5 траўня 2024, Нядзеля, 1:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суддзя з Гомеля адмовілася весці працэс па-беларуску

14
Суддзя з Гомеля адмовілася весці працэс па-беларуску

Працэс паводле справы актывіста Андрэя Цянюты супраць Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта перанесены.

Суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Вольга Казлова, якая разглядае пазоў актывіста «Маладога фронту» да рэктарату, перанесла суд на 16 верасня праз тое, што пазоўнік запатрабаваў весці працэс па-беларуску ці даць перакладчыка. Андрэй Цянюта абскарджвае ў судзе незаконнае, на яго погляд, адлічэнне з ВНУ.

У судзе актывіст адразу заявіў хадайніцтва, каб яго справа вялося на беларускай мове. Суддзя не пагадзілася: у краіне дзве дзяржаўныя мовы і справаводства ў судах вядзецца на расейскай. Тады маладафронтавец запатрабаваў перакладчыка, бо яго родная мова - беларуская.

Цянюта разглядае сваё адлічэнне з ВНУ як палітычна матываванае. «Я падаў скаргу ў суд на свой універсітэт ім. Францыска Скарыны, з якога я быў адлічаны за два адміністрацыйныя спагнанні. Яны спасылаюцца на Кодэкс аб адукацыі. Але гэта палітычны пераслед, калі студэнта адлічваюць цалкам палітычна матывавана», - заявіў ён.

Андрэй Цянюта вучыўся на трэцім курсе завочнага факультэта па спецыяльнасці «правазнаўства». Вучыўся на платнай аснове. Не здадзеных залікаў і экзаменаў ў яго не было. Меў толькі ў апошні час два адміністрацыйныя спагнанні за грамадскую і палітычную дзейнасць. За распаўсюд антыалкагольных улётак і нібыта за тое, што лаяўся матам на пустой вуліцы. Апошняе затрыманне было перад пачаткам чэмпіянату свету ў хакеі ў Менску, калі актывістаў «зачышчалі» і ў іншых рэгіёнах краіны:

«Гэта, хутчэй за ўсё, замаўляе ўлада ці, магчыма, Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Проста хочуць выціснуць з Беларусі», - мяркуе маладафронтавец.

Кіраўнік рэгіянальнай структуры «Прававая ініцыятыва», юрыст Леанід Судаленка, якога Цянюта ў суд запрасіў як прадстаўніка грамадскасці, кажа, што ні Кодэкс аб адукацыі, ні правілы ўнутранага распарадку ўніверсітэта не ўтрымліваюць патрабаванні адлічваць студэнта за адміністрацыйныя парушэнні. «Калі суд дапусціць мяне прадстаўніком грамадскасці, я буду казаць пра гэта: няма ва ўніверсітэта прычын адлічваць Цянюту, спыняць яго вучобу. Тым больш што ён - студэнт-завочнік, вучыцца за свой кошт», - адзначыў ён.

На судзе прысутнічаў і праваабаронца, дацэнт універсітэта ім. Францыска Скарыны Віктар Адзіночанка. «Кажу цяпер менавіта як выкладчык гэтага ўніверсітэта. Ініцыятыва на адлічэнне Цянюты - гэта не ініцыятыва ўніверсітэта. Ні рэктару, ні дэкану завочнага факультэта гэтае адлічэнне не патрэбна. Натуральна, што ўніверсітэт будзе абараняць сваю пазіцыю, але гэта не яго пазіцыя. У нас ёсць жорсткая ўстаноўка, каб студэнтаў, асабліва завочнікаў, якія плацяць за сваю адукацыю, не адлічваць. Толькі калі ён сам напіша заяву», - заявіў Адзіночанка.

Афіцыйны прадстаўнік універсітэта Валерый Недаступ сваю пазіцыю ў судзе пакуль не выказваў, бо разгляд справы перанесены. Вядомая толькі пазіцыя Міністэрства адукацыі, куды звяртаўся Цянюта. Першы намеснік міністра Вадзім Богуш адказаў студэнту-завочніку, што адлічаны той на законнай падставе.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках