6 траўня 2024, панядзелак, 1:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Супрацоўнікі «Цэнтральнага»: Заробкі ўпалі на 15-25%

4
Супрацоўнікі «Цэнтральнага»: Заробкі ўпалі на 15-25%

У сярэднім кожны стаў зарабляць на 1 мільён рублёў меней.

Учора, 9 верасня, у інтэрнэце з'явілася інфармацыя аб запланаваным на наступны дзень страйку работнікаў размешчанага ў самым цэнтры Менска ўніверсама «Цэнтральны», піша «Наша Нiва».

Супрацоўнікаў не задавальняе ўзровень заробкаў, якія стаў меншы з прыходам новага ўладальніка. Акрамя таго, ужо больш за месяц у Менску з вуснаў у вусны пераказваецца легенда, што замест універсама адкрыюць казіно і рэстаран. Што з гэтага праўда, а што не?

Сустрэча незадаволеных працаўнікоў «Цэнтральнага» з прадстаўніком новага ўладальніка пачалася сёння а 8.30. Як высветлілася, правядзенне страйку сур'ёзна ніхто не разглядаў, а 9:00 універсам пачаў працу паводле звыклага графіку.

Пасля сустрэчы з калектывам прадстаўнік новага ўладальніка пагадзіўся адказаць на пытанні журналістаў. Называць сваё імя, а таксама імя ўладальніка ён не стаў, аднак зняпраўдзіў інфармацыю ў інтэрнэце аб сувязі ягонай кампаніі з гандлёвым цэнтрам «Сакрэт» у Гомелі.

Як тлумачылі супрацоўнікі, у апошнія месяцы іх заробкі ўпалі на 15-25%. У сярэднім кожны стаў зарабляць на 1 мільён рублёў меней.

Прадстаўнік уласніка тлумачыць гэта сезонным зніжэннем даходаў - у ліпені і жніўні ў краме заўсёды менш пакупнікоў. Акрамя таго, змянілася і сістэма налічэння бонусаў. Напрыклад, раней усе работнікі ўніверсама незалежна ад аб'ёму і якасці выкананай працы атрымлівалі фіксаваную прэмію. Зараз жа кампанія пераходзіць на індывідуальную сістэму налічэння прэмій.

Паўстала пытанне і аб разадзьмутым штаце - усяго ў «Цэнтральным» працуе больш за 500 чалавек! Ніхто не хавае - незадаволеныя новай сістэмай працы могуць звальняцца. Праўда, на гэты момант заявы аб сыходзе напісалі толькі трое.

«Цэнтральны» чакаюць перамены, аднак не кардынальныя. Напрыклад, будуць пашыраныя гандлёвыя плошчы, з цягам часу будзе замененае асвятленне.

Прадстаўнік новага ўладальніка зняпраўдзіў інфармацыю аб стварэнні на месцы ўніверсама казіно і рэстарана.

А вось ад п'яных наведвальнікаў ля барнай стойкі - культавага месца ў цэнтры Менска - плануюць пазбавіцца. Выгляд такіх пакупнікоў, а таксама пах ад іх быццам бы адштурхваюць ад «Цэнтральнага» іншых наведвальнікаў.

Прадстаўнік новага ўладальніка назваў два магчымыя шляхі развязвання гэтай сітуацыі. Напрыклад, могуць быць паднятыя кошты на алкаголь у бары, каб адсеяць непажаданых кліентаў. Альбо продаж алкаголю цалкам перанясуць у гандлёвую залу, каб пакупнікі маглі ўжываць алкаголь толькі за межамі універсама.

Яшчэ некалькі гадоў таму цікавасць да «Цэнтральнаму» выяўляў «Рублёўскі». Ці збіраецца новы ўладальнік далучыцца да якой-небудзь з гандлёвых сетак? Гэта камерцыйная таямніца.

Фота: Яндекс.Панорамы

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках