5 траўня 2024, Нядзеля, 7:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэмль звязаў рост коштаў у Расеі з «падаражаннем кармоў»

15
Крэмль звязаў рост коштаў у Расеі з «падаражаннем кармоў»

Памочнік Пуціна знайшоў прычыну падвышэння коштаў.

Андрэй Белавусаў заявіў, што рост коштаў на прадукты на расейскім рынку звязаны не з увядзеннем харчовага эмбарга на шэраг прадуктаў заходніх краін, а з «падаражаннем кармоў». Пра гэта Белавусаў заявіў у праграме «Вести в субботу» на канале «Россия 1».

Белавусаў прызнаў, што кошты на расейскім рынку «сапраўды падраслі», аднак падкрэсліў, што «гэта ніякага дачынення да антысанкцый не мае». Са слоў Белавусава, кошты «падраслі яшчэ да таго, як мы гэта ўсё (харчовыя санкцыі) увялі», піша РБК.

Белавусаў адзначыў, што падаражанне кармоў, у сувязі з якім падаражэлі прадукты на расейскім рынку, адбылося «з мінулым і пазамінулым ураджаем».

З нагоды магчымых далейшых санкцый, якія можа ўвесці Расея ў дачыненні да ЕЗ, Белавусаў заявіў, што ўлады ўжо распрацавалі «розныя меры - ад самых мяккіх да самых жорсткіх». Белавусаў адзначыў, што ў Расеі падрыхтаваныя меры ў адказ на ўсе магчымыя санкцыі ЕЗ - «ад самых дробных да санкцый іранскага ўзору».

Раней Белавусаў заяўляў, што ў адказ на другі пакет санкцый ЕЗ Расея можа абмежаваць імпарт аўтамабіляў і некаторых тавараў лёгкай прамысловасці. Кіраўнік Мінэканамразвіцця Аляксей Улюкаеў 12 верасня дадаў, што новыя меры ў адказ на санкцыі могуць закрануць таксама пастаўкі лядоўняў і прадуктаў нафтахіміі.

Першым адказам Расеі на заходнія санкцыі стала ўвядзенне 7 жніўня эмбарга тэрмінам на 1 год на шэраг тавараў з Еўропы, Канады, ЗША і Нарвегіі. Забарона закранула пастаўкі ялавічыны, свініны, плодаагародніннай прадукцыі, мяса птушкі, сыроў, малака і малочных прадуктаў. Масква мае намер замясціць забароненую сельгаспрадукцыю таварамі з Лацінскай Амерыкі і Азіі.

Паводле вынікаў жніўня прадуктовая інфляцыя на расейскім рынку склала 10,3%. Лідарамі росту коштаў сталі мяса і птушка (выраслі ў цане на 2,5% у параўнанні з ліпенем). У пачатку верасня цэны працягнулі расці - астуджаныя куры падаражэлі на 1%, свініна - на 0,8%, сыры - на 0,6%, рыба і ялавічына - на 0,3%. Агуркі сталі даражэйшымі на 4,9%, яблыкі выраслі ў цане на 0,2%. З пачатку года рост коштаў склаў ужо 5,8%.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках