3 траўня 2024, Пятніца, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Віцебску прэзентавалі кнігу Алеся Бяляцкага «Іртутнае срэбра жыцця»

2

Аўтар прыехаў у Віцебск разам са складальніцай кнігі Аленай Лапцёнак.

На сустрэчы ў «Еўрапейскім клубе» яны распавялі гісторыю стварэння зборніка эсэ, напісаных у зняволенні ў Бабруйскай калоніі, куды аўтар трапіў за праваабарончую дзейнасць, піша ПЦ «Вясна».

Кніга «Іртутнае срэбра жыцця. Пралог. Нататкі праваабаронцы» прысвечаная праваабарончаму беларускаму і міжнароднаму руху, а таксама падзеям 2010 года ў Беларусі. У выданне ўвайшлі лісты з успамінамі і разважаннямі, апісаныя працоўныя будні, а таксама падзеі, якія папярэднічалі арышту праваабаронцы, міжнародныя паездкі.

У час сустрэчы Алесь Бяляцкі распавёў, што магчымасць пісаць гэтую кнігу істотна падтрымлівала яго ў турме: хоць часу на творчасць было няшмат, але сістэматызацыя падзей, якія адбыліся пасля выбараў 2010 года, дапамагала яму засяродзіцца на рэчах, больш істотных для праваабаронцы, чым турэмны побыт. Алена Лапцёнак паведаміла, свае нарысы Алесь Бяляцкі накіроўваў на свабоду ў выглядзе лістоў, і ўжо потым іх рыхтавалі да друку. Фактычна макет кнігі быў гатовы да канца 2013 года, але выдаць яе так хутка не ўдалося. Першую прэзентацыю зборніка эсэ планавалі арганізаваць сёлета ў чэрвені, і вялікай радасцю для сяброў і паплечнікаў стала тое, што аўтар 21 чэрвеня выйшаў на волю.

Як распавёў Алесь Бяляцкі, за час зняволення - амаль за 3 гады - ён атрымаў 40 тысяч лістоў ад сваіх аднадумцаў. Сярод тых, хто перапісваўся з былым палітвязнем, быў і гарадоцкі актывіст Леанід Гаравы. На прэзентацыю кнігі ён прыехаў таксама, і не з пустымі рукамі: прывёз слоік марынаваных грыбоў, згадаўшы, што ў адным з лістоў Алесь Бяляцкі пісаў пра тое, як хацелася б яму пахадзіць з кошыкам па грыбным лесе...

Прэзентацыя кнігі прайшла ў цёплай сяброўскай абстаноўцы, ахвотныя задавалі пытанні праваабаронцу, кожны прысутны атрымаў зборнік «Іртутнае срэбра жыцця» ў падарунак, і аўтар з задавальненнем раздаваў аўтографы старым і новым віцебскім сябрам.

А ў канцы сустрэчы Алеся Бяляцкага папрасілі падпісаць плакат з уласным партрэтам і надпісам «Чакаем на волі», які вісіць у «Еўрапейскім клубе». Замест подпісу праваабаронца напісаў чырвоным маркерам усяго адно слова - «Вольны!» І сфатаграфаваўся на памяць аб гэтай віцебскай сустрэчы.

«Іртутнае срэбра жыцця. Пралог. Нататкі праваабаронцы» - гэта другая кніга Бяляцкага, якая выйшла за час ягонага зняволення. Першая - «Асвечаныя Беларушчынай», за якую праваабаронцу 13 траўня ўзнагародзілі прэміяй імя Алеся Адамовіча. Рыхтуецца да выдання зборнік ягоных публіцыстычных твораў «Халоднае крыло Радзімы».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках