5 траўня 2024, Нядзеля, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларус з батальёна «Данбас»: Вайна вучыць шанаваць час, які ў нас ёсць

10
Беларус з батальёна «Данбас»: Вайна вучыць шанаваць час, які ў нас ёсць

Беларусы, што ваююць у складзе батальёна «Данбас», вырваліся з акружэння пад Ілавайскам разам з украінскімі вайскоўцамі.

Адзін з іх - беларус з пазыўным «Леў». З ягоных слоў, ён браў удзел у вывазе параненых і забітых пад Ілавайскам. Іх транспартавалі на «хуткай» і двух грузавіках пад прыкрыццём аднаго БТРа. Яны прарваліся праз Старабешава, дзе, як казалі, стаялі расейскія танкі. Страт не было. «Поспех любіць смелых», - кажа «Леў».

«Наша Нiва» знайшла «Льва» ў Днепрапятроўску, ён пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў.

- Чаму Вы наважылі паказаць свой твар? Раней жа гэтага не рабілі.

- Шмат што адыграла сваю ролю. Мне больш няма чаго хавацца. Калі хто захоча знайсці мае звесткі, ён і так гэта зробіць.

- Дык, можа, распавядзеце крыху пра сябе?

- Не хачу ліць ваду на млын тых, хто цяпер шукае мяне. Хай самі збіраюць інфармацыю. Мне каля 40 гадоў, нарадзіўся недалёка ад Менска.

- А з якога часу Вы ва Украіне?

- Дзесьці з 24-25 траўня. Паехаў, каб аказаць брацкую дапамогу. Каб убачыць свабодную краіну. А яшчэ - атрымаць досвед.

- Вы не разглядаеце ўкраінскую вайну, як чужую для Беларусі?

- Абсалютна не. Калі б ва Украіне ўсталяваўся рэжым накшталт таго, што цяпер у Расеі ці нават Беларусі - гэта была б здрада. Нельга казаць, што сітуацыя ва Украіне ніяк не звязаная з Беларуссю. Беларусы хочуць па-хітраму пераседзець гэтую вайну, каб іх не закранула. На вайне, вядома, страшна. Але не настолькі, каб самому станавіцца, па-руску кажучы, ганебным. Лепш я буду ваяваць, але рабом не стану.

- А што самае страшнае на вайне?

- Страты. З іх і складаецца ўспрыманне вайны. Я страху не адчуваў, адчуваў толькі гнеў. Фактычна, страху і не павінна быць, толькі спакой. Бо спакой дапамагае табе ў экстрэмальных сітуацыях. Што тычыцца страт, то ў пэўны момант адбываецца наміналізацыя...

- Вы маеце на ўвазе мабілізацыя?

- Наміналізацыя. Калі ўсё гэта ты складваеш у адну тэчку «Страты». [Гэты лінгвістычны тэрмін ужываецца і ў псіхалогіі, і ў філасофіі часам. Значэнне там, у тым ліку - найвышэйшая ступень абагульнення]

- Вы шмат сустракалі беларусаў на гэтай вайне?

- Чалавек сем-восем. Бачыўся з імі, размаўляў. Цяпер у батальёне «Данбас» засталося чалавекі тры-чатыры беларусаў.

Астатнія жывыя, нават не параненыя. Але так склалася, што яны былі вымушаныя з'ехаць з зоны баявых дзеянняў - сям'я паклікала ці іншыя прычыны. А пра атрад «Пагоня» я шмат чуў, але не сутыкаўся з імі.

- Цяпер шмат кажуць пра камандзіра «Данбаса» Сямёна Сямёнчанку. Што Вы можаце распавесці аб гэтым чалавеку?

- Гэта валявы чалавек, з характарам. Я дапускаю, што ў яго могуць быць палітычныя амбіцыі, бо паводле ягонай ініцыятывы была створаная вядомая арганізацыя «Данбас».

- Так што ўсё ж здарылася пад Ілавайскам? Чаму Вы патрапілі ў засаду, у акружэнне?

- Мэнэджмэнт дрэнна наладжаны. Калі б быў добры мэнэджар, то Ілавайск застаўся б з намі.

- А недаацэнкі ворага не было?

- Ніхто не чакаў, што там будуць расейскія войскі. Я наогул разглядаю Ілавайск як нашу перамогу, нягледзячы на шматлікія ахвяры. Нас чакалі ў засадзе, але мы змаглі захапіць 2-3 танкі, 3-4 БТРы, узяць палонных. Гэта дорага каштуе.

- А якія цяпер настроі ў «Данбасе»?

- Самыя розныя пачуцці. Ніхто не баіцца памерці. Але не хочацца, каб смерць мы сустрэлі па дурасці. Байцам цяжка змірыцца з такім становішчам рэчаў, што ёсць цяпер.

- Што галоўнае вы выносіце з гэтай вайны?

- Трэба ўмець шанаваць час, які ў цябе ёсць.

* * *

Батальён тэрытарыяльнай дапамогі Данецкай вобласці «Данбас» быў утвораны вясной гэтага года. Галоўная мэта батальёна - захаванне цэласнасці Украіны, знішчэнне ўзброеных тэрарыстаў. Камандзір батальёна - Сямён Сямёнчанка.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках