3 траўня 2024, Пятніца, 11:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ханс-Георг Вік: І беларускі, і расейскі рэжымы рана ці позна абрынуцца

9
Ханс-Георг Вік: І беларускі, і расейскі рэжымы рана ці позна абрынуцца

Аўтарытарным рэжымам Лукашэнкі і Пуціна наканаваны крах.

Пра гэта заявіў былы кіраўнік Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску, былы кіраўнік выведкі ФРГ Ханс-Георг Вік у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

- І беларускі, і расейскі аўтарытарныя рэжымы прыгнятаюць людзей, і трымаюцца яны дзякуючы рэсурсам, расейскі - уласным прыродным рэсурсам, беларускі - дзякуючы расейскім. І гэтым рэжымам наканаваны крах, мы толькі не ведаем дакладнай даты.

Звонку гэтыя працэсы могуць адбывацца толькі ў тым выпадку, калі гэта будзе не інтэрвенцыя, не ўмяшанне, а калі гэта будуць добрыя пазітыўныя прыклады для грамадства, такія, як прыклады паспяховага эканамічнага развіцця, трансфармацыі тэхналагічных працэсаў, развіцця вольнай супольнасці, незалежных судоў. На сёння жыццяздольнасць беларускага рэжыму падтрымліваецца з Масквы, і дзякуючы гэтаму ён атрымлівае магчымасць ціску на грамадства. Калі б сёння расейскае грамадства было свабодным і не падтрымлівала Беларусь праз газ і нафту, то беларускі аўтарытарны рэжым не існаваў бы.

Для беларускага рэжыму сёння існуе вялікая небяспека, бо ў Расеі пачынаюць выкарыстоўваць нацыяналістычныя тэндэнцыі. Гаворка ідзе аб розных формах абароны і падтрымкі этнічных расейцаў за мяжой. І на гэтую тэндэнцыю беларускім уладам неяк трэба рэагаваць. Палітыка абароны этнічных расейцаў, нацыянальных меншасцяў як у постсавецкіх краінах, так і ў іншых краінах, якія не былі часткай СССР, але маюць этнічных расейцаў - на гэтую небяспеку неабходна рэагаваць. Напрыклад NАТO зрабіла ўжо першыя крокі, заснаваныя на 5 параграфе гэтай арганізацыі, якая прадугледжвае ўзаемную абарону краін-ўдзельніц альянсу, і прыняла пастанову аб пашырэнні кантынгенту сваіх войскаў у краінах Балтыі. Пуцін кажа пра намер стварыць новую дзяржаву «Наваросію» на тэрыторыі цяперашняй дзяржавы Украіны. Гэта немагчыма.

Калі-небудзь гэтая сістэма абрынецца. Сёння ў выніку расейска-ўкраінскага крызісу мы бачым імперскія тэндэнцыі Расеі. Расея афіцыйна кажа, што абараняе сваіх грамадзян, але гэта толькі падстава. На самой справе гэта імперская тэндэнцыя. Новая тэндэнцыя, і мы, дэмакратычныя краіны, павінны адказаць на яе. Праўда, у дэмакратычных краінах гэта крыху доўга адбываецца. Але як і ў часы халоднай вайны мы заўсёды пакідаем дзверы для перамоваў дзеля міру.

- Апошнім часам еўрапейскія палітыкі ўжо не называюць Аляксандра Лукашэнку апошнім дыктатарам у Еўропе, паколькі Менск стаў пляцоўкай для расейска-ўкраінскіх мірных перамоваў. У Беларусь прыязджаюць высокапастаўленыя прадстаўнікі ЕЗ, ЗША... Наколькі, на вашу думку, вялікая верагоднасць легітымізацыі Захадам рэжыма Лукашэнкі пасля выбараў 2015 года, калі Менск захавае гэты перамоўны статус?

- Стратэгічныя інтарэсы і стратэгічная сітуацыя на сёння прыводзяць да таго, што неабходнае супрацоўніцтва нават на такім узроўні з Лукашэнкам. Але гэта ні ў якай меры, ні ў якім разе не азначае, што наш аналіз унутранай сітуацыі ў Беларусі, наша пазіцыя ў дачыненні да ўнутраных працэсаў у Беларусі змяніліся. Не змянілася. Як не змянілася і грамадскае меркаванне.

Для тых заходніх палітыкаў, якія перамаглі ў выбарах свабодна і сумленна, практычна немагчыма прызнаць аўтарытарную сістэму Лукашэнкі, немагчыма прызнаць чалавека, які несумленна перамагае ў выбарах у несвабодных умовах. Калі Пуцін кажа спачатку аб незалежным выбары ў Крыме, а праз 10 дзён прызнаецца, што там былі расейскія жаўнеры, то такі чалавек не з'яўляецца ў палітычнай сферы надзейным партнёрам, такому чалавеку нельга верыць. Калі б такі чалавек быў у дэмакратычным грамадстве, ён бы не змог доўга існаваць як палітык. У крызісныя часы, на жаль, немагчыма выбіраць партнёраў, але прынамсі можна выбіраць тых людзей, з якімі неабходна весці размову. Маральныя ацэнкі вельмі тут цяжка рабіць.

- Як паведамляецца, Уладзімір Пуцін у размове з Пятром Парашэнкам сказаў, што за 2 гадзіны можа ўзяць Кіеў і яшчэ пяць еўрапейскіх сталіц. Каму была адрасаваная гэтая пагроза? У СМІ часта выкарыстоўваецца выраз трэцяя сусветная вайна. Наколькі гэтая пагроза рэальная, калі абапірацца на ваш досвед працы ў выведцы ў часы халоднай вайны?

- Калі Пуцін у размове з Парашэнкам выкарыстоўвае такія словы, то перш за ўсё ўзнікаюць вялікія сумневы ў разумовым стане палітычных сіл у Расеі. Вера, давер да аўтарытарнай сістэмы Лукашэнкі вельмі нізкія, давер да аўтарытарнай сістэмы Пуціна такі ж нізкі. І таму рэакцыі на такія словы, на такія дзеянні Пуціна - гэта санкцыі ЕЗ у дачыненні да Расеі. У такіх умовах NАТO становіцца больш уплывовай арганізацыяй... І няма ніякіх ілюзій наконт палітыкі Расеі. Мы далей працягваем працаваць над прэвентыўнымі мерамі для ўрэгулявання канфлікту, і гэтыя меры ўключаюць усе магчымыя сродкі.

***

Ханс-Георг Вік нарадзіўся 28 сакавіка 1928 у Гамбургу. 1947-1952 - навучанне ў гамбургскім універсітэце: гісторыя, філасофія, публічнае права. Атрымаў доктарскую ступень (Phd) у 1953 г. Дысертацыю пісаў на тэму «Стварэнне Хрысціянска-дэмакратычнага саюза і аднаўленне партыі Цэнтру ў 1945-1947 гг». 1954-1993 - на дыпламатычнай службе. 1966-1974 - Федэральнае міністэрства абароны (у 1970-1974 гг - начальнік штаба планавання). 1974-1977 - амбасадар Нямеччыны ў Іране. 1977-1980 - амбасадар Нямеччыны ў СССР. 1980-1985 - пастаянны прадстаўнік Федэратыўнай Рэспублікі ў Паўночнаатлантычнай Дамове (NАТО) у Брусэлі. 1985-1990 - кіраўнік нямецкай выведкі (BND). 1990-1993 - амбасадар аб'яднанай Нямеччыны ў Нью-Дэлі (Індыя). 1993-1995 - дарадца прэзідэнта Грузіі Шэварднадзэ. 1997-2001 - кіраўнік Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ ў Менску. З 2004 года - кіраўнік нямецкага таварыства «Правы чалавека ў Беларусі». З 2004 года Ханс-Георг Вік з'яўляецца старшынём Кансультатыўнай рады ў выведцы (GKND).

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках