27 красавiка 2024, Субота, 0:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкі навуковец выступіць у Гомелі па-беларуску

5
Нямецкі навуковец выступіць у Гомелі па-беларуску

Міжнародныя навуковыя чытанні, прысвечаныя памяці народнага пісьменніка Беларусі Івана Навуменкі, пройдуць у Гомелі 25-26 верасня.

Арганізатары мерапрыемства - Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. Францыска Скарыны і мясцовы філіял Нацыянальнай акадэміі навук.

Як паведамілі БелаПАН на кафедры беларускай літаратуры ГДУ, у канферэнцыі возьмуць удзел дзеці народнага пісьменніка, аўтарытэтныя навукоўцы з Расеі, Украіны, Польшчы, Чарнагорыі, Нямеччыны. Прафесар Альдэнбургскага ўніверсітэта Гун-Брыт Колер, які ў дасканаласці валодае беларускай мовай, выступіць на пленарным пасяджэнні з дакладам па-беларуску.

На пленарных пасяджэннях і ў трох секцыях будуць разгледжаныя актуальныя праблемы спадчыны Івана Навуменкі, яго месца ў сучасным літаратурным працэсе, а таксама ўзаемадзеяння рэгіянальных і агульначалавечых пачаткаў у славянскіх літаратурах і перспектывы літаратуры класічнага тыпу ў эпоху глабалізацыі.

У рамках канферэнцыі пройдзе чарговая прэзентацыя трэцяга і чацвёртага тамоў з запланаванага дзесяцітомнага збору твораў, якія будуць уручаныя прадстаўнікам бібліятэк горада і вобласці.

Арганізатары спадзяюцца, што правядзенне навуковых чытанняў будзе садзейнічаць актывізацыі духоўнага жыцця Гомельскай вобласці і росквіту нацыянальнай культуры.

Іван Навуменка (1925-2006) нарадзіўся ў мястэчку Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. У гады вайны - удзельнік камсамольскага падполля, партызан, удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах. Быў загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць», загадваў кафедрай беларускай літаратуры БДУ, працаваў дырэктарам Інстытута літаратуры ім. Я.Купалы АН БССР, віцэ-прэзідэнтам АН БССР. Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990). Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР.

Аўтар кніг апавяданняў, аповесцяў «Сямнаццатай вясной», «Хлопцы-равеснікі», «Верас на пажарышчах», «Водгук далёкіх вясновых», раманаў «Сасна пры дарозе», «Вецер у соснах», «Сорак трэці», «Сум белых начэй» і іншых твораў.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі. Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, дзяржаўнай прэміі БССР імя. Якуба Коласа.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках