6 траўня 2024, панядзелак, 1:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парашэнка падпісаў закон аб санкцыях супраць Расеі

6
Парашэнка падпісаў закон аб санкцыях супраць Расеі

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў закон аб пераліку санкцый, якія можа ўвесці Украіна.

Законапраект №4453а, як паведамляецца на сайце парламента, паступіў у Раду з подпісам прэзідэнта.

Згодна з законам, спецыяльныя эканамічныя і іншыя абмежавальныя меры (санкцыі) могуць прымяняцца з мэтай абароны нацыянальных інтарэсаў, бяспекі, суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і эканамічнай самастойнасці Украіны, піша lb.ua.

Санкцыі могуць прымяняцца Украінай у адносінах да замежнай дзяржавы, юрыдычнай або фізічнай асобы - нерэзідэнтаў, а таксама да юрыдычных і фізічных асобаў, якія знаходзяцца пад іх кантролем.

Падставамі для ўвядзення санкцый будуць дзеянні замежнай дзяржавы, юр- або фізічнай асобы, рэзалюцыі Генеральнай асамблеі і Рады бяспекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, пастановы і рэгламенты Рады Еўрапейскага Звязу, факты парушэнняў Агульнай дэкларацыі правоў чалавека, статута ААН.

Да санкцый належаць замарожванне актываў, забарона дзейнасці суб'ектаў прадпрымальніцтва на тэрыторыі Украіны, забарона карыстання радыёчастотным рэсурсам, Інтэрнэтам і іншымі відамі сувязі, забарона ўдзелу ў прыватызацыі, забарона карыстання ліцэнзіямі, увядзенне поўнай або частковай забароны на транзіт усіх відаў рэсурсаў.

Таксама законам прадугледжана магчымасць уводу спецыяльных эканамічных мер, такіх як: працэдуры ліцэнзавання і кватавання, правядзенне спецыяльных відаў праверак фінансавых аперацый, прыпынак фінансавых аперацый. Акрамя таго, прадугледжваюцца такія віды санкцый, як забарона на ўезд і перамяшчэнне.

Украіна можа спыняць дзеянне гандлёвых дамоваў, сумесных праектаў і прамысловых праграм у асобных сферах, у прыватнасці ў сферы бяспекі і абароны.

Акрамя таго, да санкцый належыць забарона на перадачу тэхналогій і правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, спыненне культурных абменаў, навуковага супрацоўніцтва, адукацыйных і спартыўных кантактаў, забаўляльных праграм з замежнымі дзяржавамі і замежнымі юрыдычнымі асобамі.

Таксама ў спіс санкцый уваходзяць забароны дзейнасці партый, рухаў і іншых грамадскіх і рэлігійных арганізацый, пазбаўленне дзяржаўных узнагарод Украіны.

Да абмежаванняў таксама аднесены поўная або частковая забарона заключэння прававых актаў, якія тычацца каштоўных папер, эмітэнтамі якіх з'яўляюцца асобы, да якіх ужытыя санкцыі; забарона гандлёвых аперацый; абмежаванне і забарона ўсіх відаў фінансавых разлікаў.

Пастановы аб увядзенні санкцый будзе прымаць Рада нацыянальнай бяспекі і абароны паводле падачы Прэзідэнта, урада, Службы бяспекі Украіны ці Нацыянальнага банка Украіны, а ўводзіцца ў дзеянне яны будуць указам Прэзідэнта.

Пры гэтым калі санкцыі будуць тычыцца замежнай дзяржавы або нявызначанага пераліку асоб, то ўказ Прэзідэнта павінны будзе ўхваліць Рада.

Нагадаем, законапраект аб санкцыя быў прыняты парламентам яшчэ 14 жніўня.

Фота: Reuters

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках