19 сакавiка 2024, aўторак, 10:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы следчы пракуратуры: Шмат хто ў органах ведае праўду пра выкраданні

58
Былы следчы пракуратуры: Шмат хто ў органах ведае праўду пра выкраданні

Яны збіраюць інфармацыю і чакаюць свайго часу.

Увечары 16 верасня 1999 года лідар беларускай апазіцыі Віктар Ганчар і ягоны сябар бізнэсовец Анатоль Красоўскі выйшлі з лазні ў цэнтры Менска і бясследна зніклі. На месцы здарэння былі знойдзеныя аскепкі шкла і кроў. Экспертыза высветліла, што аскепкі - ад джыпа Красоўскага, а кроў належыць Ганчару. Выкрадальнікі не былі ўстаноўленыя.

У чэрвені 2001 года супрацоўнікі пракуратуры Дзмітрый Петрушкевіч і Алег Случак заявілі аб дачыненні буйных чыноўнікаў і кіраўнікоў сілавых структур Беларусі да выкраданняў лідараў апазіцыі і шэрагу іншых цяжкіх злачынстваў. Абодва супрацоўніка эмігравалі ў ЗША, дзе атрымалі палітычны прытулак.

Сёння, у гадавіну знікнення Ганчара і Красоўскага, былы следчы Алег Случак адказвае на пытанні сайта charter97.org.

- Алег, прайшло 15 гадоў з дня выкрадання Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. У бліжэйшы час улады маюць намер афіцыйна зачыніць расследаванне гэтых спраў. У 2001 годзе вы разам са сваім калегам Дзмітрыем Петрушкевічам адкрылі страшную праўду: за выкраданнямі вядомых людзей у Беларусі стаяць высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі. У краіне дзейнічаюць «эскадроны смерці». За столькі гадоў многія забыліся пра вашы сенсацыйныя паказанні. Давайце нагадаем, што вы тады распавялі.

- Пасля рэферэндуму 1996 сакратаром Савета бяспекі Беларусі Віктарам Шэйманам было дадзена даручэнне камандуючаму ўнутранымі войскамі Юрыю Сівакову стварыць каманду, якая змагла б выконваць любыя даручэнні, аж да забойства. Сівакоў даручыў свайму падначаленаму афіцэру брыгады спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў Дзмітрыю Паўлічэнку падабраць людзей для выканання спецаперацый.

Была створана група, у якую ў розны час уваходзілі былыя спецназаўцы Ігнатовіч, Гуз, Малік, Савушкін, а таксама 5-6 чалавек, не ўстаноўленых следствам. Групу ўзначальваў Паўлічэнка. Гэтай групе было загадана адпрацаваць схему выкрадання, забойства, а затым пахавання трупаў. Схема павінна была выключаць магчымасць выяўлення целаў. Фактычна гэта было заданне распрацаваць схему «ідэальнага забойства», бо калі няма трупа, то няма злачынства.

Пры забойствах для выключэння апазнання ў выпадку выяўлення трупаў наважылі выкарыстаць пісталет, які немагчыма было пасля апазнаць - пісталет, якім у Рэспубліцы Беларусь прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. Гэты пісталет даваўся Паўлічэнку на адзін-два дні, а пасля выканання замовы вяртаўся на месца.

Пасля распрацоўкі дэталёвай схемы «ідэальнага забойства» і ўхвалення вышэйшай уладай групе было даручана апрабаваць гэтую схему на крымінальных аўтарытэтах. Першым прапаў беларускі «злодзей у законе» Шчаўлік. Затым знікаюць менш буйны «аўтарытэт» Маманцёнак і іншыя крымінальныя аўтарытэты, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі. Тады ж у крымінальных колах сталі хадзіць чуткі пра тое, што ўладай была створаная група, якая займаецца выкраданнямі і забойствамі.

Пасля знікнення вышэйзгаданых асоб шуму ніхто не падняў. Гэтую схему палічылі ідэальнай і групе сталі даручаць яшчэ больш сур'ёзныя «замовы» - палітычныя. Знікае былы міністр унутраных спраў Юры Захаранка, затым Віктар Ганчар з Анатолем Красоўскім, потым журналіст Зміцер Завадскі.

Усе ўказанні на правядзенне аперацый паступалі да Паўлічэнкі непасрэдна ад Сівакова. Сівакоў атрымліваў іх ад Шэймана. Пасля адстаўкі Сівакова група перайшла пад поўны кантроль новага міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава.

Следства ў справах зніклых людзей актывізавалася восенню 2000 года. 23 лістапада быў арыштаваны камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка. Яго арышту папярэднічалі рапарты начальніка СІЗА №1 Алега Алкаева - аб канфіскацыі расстрэльнага пісталета напярэдадні знікненняў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, - і начальніка Галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі МУС Мікалая Лапаціка - пра тое, што ўсе зніклыя забітыя (са згадваннем датычных да гэтага асоб) і месцы іх пахавання (спецучастак магіл на Паўночных могілках).

Аднак у СІЗА Паўлічэнка правёў усяго некалькі гадзін. Ён быў выпушчаны паводле асабістага распараджэння Лукашэнкі. Праз некалькі дзён сваіх пасадаў пазбавіліся генеральны пракурор Алег Бажэлка і старшыня КДБ Уладзімер Мацкевіч.

- З усіх названых вамі кіраўнікоў «эскадронаў смерці» ва ўладзе застаецца толькі Шэйман. Чым вы тлумачыце яго непатапляльнасць?

- Шэйман неаднаразова даказаў сваю незаменнасць і адданасць Лукашэнку. Кім бы ён ні быў сёння, якія б пасады ні займаў, усе рычагі ў яго засталіся. Таксама не выключана наяўнасць у Шэймана сур'ёзнага кампрамату на свайго гаспадара.

Яму ж загады аддавалі? Аддавалі. Усё гэта можа быць запісана. Хто яго ведае. Пакуль яго ў камеру не пасадзіш, ён жа нічога не раскажа...

- Вам вядома, чым сёння афіцыйна заняты Паўлічэнка?

- Не, не вядома. Вядома, кавалак хлеба яму даюць зарабляць. Трымаюць побач, каб не асабліва размаўляў.

- Калі менавіта Паўлічэнка ачоліў «эскадроны смерці», ці можа ён сысці «на супакой»?

- Гэта наўрад ці. Такія нелюдзі на «супакой» не сыходзяць. Бо пасля яго вызвалення з СІЗА КДБ у 2000 годзе ён не раз паўтараў, што і ў далейшым гатовы выканаць любы загад прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі...

- Забойства заснавальніка сайта charter97.org Алега Бябеніна - іх рук?

- Як вы самі сказалі, непатапляльны адзін застаўся, ды выканаўцы не ўсе засвяціліся тады.

Адназначна, што Алега павесілі. Хто гэта зрабіў? Каму выгадна было? Ім. Хто быў выканаўцам? Не ведаю. Але прыйдзе час, будуць зададзеныя пытанні, і яны ўсё раскажуць.

- Міжнароднае расследаванне і рэзананс у свеце прымусілі «эскадроны смерці» дзейнічаць інакш?

- Почырк той жа: няма чалавека - няма праблемы. З ранейшымі метадамі - выкраданнямі і забойствамі - яны пракалоліся, таму навошта паўтараць тое ж самае. А пад самазабойства лягчэй за ўсё падбудаваць. Але з Бябеніным яны ўсё так бяздарна зрабілі, што наводзіць на падазрэнні, што дзейнічалі тыя ж самыя людзі.

І снежаньскія падзеі 2010 года паказалі, што «эскaдроны» нікуды не дзеліся, а іх удзельнікі, хутчэй за ўсё, тады кіравалі разгромам дэманстрантаў, выкраданнем і збіццём кандыдатаў у прэзідэнты.

А палітычнае поле Беларусі і так ужо «зачышчанае». Хто не з'ехаў, той альбо сядзіць, альбо толькі выйшаў і зноў скора сядзе. Астатнія альбо робяць выгляд, што яны «палітычнае поле», альбо працуюць на рэжым.

- Шмат каго з тых, каго называлі выканаўцамі палітычных забойстваў, - былых спецназаўцаў Ігнатовіча, Маліка, Гуза, Савушкіна, Васільева - схавалі за краты паводле абвінавачвання ў злачынствах крымінальнага характару. Цяжар злачынстваў такт, што іх маглі прысудзіць да смяротнага пакарання. Чаму не расстралялі, бо тады б усе канцы ў ваду?

- Калі б суд быў цяпер, то дакладна б расстралялі, а тады яны проста не ведалі, што рабіць. Вучыліся яны тады, маладыя яшчэ былі.

Хаця мы не ведаем, ці жывыя гэтыя спецназаўцы? Хто ведае, дзе ўсе гэтыя Малікі і Савушкіны? Яны ў турме наогул сядзяць? Або выйшлі даўно? Ніхто ж не ведае адназначна, дзе яны.

- Ну вось, апошнія навіны пра Ігнатовіча. Яго бацька сцвярджае, што той сёння памірае ў турме: амаль аслеп, практычна цалкам не рухаецца, але кожны дзень заяўляе, што не вінаваты.

- Не ведаю, што цяпер адбываецца з Ігнатовічам, але рыдлёўку са слядамі біялагічнага рэчыва Дзмітрыя Завадскага знайшлі ў багажніку яго аўтамабіля. Ён жа «адмарозак», адчуваў поўную беспакаранасць, таму і не палічыў патрэбным схаваць.

- Чаму іх наогул трэба было хаваць за краты? Старыя правераныя «кадры» заўсёды лепшыя за новых.

- Але іх жа злавілі. І ў пракуратуры, і ў міліцыі заўсёды ёсць і будуць нармальныя людзі. Усім рот не заткнеш.

Гэта толькі Паўлічэнку выпусцілі паводле загада Лукашэнкі. Ён быў сувязным звяном, а гэтыя - пешкі, выканаўцы.

Проста, пасля таго, як Шэйман стаў генеральным пракурорам, справы аб знікненні і забойствах былі спушчаныя на тармазах і ўзятыя пад поўны кантроль. Больш не магло адбыцца таго, што адбылося пры Бажэлку, калі арыштавалі Паўлічэнку. Таму пасля з пракуратуры прыбралі следства.

Да таго ж трэба было супакоіць міжнародную грамадскасць. Для гэтага і пасадзілі пешак.

- Людзі, якія займаліся расследаваннем дзейнасці «эскадронаў», паміралі вельмі дзіўнай смерцю. Следчы С.Байкава, якая пачынала расследаванне на пачатковай стадыі, оперупаўнаважаны КДБ С.Наркевіч, які даваў у пракуратуру матэрыялы аператыўных распрацовак, а таксама М.Снягір, які займаў у той час пасаду намесніка генпракурора, у свой час былі асуджаныя паводле крымінальных артыкулаў да розных відаў пакарання. А.Ткачэнка, які ўзначальваў ААЦ, загінуў пры дзіўных абставінах. Гэта значыць з сілавікамі распраўляюцца, як і апазіцыянерамі?

- Так. У пракуратуры гэта пачалося яшчэ, калі мы з Дзмітрыем Петрушкевічам працавалі. Людзі пачалі паміраць. На працягу двух тыдняў памерлі ад сардэчнага прыступу двое маладых хлопцаў. Потым сведка памёр. Узнікла адчуванне, што пачалася канкрэтная «чыстка», таму мы наважылі бегчы.

Байкова і Снягір, думаю, сталі ахвярамі барацьбы кланаў у пракуратуры. З нагоды Ткачэнкі... Памятаю гэтую гісторыю, хоць было вельмі мала інфармацыі. Загінуў ён у аварыі на Машэрава, хавалі ў закрытай труне. Дзіўная гісторыя.

Шкада, што ніхто больш нічога і не кажа. Баяцца! Усю праўду пра гэтыя падзеі мы даведаемся пасля змены рэжыму і правядзення ўсебаковага незалежнага расследавання яго дзейнасці, і кожны, хто мае дачыненне, будзе прыцягнуты да адказнасці.

- Пасля публікацыі вашых паказанняў сведак у 2001 годзе адзін высокапастаўлены супрацоўнік КДБ на ўмовах ананімнасці, вядома, пацвердзіў charter97.org вашы паказанні. Што ім рухала?

- Як я ўжо казаў, у органах ёсць нармальныя людзі. Многія ведаюць праўду, але не гатовыя пакуль сказаць, чакаюць свайго часу.

Хто-небудзь з іх падзяліўся сваімі ведамі праз нас. Мы ж не ўсе самі даведаліся - былі людзі, якія нам дапамагалі. Цяпер з імі сувязі няма, бо пасля нашага ад'езду такі «шухер» быў у пракуратуры, што словамі не апісаць...

- Многія з галоўных фігурантаў гэтай гучнай справы аддаюць перавагу сёння пражываць у Расеі. І Навумаў, і Бажэлка, і Мацкевіч знаходзяцца ў Маскве. Ці значыць гэта, што сёння ў кіраўніцтва РФ ёсць стоадсоткавы кампрамат на Лукашэнку, і гэта дазваляе трымаць яго на вельмі кароткім ланцужку?

- Хоць гэта і адна гоп-кампанія, але кампрамат ёсць адназначна.

- Што б вы сказалі супрацоўнікам міліцыі, якія сёння ўчыняюць або пакрываюць злачынства?

- Вучыце гісторыю. За ўсё прыйдзецца адказваць. Той, хто моўчкі пакрывае, будзе разбірацца са сваім сумленнем, а тыя, хто актыўна ўдзельнічаюць у злачынствах, абавязкова будуць пакараныя.

Звяртаюся да былых калегаў. Калі цяпер сказаць не можаце, збірайце інфармацыю. Усё потым спатрэбіцца.

Няхай сёння, праз 15 гадоў, яны будуць закрываць справы аб знікненнях. Але расследаванне абавязкова будзе адноўленае пасля змены ўлады.

Нацыстаў вось ловяць да гэтага часу. Гэта чакае і Беларусь. Ніхто не будзе забыты.

- Не шкадуеце, што распавялі праўду? Бо вы рызыкавалі жыццём.

- Я больш не думаю на гэтую тэму. Трэба было гэта зрабіць. Калі не ты, то хто?

Напісаць каментар 58

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках