5 траўня 2024, Нядзеля, 5:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менгарвыканкам зноў закупляе посуд - за 356 тысячаў даляраў

19

Упраўленне капітальнага будаўніцтва Менгарвыканкама зноў аб'явіла таргі на пастаўку сталовага посуду. Кошт - 3,734 мільярда рублёў.

Нагадаем, з пачатку 2014 УКБ неаднаразова спрабавала закупіць посуд. Раней кошт быў на 1,2 мільярда ніжэйшы, а тавар прызначаўся для Палаца Незалежнасці. Цяпер сказана толькі, што посуд патрэбна «для камплектацыі аб'екта будаўніцтва».

11 верасня на сайце дзяржзакупак з'явіўся заказ на закупку сталовага посуду. Стартавы кошт – 3 734 577 573 рублёў (356,3 тысячы даляраў) за 1 камплект. Крыніца фінансавання - мясцовы бюджэт. Заказ на закупку посуду размешчаны ў форме перамоваў «з правядзеннем працэдуры зніжэння кошту», паведамляе finance.tut.by.

Посуд закупляецца «для камплектацыі аб'екта будаўніцтва УКБ Менгарвыканкама». На момант напісання матэрыялу не ўдалося даведацца, які менавіта гэта аб'ект.

Нагадаем, у першы раз тэндэр на пастаўку сталовага посуду УКБ Менгарвыканкама абвясціў яшчэ 10 студзеня 2014 г. Тавар прызначаўся для Палаца Незалежнасці - новай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі.

Першапачаткова ў аўкцыённых дакументах было пазначана, што большая частка посуду павінна быць вытворчасці нямецкай фірмы Falken-Porzellan. Кошт сервіза ад гэтага вытворцы можа дасягаць 3,5 тысячы даляраў. 12 лютага тэндэр быў скасаваны з нагоды «ўзнікнення неабходнасці ўнясення зменаў у прадмет дзяржаўнай закупкі».

Напрыканцы сакавіка таргі былі абвешчаныя паўторна. Вытворца не удакладняўся, затое быў названы кошт - 2,548 мільярда рублёў. Таргі не адбыліся, і заказы на закупку посуду ад УКБ Менгарвыканкама з'яўляліся зноў і зноў.

Першапачаткова было пазначана, што посуд набываецца для «аб'екта будаўніцтва «Адміністрацыйны будынак на тэрыторыі ў межах вул Арлоўскай - пр Пераможцаў - р Свіслач» (так Палац Незалежнасці называецца ў афіцыйных дакументах). У апошніх замовах было напісана толькі «для аб'екта будаўніцтва». Акрамя таго, амаль на 1,2 мільярда вырас стартавы кошт: яшчэ ў ліпені ён складаў 2,548 мільярда, а ў верасні ўжо 3,734 мільярда рублёў.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках