2014 года. З яго ж мы і даведаліся, што, выяўляецца, яшчэ 14 ліпеня Ульяна Рыгораўна Захаранка была прызнаная пацярпелай у справе свайго сына. Але даведалася яна пра гэта толькі пасля дзвюх скаргаў на следчага Вараўку, які не рэагаваў на ейныя хадайніцтвы. Калі б са Следчага камітэта не паведамілі пра вынік праверкі ейнай скаргі, ні яна, ні мы так бы і не даведаліся пра тое, што Вараўка вынес дадатную пастанову.

- Гэта значыць, маці Захаранкі даведалася пра гэта праз паўтары месяцы?

- Так. Калі б не паскардзілася, не даведалася б наогул.

- Чаму вакол гэтай, на першы погляд, фармальнай пастановы столькі складанасцяў?

- Таму што ў 2014 годзе мінае 15-гадовы тэрмін даўніны ў справах зніклых палітыкаў, які дазваляе ўладам спыніць справаводства - у сувязі з заканчэннем тэрміну даўніны.

Калі справу спыняюць, пацярпелыя ды іхнія прадстаўнікі маюць права азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. І гэта - самае галоўнае. Гэтай магчымасці ні ў сваякоў, ні ў грамадскасці не было 15 гадоў. Вельмі важна ведаць, як менавіта вялося расследаванне і якімі дакумэнтамі следства валодала. Але ў выпадку з Захаранкам пацярпелай была прызнаная жонка Вольга, якая жыве ў Нямеччыне. Вольга з'язджала з Беларусі даслоўна ў панічным страху і дагэтуль мяркуе, што вяртацца ў Беларусь нават на кароткі час ёй небяспечна.

- Выходзіла, што са справай Захаранкі знаёміцца няма каму?

- Так. Таму ў траўні 2014 года БДЦ і дапамог Ульяне Рыгораўне напісаць хадайніцтва аб прызнанні яе пацярпелай. Мы абапіраліся на арт.252 КПК, дзе зафіксаваныя правы пацярпелых. Адмовіць маці следчы ніяк не мог. Але... адмовіў. Відавочна, хтосьці вельмі не хацеў, каб са справай Захаранкі азнаёмілася шырокая грамадскасць. Адмова ў прызнанні маці пацярпелай была абскарджаная. Адказу на скаргу да цяперашняга часу мы не атрымлівалі. Таму Ульяна Рыгораўна і падумала, што ёй адмоўлена ўжо двойчы. Аднак мы наважылі не пакідаць гэтую справу і дапамаглі бабулі напісаць другую скаргу. У выніку, выявілася, што яшчэ ў ліпені Ульяна Захаранка прызнаная пацярпелай.

- Выходзіць, следчы, не здолеўшы пасля скаргі адмовіць, проста не паведаміў бабульцы аб прынятай пастанове, мяркуючы, што сама яна не разбярэцца?

- Думаю, так і было. 14 ліпеня скарга была задаволеная, але афіцыйны адказ на яе быў атрыманы толькі пасля паўторнага звароту на імя Генеральнага пракурора РБ. У адказе № 3069 ад 20 жніўня 2014 года, падпісаным начальнікам галоўнай управы працэсуальнага кантролю Цэнтральнага апарата СК В.Алёшкіным, адзначана, што якіх-небудзь парушэнняў у дзеяннях начальніка аддзела Ю.Вараўкі не выяўлена, у сувязі з чым падстаў для захадаў рэагавання да яго не няма.

- Раскажыце, ці ёсць навіны ў справах астатніх зніклых?

- Як такіх навін менавіта ў справах пакуль няма, але мы чакаем заканчэння тэрміну даўніны ўсіх трох знікненняў - 24 верасня 2014 года гэты тэрмін заканчваецца. Мяркую, мы шмат што зможам даведацца, калі зазірнем у справы. Але пакуль гэтага не здарылася, юрыстамі БДЦ падрыхтаванае і накіраванае на адрас Следчага камітэта РБ хадайніцтва ад імя пацярпелых Вольгі Захаранкі і Ірыны Красоўскай аб злучэнні крымінальных спраў у адну. А таксама аб кваліфікацыі дзеянняў асоб, якія маюць дачыненне да ўчынення злачынства паводле арт.128 КК РБ, бо ў дачыненні Ю.Захаранкі, В.Ганчара, А.Красоўскага ўчыненыя злачынныя дзеянні, накіраваныя супраць бяспекі чалавецтва (сістэматычнае ажыццяўленне пакаранняў смерцю без суда, выкраданне людзей, за якімі ідзе іхняе знікненне). Пастановай ад 17 ліпеня 2014 года, вынесенай тым жа следчым Ю.Вараўкам, у задавальненні хадайніцтва было зноў нематывавана адмоўлена. У якасці прычыны адзначаная адсутнасць дастатковых на тое падстаў.

- Як дзеянні згаданага вамі следчага стасуюцца з законам?

- Зазвычай фармулёўка «адсутнасць падстаў» расплывістая. Следчы не абгрунтаваў, што канкрэтна меў на ўвазе. Гэтую фармулёўку заўсёды выкарыстоўваюць у якасці адпіскі.

А ў выпадку з маці Юрыя Захаранкі наогул маем найгрубейшае парушэнне крымінальна-працэсуальнага кодэксу, бо ў адпаведнасці з артыкулам 50 КПК РБ пацярпелы мае права не толькі ведаць сутнасць абвінавачвання, але і мае права атрымліваць паведамлення аб прыняцці пастаноў, якія закранаюць ягоныя правы і інтарэсы, а таксама атрымліваць копіі гэтых пастаноў. Гэта - з юрыдычнага боку. А яшчэ я хацела б паглядзець на падзею з чалавечага пункту гледжання.

Рэч у тым, што нават дакумэнт аб прызнанні Ульяны Захаранкі пацярпелай следчы Вараўка прыехаў падпісваць дзіўным чынам. З'явіўся ў суправаджэнні некалькіх чалавек проста ў дом, не назваўся, напалохаў бабульку, сунуў у рукі паперу і сказаў падпісаць. Яна і падпісала. А потым спалохалася. Два месяцы 90-гадовая жанчына не спіць начамі, думаючы, што падпісала паперы, якія пазбаўляюць яе ўнукаў кватэры ў Менску. Гэта ўсё, што ў сям'і засталося ад Юрыя Захаранкі. Гэта для іх цяпер самае каштоўнае. Яны не маглі распарадзіцца гэтай кватэрай на працягу 15 гадоў, бо цывільная справа аб прызнанні генерала памерлым не скончаная. У такім становішчы ўлада наўмысна трымае сям'ю 15 гадоў.

- Чаму яна так надумала, што страціць кватэру?

- Стары чалавек. Кватэра для яе - велізарная каштоўнасць. Наогул, пагаварыўшы з Ульянай Рыгораўнай, я прыйшла ў жах: як маглі следчыя скарыстацца бездапаможнасцю самотнай жанчыны, як маглі падпісваць прамінулай датай дакумэнты? Адказ тут можа быць адзін: ім трэба было схаваць свае службовыя парушэнні. Гэта нізка. У сувязі з гэтым, калі дазволіце, я б хацела звярнуцца да следчага Вараўкі.

Спадар Вараўка! У Вас ёсць маці? У тых, з кім вы прыехалі ў вёску Васілевічы, ёсць маці? Колькі ім гадоў? Яны маюць выдатнае здароўе і бездакорную памяць? Вы не знайшлі часу нават пакінуць дакумэнт паджылай жанчыне і даступна растлумачыць, хто вы такія і якая мэта вашага візіту? На вашым месцы я б перапрасіла Ульяну Рыгораўну. Жорстка вы абышліся з бабуляй, спадзяюся, не наўмысна.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках