3 траўня 2024, Пятніца, 7:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску развіталіся з Пятром Марцавым

5

Каля ста чалавек прыйшлі развітацца з журналістам і выдаўцом Пятром Марцавым.

Прыйшлі ягоныя калегі па журналісцкаму цэху, у тым ліку, з закрытых газет «БДГ», «Імя», палітыкі, грамадскія актывісты, інтэлігенцыя. Сярод вянкоў і букетаў, якія прынеслі людзі, вылучаліся бел-чырвона-белыя колеры, паведамляе «Радыё Свабода».

Сваякі Марцава папрасілі не здымаць цырымонію, выступленняў ля труны таксама не было. Калі вынеслі труну, частка людзей спявалі рэлігійны гімн «Магутны Божа», іншыя апладзіравалі, як прынята пры развітанні з творчымі асобамі.

Пасля крэматорыя прах Марцава пахаваюць па Паўночных могілках.

Выдавец незалежнай прэсы Пётр Марцаў памёр на 53-м годзе жыцця ад вострага лейкозу.

***

Марцаў Пётр Паўлавіч нарадзіўся 14 красавіка 1962 года ў горадзе Менску.

Вучыўся ў СШ №4 Менска.

Выпускнік філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1984).

У 1984 - 1986 гг. працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школе рабочай моладзі №19 Менска. У 1986 - 1988 гг. працаваў карэспандэнтам, старэйшым рэдактарам у Беларускім тэлеграфным агенцтве (БелТА). Вымушаны быў звольніцца пасля свайго ўдзелу ў мітынгах ля Усходніх (Маскоўскіх) могілак і ў Курапатах. Быў загадчыкам аддзела часопіса «Ветразь» (1989 - 1990), уласным карэспандэнтам штотыднёвіка «Коммерсант» у Беларусі, дырэктарам карпункта «Коммерсант» і агенцтва «Пастфактум» (1991 - 1993).

У 1992 пачаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю: выдаваць газету «Біржы і банкі: Беларуская дзелавая газета» (з 1999 - «Беларуская дзелавая газета»), штотыднёвік «Імя» (1995 - 1999).

З 1997 года - прэзідэнт ЗАТ «Беларуская дзелавая газета», галоўны рэдактар «Беларускай дзелавой газеты».

У 1997 годзе стаў адным з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя'97».

З 2002 года - генеральны дырэктар УП «Марат», выдавец «Беларускай дзелавой газеты» і «БДГ. Для службовага карыстання».

У сакавіку 2006 года выхад «Беларускай дзелавой газеты» прыпынены ў сувязі з забаронай на яе друк у беларускіх друкарнях і распаўсюджванне праз РУП «Белпошта» і «Белсаюздрук».

Прадзюсер і адзін з аўтараў сцэнарыя дакументальнага фільма «Звычайны прэзідэнт» (1996 г). (Прэмія Міру Берлінскага кінафестывалю, 1997 г)

Уваходзіў у дваццатку самых уплывовых прадстаўнікоў мас-медыя краін СНД (2001).

Узнагароды: Ганаровы дыплом Беларускай асацыяцыі журналістаў «За зацвярджэнне свабоды слова ў Беларусі».

Фота: baj.by

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках