27 красавiка 2024, Субота, 5:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзень салідарнасці ў Менску

4

Вечар памяці выкрадзеных палітыкаў і грамадскіх дзеячаў адбыўся ў Менску.

Ён прайшоў 16 верасня - у дзень 15 гадавіны з дня знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага ў офісе Партыі БНФ. Як стала вядома charter97.org, на мерапрыемстве, арганізаванай грамадзянскай кампаніяй «Еўрапейская Беларусь», прысутнічалі вядомыя праваабаронцы, юрысты, пісьменнікі, былыя палітычныя зняволеныя і грамадскія актывісты. Адразу ж пасля свайго суда на сустрэчу прыехаў гамяльчанін Юры Рубцоў. Была на вечары і мама Дзмітрыя Завадскага - Вольга Завадская.

Вечар адкрыла актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Юлія Сцяпанава. Ва ўступным слове яна нагадала пра падзеі 15 гадовай даўніны, а затым падала слова каардынатару кампаніі Максіму Вінярскаму.

«Эскадрон смерці пачаў не з палітычных лідэраў, тэхналогію «знікненняў» пачалі адпрацоўваць з крымінальных аўтарытэтаў, - нагадаў ён. - Калі б грамадзянская супольнасць з самага пачатку звярнула ўвагу на гэтыя інцыдэнты, магчыма, трагедыі можна было пазбегнуць. Менавіта тое, што тады беларусы масава выходзілі на акцыі памяці дазволіла спыніць такія «знікненні». Цяпер тыя, хто ўчыніў гэтыя злачынствы, мяркуюць што яны ў бяспецы, але ім варта памятаць пра тое, што рана ці позна за такія злачынствы давядзецца адказваць як выканаўцам, так і арганізатарам. Вопыт Аргенціны, Чылі і іншых краін, дзе здаралася падобнае, паказвае, што беспакараным застацца не атрымаецца. Раней ці пазней справядлівасць пераможа»

Дырэктарка «Беларускага дакументацыйнага цэнтра» Раіса Міхайлоўская распавяла, якая праца праводзіцца цяпер праваабаронцамі.

«Сёння мы можам упэўнена сказаць, што 15 гадоў следства займаецца ўтойваннем як матэрыялаў расследавання, так і ягоных вынікаў, - падкрэсліла яна. - Усе гэтыя гады з сваякамі - пацярпелымі ў справе - не праводзілі ніякіх следчых дзеянняў. Яны не дапускаюцца да азнаямлення з матэрыяламі расследавання, яны не ведаюць, у якой стадыі знаходзяцца крымінальныя справы. Следчы Вараўка, які вядзе ўсе гэтыя справы, пасля двух скаргаў у Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт, прызнаў пацярпелай у справе маці Юрыя Захаранкі - Ульяну Рыгораўну. БДЦ ад імя Ульяны і Алены Захаранкі падрыхтаваў і адправіў у красавіку гэтага года скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН. Хадайніцтва Ірыны Красоўскай аб аб'яднанні крымінальных спраў той жа следчы Вараўка не задаволіў, мяркуючы, што для гэтага няма падстаў. 4 верасня гэтага года з падобным хадайніцтвам звярнуліся ў СК і Святлана Завадская з Ульянай Захаранка. Адказу пакуль яны не атрымалі».

Адзін з самых вядомых юрыстаў Беларусі, старшыня юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэта Гары Паганяйла распавёў аб мала вядомых фактах.

«У красавіку 1999 года ў нетрах КДБ, Савета бяспекі, магчыма, пры асабістым удзеле Лукашэнкі быў падрыхтаваны дакумент аб барацьбе з апазіцыяй, - паведаміў ён. - Гэта быў дакумент пад грыфам «цалкам сакрэтна». Але ён стаў здабыткам галоснасці. У ім наўпрост ставілася пытанне аб барацьбе з апазіцыяй. Ішла гаворка пра раскол партый, паўсюднае сачэнне, «праслухоўку», падрыхтоўваліся меры ў тым ліку і для фізічнай ліквідацыі лідэраў апазіцыі такіх як Ганчар, Пазняк і іншыя. Датычнасць беларускага рэжыму да згубы або забойстваў Завадскага, Ганчара, Красоўскага і Захаранкі, а таксама іншых беларускіх грамадзян пацверджана шматлікімі фактамі, і прамымі і ўскоснымі, і раскрыць гэтую справу можна за некалькі тыдняў. Але для гэтага патрэбна палітычная воля, і, на жаль, яе пакуль няма і быць не можа, бо ўсе ведаюць, хто стаіць за гэтымі злачынствамі. Нам прыйдзецца чакаць, пакуль у нашай краіне зменіцца рэжым. У гэтых выпадках мы маем справу з пазасудовым пакараннем смерцю, што ставіцца да злачынстваў супраць чалавецтва, і гэта не мае тэрміну даўніны».

Пасля афіцыйнай часткі адбылося выступленне вядомага беларускага барда Андрэя Мельнікава і першага беларускага палітычнага зняволенага, паэта Славаміра Адамовіча. А потым усе ўдзельнікі мерапрыемства запалілі лампадкі, расстаўленыя ў выглядзе ліку «16».

Таксама ў Менску 16 верасня прайшлі і іншыя мерапрыемствы, арганізаваныя ў памяць аб зніклых лідэрах апазіцыі Беларусі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках