7 траўня 2024, aўторак, 17:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

АБСЕ апублікавала мэмарандум аб выніках сустрэчы ў Менску

АБСЕ апублікавала мэмарандум аб выніках сустрэчы ў Менску

Статус самаабвешчаных ДНР і ЛНР у сталіцы Беларусі не абмяркоўваўся.

АБСЕ апублікавала поўны тэкст мэмарандума аб выніках кансультацый у Менску, які павінен спрыяць спынення агню на ўсходзе Ураіны. Дакумэнт уключае ў сябе дзевяць пунктаў. Ні ў адным з іх не абмяркоўваецца статус самаабвешчаных рэспублік. У чацвёртым пункце падрабязным чынам распісаныя тыпы цяжкіх узбраенняў, якія выкарыстоўваюцца старанамі канфлікту, і адлегласць, на якую яны павінны быць адведзеныя для стварэння зоны спынення ўжывання зброі шырынёй 30 км, піша NEWSru.com.

Чарговы этап перамоў у Менску адбыўся ўвечары ў пятніцу. Раней пра змест мэмарандума паведамляў экс-прэзідэнт краіны Леанід Кучма, які прадстаўляў украінскую старану. Гаворка ў дакумэнце, як адзначыў Кучма, ідзе толькі аб спыненні агню і забеспячэнні маніторынгу АБСЕ.

Да пачатку кансультацый паведамлялася, што ў сэпаратыстаў былі вялікія планы на гэтую сустрэчу - яны мерацца дамагчыся хаця б частковага прызнання іхняга суверэнітэту. Са слоў прадстаўнікоў "народных рэспублік", яны разлічваюць падпісаць дакумэнт, у якім будзе замацаваны асобны статус падкантрольных ім тэрыторый з улікам іх суверэнітэту.

Раней у выніку сустрэчы ў Менску 5 верасня АБСЕ ўжо публікавала скан дасягнутага кантактнай групай пагаднення. З яго стала вядома, што раёнам Данбаса будзе нададзены асобны статус (як гэта і адбылося пазней), а ў рэгіёне пройдуць датэрміновыя выбары.

Як і той дакумэнт, цяперашні мэмарандум з боку сэпаратыстаў паўднёвага ўсходу падпісалі "прэм'еры" ДНР і ЛНР Захарчанка і Платніцкі, прычым пасады іхнія зноў не пазначаныя.

У мэмарандуме адзначаецца, што спыненне рэжыму агню павінна быць агульным, а падраздзяленні і фармаванні павінны быць спыненыя "на лініі судакранання на 19 верасня 2014 года". Уводзіцца забарона на наступальныя дзеянні, ужыванне зброі, размяшчэнне цяжкага ўзбраення, мінаванне, а таксама палёты беспілотнікаў, за выняткам тых, што запускае маніторынгавая місія АБСЕ.

Плануецца стварэнне 30-кіламэтровай зоны спынення ўжывання зброі. Падрабязна распісана, на якую адлегласць павінна быць адведзенае цяжкае ўзбраенне. Калі выказаць здагадку, што сэпаратысты будуць адводзіць тэхніку на ўсход, то ў большай частцы ракетныя комплексы павінны апынуцца на тэрыторыі Расеі. Напрыклад, у мэмарандуме пазначана: РСЗА "Град" (трэба адвесці на) 21 км, "Ураган" - на 36 км, "Смерч" і "Тарнада-У" на 70 км, "Тарнада-З" і тактычна ракетныя комплексы - на 120 км.

Паведамляецца, што сачыць за адводам узбраенняў будуць назіральнікі АБСЕ. На тыдні АБСЕ анансавала падваенне колькасці назіральнікаў, якія працуюць на тэрыторыі Украіны. Кіраўнік назіральнай місіі ва Украіне Эртугрул Апакан паведаміў, што за бліжэйшыя два месяцы склад павялічыцца да 500 чалавек. У мэмарандуме асобна прапісана, што ў зоне спынення ўжывання зброі толькі АБСЕ мае права выкарыстоўваць беспілотныя лятальныя апараты. З іх дапамогай экспэрты спадзяюцца прасачыць за мяжой паміж Украінай і Расеяй ды зонай канфлікту.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках