27 красавiка 2024, Субота, 5:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вінцук Вячорка: Украінцы прайшлі пункт невяртання

7
Вінцук Вячорка: Украінцы прайшлі пункт невяртання

Гэта адбылося таму, што грамадства выявілася досыць саспелым, каб узяць на сябе адказнасць.

Такое меркаванне выказаў грамадскі дзеяч, былы лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка, выступаючы на пасяджэнні круглага стала «Грамадзянская супольнасць на абароне цывілізацыйна-культурнай ідэнтычнасці Беларусі», арганізаваным 18 верасня ў Менску Асамблеяй дэмакратычных няўрадавых арганізацый, паведамляе БелаПАН.

Паводле ягоных слоў, украінскі досвед паказаў, што ў крызісны перыяд для дзяржавы не ўлады, не статусныя палітыкі, а грамадскія ініцыятывы, зарэгістраваныя арганізацыі, асобныя журналісты і прафзвязы ўсклалі на сябе адказнасць за лёс краіны. «Іх за гэта б'юць, ім вельмі цяжка, але яны пераадолелі пункт невяртання. Гэта адбылося таму, што грамадства выявілася досыць саспелым, каб узяць на сябе гэтую адказнасць», - сказаў Вячорка.

Пры гэтым ён падкрэсліў: «Для тых, хто бароніць украінскую дзяржаўнасць, каштоўнасцю з'яўляецца мова, культура, гістарычная памяць, яны бароняць еўрапейскі выбар грамадства, у Беларусі ж сітуацыя ў гэтым плане больш складаная».

Вячорка адзначыў, што Расея «ўжо даўно зразумела, што перспектыву яе мадэль дзяржаўнасці і самарэалізацыі ў свеце будзе мець, калі прапануе пэўную каштоўнасную парадыгму, увасобленую ў пэўную сімволіку, і будзе накіроўваць на астатні свет гэтую парадыгму намаганнямі дзяржавы, грошай, магутнасцю інфармацыйных і прапагандысцкіх рэсурсаў».

На ягоную думку, дзякуючы гэтай канцэпцыі «расейскага свету» улады РФ усталявалі поўны кантроль над грамадскай думкай Расеі і знішчаюць усё тое, што чалавецтва «здолела пабудаваць мірна і дэмакратычна пасля Другой сусветнай вайны».

Вячорка адзначыў высокі ўплыў, які робіць на беларускае грамадства прапаганда «расейскага свету». «З сацыялагічных даследаванняў, 62,2% беларусаў ацанілі далучэнне Расеяй Крыму як вяртанне расейскіх зямель, аднаўленне гістарычнай справядлівасці. І гэта нягледзячы на тое, што беларуская тэлевізія гэтую тэму або не асвятляе, або асвятляе вельмі далікатна. У той жа час 53% усё яшчэ ўважаюць за каштоўнасць беларускую мову, называючы яе роднай, хоць і не факт, што яны на ёй размаўляюць. Калі будзе менш за 50%, гэта ўжо будзе азначаць перавагу «расейскага свету» ў нашай краіне», - сказаў ён.

Як мяркуе грамадскі дзеяч, вялікай памылкай беларускіх улад была спроба абвясціць расейскія традыцыі і мову таксама ўласнасцю і беларусаў, паспрабаваць выбудоўваць на гэтым сваю дзяржаву.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках