3 траўня 2024, Пятніца, 6:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзю Карпенку споўнілася б 65 гадоў

12
Генадзю Карпенку споўнілася б 65 гадоў

Ён быў адным з найбольш выдатных, аўтарытэтных і паважаных беларускіх палітыкаў і з’яўляўся рэальнай пагрозай для дыктатара.

Генадзь Карпенка нарадзіўся 17 верасня 1949 у Менску. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут. Працаваў у Інстытуце ядзернай энэргетыкі Акадэміі навук Беларусі. З 1983 года працаваў у НВА парашковай металургіі.

У 1987-1990 гадах быў дырэктарам завода парашковай металургіі ў горадзе Маладзечне.

У 1990 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-га склікання, а затым - старшынём камісіі навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу. З 1991 да 1994 года ўзначальваў Маладзечанскі гарвыканкам. У 1995 годзе яго зноў абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета. Ён стаў намеснікам старшыні апошняга законнага беларускага парламента.

У 1996 годзе Генадзь Карпенка быў адным з ініцыятараў працэдуры імпічменту Лукашэнкі, якую пачалі дэпутаты Вярхоўнага Савета. Праз два гады ён узначаліў Нацыянальны выканаўчы камітэт, створаны беларускай апазіцыяй. Генадзь Карпенка мог скласці рэальную канкурэнцыю дзейнай уладзе і стаць прэзідэнтам Беларусі ў 2001 годзе.

Генадзь Карпенка памёр ад кровазліцця ў мозг раніцай 6 красавіка 1999 года ва ўзросце 49 гадоў. Гэта адбылося за месяц да альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбараў, прыхільнікі правядзення якіх адмовіліся прызнаць навязаныя Лукашэнкам змены ў Канстытуцыі, якія значылі падаўжэнне тэрміну ягоных паўнамоцтваў на прэзідэнцкай пасадзе.

Праз месяц пасля загадкавай смерці палітыка бясследна знік адзін з ягоных найбліжэйшых паплечнікаў - Юрый Захаранка, яшчэ праз паўгода другі - Віктар Ганчар, які разам з бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім быў выкрадзены ў цэнтры Менска.

Сапраўдныя прычыны смерці Генадзя Карпенкі дагэтуль невядомыя. Ён ніколі не скардзіўся на сваё здароўе. Сваякі і прадстаўнікі апазіцыі сумняваюцца ў натуральных прычынах смерці і мяркуюць, што да яе датычныя беларускія ўлады.

Жонка і дзеці апазіцыйнага палітыка сталы пераследу і прэсінг з боку рэжыму вымушаныя былі з'ехаць у Нямеччыну, дзе атрымалі статус палітычных уцекачоў.

У 2009 годзе вядомыя палітыкі, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і грамадскія дзеячы звярнуліся ў сталічны гарвыканкам з заклікам назваць імем Генадзя Карпенкі адну з менскіх вуліц, аднак улады адмовіліся зрабіць гэта.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках