4 траўня 2024, Субота, 3:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада бяспекі Расеі абмяркуе адключэнне краіны ад глабальнага Інтэрнэту

82
Рада бяспекі Расеі абмяркуе адключэнне краіны ад глабальнага Інтэрнэту

Будзе разгледжаная магчымасць адключэння РФ ад глабальнай сеткі ў выпадку надзвычайнай сітуацыі.

На наступным тыдні запланавана некалькі мерапрыемстваў з удзелам высокапастаўленых расейскіх чыноўнікаў, прысвечаных працы расейскага сегмента сеткі інтэрнэт у надзвычайных сітуацыях. Пра гэта «Ведомостям» распавялі супрацоўнікі некалькіх расейскіх аператараў сувязі, інтэрнэт-кампаній і некамерцыйных арганізацый. Прынамсі, гэтая тэма будзе абмяркоўвацца ў бліжэйшы панядзелак на нарадзе Рады бяспекі Расеі з удзелам прэзідэнта Ўладзіміра Пуціна. Чыноўнікі Мінкамсвязі праінфармуюць прэзідэнта аб выніках ліпеньскіх вучэнняў, мэтай якіх было пратэставаць устойлівасць працы інтэрнэту на тэрыторыі Расеі і прадухіліць парушэнні ва ўмовах непрыязных «мэтанакіраваных дзеянняў». Магчыма, з дакладам выступіць і памочнік прэзідэнта Ігар Шчогалеў, які курыруе ў тым ліку інфармацыйную бяспеку, дадае адная з крыніц.

У выніку плануюць прыняць некалькі пастаноў, якія ўмацоўваюць суверэнітэт расейскага сегмента сусветнай сеткі. У прыватнасці, можа быць уведзены асаблівы парадак кіравання інтэрнэтам, які прадугледжвае магчымасць адключэння Расеі ад глабальнай сеткі.

Вучэнні, праведзеныя Мінкомсвязі, паказалі, што рунэт уразлівы, і цяпер абмяркоўваюцца захады для мінімізацыі рызык, у тым ліку і магчымасць часовага адключэння рунэту ад замежнага свету, пацвердзіў супрацоўнік спецслужбаў.

Аб сталым адключэнні доступу ў міжнародную сетку гаворкі не ідзе, падкрэсліваюць супрацоўнікі буйнога аператара сувязі і некамерцыйнай арганізацыі. Але расейскія аператары павінны будуць наладзіць абсталяванне так, каб у выпадку надзвычайнай сітуацыі расейскі інтэрнэт можна было аператыўна адключыць ад глабальнага. За надзвычайныя сітуацыі могуць разглядацца як вайсковыя дзеянні, так і, напрыклад, сур'ёзныя пратэстныя выступы ўнутры краіны, мяркуе адзін з суразмоўцаў «Ведомостей» Ён згадвае, як у 2011 падчас хваляванняў у Егіпце мясцовыя ўлады адключылі інтэрнэт і сотавую сувязь ва ўсёй краіне.

Другая ідэя, якую абмяркуюць чыноўнікі, - перадача дзяржаве функцый адміністратара даменаў, якія цяпер выконвае грамадская арганізацыя - Каардынацыйны цэнтр нацыянальнага дамена сеткі інтэрнэт (КЦ). Хутчэй за ўсё гэтым зоймецца Федэральнае агенцтва сувязі (Рассувязь), падпарадкаванае Мінкамсвязі.

Адміністратар нацыянальных даменаў верхняга ўзроўню .ru і рф рэгулюе правілы іх дэлегавання і выкарыстання, адказвае за тэхналагічнае развіццё інфраструктуры інтэрнэту, распрацоўвае рэгламенты, акрэдытуе рэгістратараў даменаў. Таксама адміністратар узаемадзейнічае з міжнароднай арганізацыяй ICANN, якая кіруе ўсімі пытаннямі, звязанымі з размеркаваннем даменных імёнаў і IP-адрасоў. У раду цяперашняга адміністратара - КЦ - уваходзіць прадстаўнік Мінкамсвязі, але чыноўнікі хочуць кантраляваць усю сістэму размеркавання даменных імёнаў у рунэце цалкам, кажа адная з крыніц.

Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў пацвердзіў, што на 22 верасня запланаваная аператыўная нарада чальцоў Рады бяспекі. Якія пытанні там будуць абмяркоўвацца, ён не ўдакладніў, нагадаўшы толькі, што частка пытанняў такіх мерапрыемстваў традыцыйна закрытая.

Жаданне дзяржавы абараніць нацыянальны сегмент інтэрнэту ад замежных пагроз нармальнае, мяркуе супрацоўнік аднаго з аператараў, але хутка развязаць гэтую задачу тэхнічна складана. А чыноўнікі хацелі б зрабіць гэта ўжо да пачатку 2015, чуў ён. Аператарам давядзецца ўсталёўваць новае абсталяванне для фільтрацыі і аналізу трафіку, тлумачыць супрацоўнік адной з некамерцыйных арганізацый. Ацаніць маштаб іх выдаткаў ніхто з апытаных экспэртаў не ўзяўся.

Цяперашняя архітэктура рунэту такая, што цалкам аддзяліць яго ад глабальнай сеткі складана, кажа інтэрнэт-амбудсмэн Дзмітрый Марынічаў. Паводле ягоных слоў, рунэт першапачаткова адрозніваўся ад кітайскай мадэлі, калі злучэнняў з навакольным светам даволі мала і ўсе ці амаль усе стыкі «з замежжам» кантралююцца дзяржавай. Спачатку расейскія аператары падлучаліся да замежных сетак, на парадкі больш развітых, а ўжо следам развіваўся ўнутраны абмен трафікам. Многія расейскія аператары не падлучаныя да расейскіх кропак абмену трафікам і абменьваюцца ім, напрыклад, праз Заходнюю Еўропу, звяртае ўвагу Марынічаў; плюс да гэтага ў зонах .ru, .su і рф шмат сайтаў, якія размяшчаюцца на замежных хостынгах або ў арандаваных замежных дата-цэнтрах з выкарыстаннем IP-адрасоў, якія належаць замежным сеткам. З усіх гэтых прычынах перарабліванне рунэту ў аўтаномную сетку выкліча вельмі вялікую праблему - нават калі многае перарабіць фізічна, застануцца адміністрацыйныя праблемы, папярэджвае ён.

Ва ўрадзе такія прапановы не распрацоўваліся і ніякіх даручэнняў на гэтую тэму не было, кажа супрацоўнік апарата ўрада. Прэс-сакратарка расейскага прэм'ера Наталля Цімакова, прадстаўнікі Мінкамсвязі, дзяржаўнага "Растэлекама", КЦ і Цэнтра ўзаемадзеяння камп'ютэрных сетак MSK-IX адмовіліся ад каментароў. Запыт у ФСБ застаўся без адказу.

Напісаць каментар 82

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках