5 траўня 2024, Нядзеля, 10:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі робяць бізнэс у абыход расейскіх санкцый

4
У Беларусі робяць бізнэс у абыход расейскіх санкцый

Харчовыя санкцыі супраць Захаду вымусілі гульцоў на расейскім рынку шукаць выхад з сітуацыі, якая склалася.

Самым кемлівым і хуткім у гэтай справе стаў адзін з найбуйнейшых расейскіх перапрацоўшчыкаў рыбы - маскоўская кампанія «Мерыдыян», пішуць «Беларускія навіны».

Раней яна закупляла сыравіну ў Нарвегіі, але цяпер са зразумелых прычын не можа рабіць гэтага.

«У сувязі з санкцыямі да нас звярнулася кампанія «Мерыдыян». На сённяшні дзень ім немагчыма прывозіць сыравіну, а Беларусь не трапіла пад гэтыя санкцыі. І яны прапанавалі сумесны праект у мадэрнізацыі нашай базы», - распавядае сузаснавальнік беларускай кампані «Чызмастэр» Зміцер Георгіеў.

Яго фірма знаходзіцца ў вёсцы Галынец Магілёўскага раёна. Яна ўжо паўтара года працуе ў Беларусі, перапрацоўвае ў суткі 2,5-3 тоны рыбы і прадае на айчынным рынку.

Аднак цяпер яе справы пайшлі ўгару. Кампанія ўклала кантракт куплі-продажу з прадстаўленнем магутнасцяў з «Мерыдыянам» і плануе значна нарасціць аб'ёмы вытворчасці і прыбытак.

Паводле дамовы «Мерыдыян» паставіў на «Чызмастэр» вытворчую лінію перапрацоўкі ласося і стронгі. Пастаўленая лінія можа прапусціць праз сябе 38 тон рыбы ў дзень.

Нядаўна «Чызмастэр» атрымаў ліцэнзію на ўвоз сыравіны з Нарвегіі. Да канца гэтага года кампанія плануе імпартаваць 2,4 тысячы тон рыбы. Частка сыравіны будзе паступаць з Расеі. Кожны тыдзень у новым цэху плануецца перапрацоўваць 120 тон рыбы.

«Цяпер мы вырабляем гатовы прадукт пад іх гандлёвую марку. Яны выступаюць заказчыкамі гэтага прадукту», - кажа Зміцер Георгіеў.

У Расеі «Мерыдыян» мае гарантаваную сетку збыту. Яны працуюць з такімі гандлёвымі сеткамі як Auchan, Metro, «Магніт», «Сёмы кантынент» і «Перакрыжаванне». Кожны дзень у Расею будзе сыходзіць цэлая фура з гатовай прадукцыяй. Частка рыбы будзе пастаўляцца на беларускі рынак.

Як адзначае начальнік галоўнага ўпраўлення замежнаэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў, наша краіна толькі выйграе ад такіх інвестыцый.

Па-першае, на вытворчасці створана 30 новых працоўных месцаў. Па-другое, у беларускую казну паступяць дадатковыя сродкі ад падаткаў.

«Рыба да нас увозіцца, тут праходзіць мытныя працэдуры, паступаюць грошы ў бюджэт краіны. У нас сыравіна перапрацоўваецца ў гатовую прадукцыю, ёсць гарантаваны збыт, плацяцца падаткі ў бюджэт», - кажа Аляксей Багданаў.

З ягоных слоў, калі ў «Мерыдыяна» ў Беларусі ўсё атрымаецца, то ён і далей гатовы інвеставаць у развіццё вытворчасці.

«Калі ў нас добра складзецца супрацоўніцтва, то яны гатовыя разглядаць праекты ў развіцці асартыменту і павелічэнню магутнасцяў», - дадае Зміцер Георгіеў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках