3 траўня 2024, Пятніца, 7:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Упраўленне юстыцыі ў Магілёве падало ў суд на праваабаронцаў

3
Упраўленне юстыцыі ў Магілёве падало ў суд на праваабаронцаў

У абласны суд накіраваны пазоў з патрабаваннем прыпыніць на тры месяцы дзейнасць Магілёўскага праваабарончага цэнтру.

У пазове гаворыцца, што аб'яднанне «не падавала ў вызначаны час дакументы, неабходныя для рэгістрацыі зменаў юрыдычнага адрасу». Як вынікае з пазову, аб'яднанню былі вынесеныя два папярэджанні, якія ня абскарджваліся. А выяўленыя парушэнні заканадаўства не выпраўляліся, паведамляе «Радыё Свабода».

У праваабарончым цэнтры заяўляюць, што ў іх ёсць офіс з юрыдычным адрасам. Дакументы з ім падаваліся ва ўпраўленне юстыцыі, аднак змены ў статут не зарэгістравалі. Чыноўнікі ўгледзелі ў дакументацыі недакладнасці ў метражы памяшкання і патрабавалі іх перааформіць.

Са слоў праваабаронцаў, гаспадар памяшкання, які спачатку пагадзіўся даць прытулак няўрадавай арганізацыі, пасля вяртання дакументаў з упраўлення юстыцыі адмовіўся паўторна падпісваць дадатак да дамовы з новымі параметрамі офіса.

«На яго быў аказаны ціск, - адзначае кіраўнік праваабарончай арганізацыі Уладзімір Краўчанка. - Гэта распаўсюджаная практыка ўзаемаадносін улады і такіх арганізацый, як наша. Навошта ім аб'яднанні, якія аказваюць юрыдычную дапамогу грамадзянам, якія яе больш нідзе не могуць знайсці. А яшчэ мы фіксуем факты карупцыі».

Магілёўскаму праваабарончаму цэнтру 16 гадоў. Гэта адзінае ў Беларусі зарэгістраванае рэгіянальнае праваабарончае аб'яднанне.

Яе прадстаўнік узначальвае камісію пры ўпраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама ў грамадскім наглядзе за функцыянаваннем у рэгіёне турмаў і калоній. Праваабаронцы робяць маніторынг парушэнняў падчас судовых пасяджэнняў.

Калі абласны суд задаволіць пазоў ўпраўлення юстыцыі, то праваабарончаму цэнтру будзе дазволеная дзейнасць толькі ў выпраўленні парушэнняў заканадаўства.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках