5 траўня 2024, Нядзеля, 5:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пагадненне на грані

27
Пагадненне на грані

Пра што ЕЗ, Расея і Украіна дамовіліся ў Брусэлі?

Тое, што мы сёння назіраем у трохвугольніку Украіна - Расея - Захад, выглядае як складанае палітычнае супрацьстаянне на грані.

І гэтая грань можа быць гранню новага вайсковага канфлікту, эканамічнага супрацьстаяння, новай тэрытарыяльнай экспансіі Масквы - ці новага супакаення, піша ўкраінскі аглядальнік Віталь Портнікаў спецыяльна для haqqin.az.

Захад, з аднаго боку, уводзіць новыя санкцыі супраць бюджэтаўтваральных расейскіх прадпрыемстваў, такім чынам, ствараючы сур'ёзную нервовасць у вышэйшых эшалонах палітычнай і прадпрымальніцкай эліты краіны. Аб праблемах, якія могуць паўстаць у сувязі з санкцыямі, загаварылі ўжо такія сістэмныя фігуры, як Анатоль Чубайс або Герман Грэф, што дагэтуль аддавалі перавагу захоўваць маўчанне і ніяк не каментаваць пастановы кіраўніцтва краіны. Ды і сам Уладзімір Пуцін прызнае, што «антысанкцыі» Расеі можна ўводзіць толькі ў тым выпадку, калі гэта не б'е па яе эканоміцы - а ў гэтым сэнсе ў Масквы не так ужо шмат рычагоў.

З іншага боку, Захад хоча прадэманстраваць канструктыўную ўвагу да расейскай заклапочанасці што да наступстваў імплементацыі эканамічнай часткі пагаднення аб асацыяцыі ЕЗ і Украіны - і пастанова адкласці ўвядзенне ў дзеянне эканамічнай часткі пагаднення з'яўляецца вынікам гэтай дэманстрацыі.

Украіна, з аднаго боку, уводзіць супраць Расеі санкцыі і кажа пра гатоўнасць супрацьстаяць агрэсіі. А з другога - украінскае кіраўніцтва выдатна разумее абмежаванасць уласных магчымасцяў у выніку адкрытага вайсковага ўварвання Уладзіміра Пуціна. Таму прэзідэнт Пётр Парашэнка спрабуе дасягнуць вынікаў на палітычным полі.

Украінскаму прэзідэнту, нягледзячы на супрацьдзеянне Масквы, удалося наблізіцца ўжо не да даты падпісання пагаднення аб асацыяцыі, а да даты ягонай ратыфікацыі. Прычым у нязменным выглядзе, што здымае расейскія пярэчанні што да сутнасці дакумента. Парашэнка можа ўважаць, што ён дамогся кампрамісу, які спыняе адкрытае ўварванне Пуціна і які дазваляе ўкраінскай эканоміцы яшчэ больш за год праіснаваць у ільготным рэжыме стасункаў з ЕЗ.

Расея, з аднаго боку, дэманструе гатоўнасць у любы момант пачаць вайсковыя дзеянні, калі яе пажаданні не будуць ўлічвацца, а з другога - пачынае ўсведамляць усе наступствы санкцыйнай палітыкі Захаду і небяспекі вялікіх ахвяр у выпадку пачатку сапраўднай вайны з выкарыстаннем неабмежаванай колькасці вайсковых падраздзяленняў.

Але проста так адмовіцца ад сваіх амбіцый Пуцін таксама не можа. Таму тое, што з аднаго боку Расея адмовілася ад ідэі перагляду тэксту пагаднення аб асацыяцыі, а з другога пагадзілася з нейкім пераходным перыядам, які дазволіць зняць яе заклапочанасць - хай нават хутчэй прадыктаваны палітычнымі матывамі, чым эканомікай - знак калі не разважнасці, то па крайняй меры, замарожвання канфлікту.

Таму можна сказаць пакуль што толькі адно: прынятая ў Брусэлі пастанова - гэта спроба захаваць мір. Аднак яна відавочна не спадабаецца ўсім тром лагерам. Сярод еўрапейцаў будзе нямала тых, хто будзе здзіўляцца, навошта ЕЗ паступацца суверэнітэтам пад расейскім ціскам - і ўжо тым больш моцным такое меркаванне будзе сярод украінцаў.

Ды і ў расейскім палітычным кіраўніцтве, у асяроддзі Пуціна, будуць тыя, хто стане сцвярджаць, што ўкраінцы і еўрапейцы ў чарговы раз хочуць падмануць Крэмль - штосьці там адклалі, а пагадненне ратыфікавалі і будуць ціхай сапай умацоўваць армію і лінію фронту. Таму атакаваць трэба цяпер, не чакаючы!

І ў гэтай сваёй упэўненасці яны нечакана будуць знаходзіць хаўруснікаў сярод тых украінскіх палітыкаў, якія патрабуюць вайсковых дзеянняў і якія не разумеюць сэнсу саступак еўрапейцаў. Таму заключанае пагадненне і з'яўляецца пагадненнем на грані.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках