3 траўня 2024, Пятніца, 8:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анджэй Пачобут: Чым Міхальчанка лепшы за Кісялёва?

7
Анджэй Пачобут: Чым Міхальчанка лепшы за Кісялёва?

Зняцце візавых санкцый з прапагандыста Аляксея Міхальчанкі выклікае пытанні да цэласнасці палітыкі Еўразвязу.

Так мяркуе беларускі журналіст, былы палітвязень Анджэй Пачобут. У інтэрв'ю з charter97.org ён сказаў, што хоць гэтая пастанова суда і з'яўляецца выключна юрыдычнай, аднак яна сведчыць аб унутраных супярэчнасцях у Еўразвязе, калі справа тычыцца справядлівасці імгненнай палітычнай рэакцыі на падзеі ў аўтарытарных краінах.

- Суд Еўрапейскага Звязу ў Люксембургу разважыў, што Міхальчанка не з'яўляецца ўплывовым журналістам, зрабіўшы выснову, што ягоныя перадачы не ўплываюць на беларускую рэальнасць. Я не ведаю, ці будзе ён рады такой трактоўцы, бо яму ж здаецца інакш.

- Якія могуць быць наступствы такой пастановы Суда Еўразвязу ў кантэксце падзей у рэгіёне?

- Тут размова пра палітыку рэагавання Еўразвязу на падзеі ў свеце ўвядзеннем візавых санкцый. Ёсць цяпер «слаўны» расейскі Дзмітрый Кісялёў, які таксама трапіў у еўрапейскі чорны спіс і ён робіць тое ж самае, што тады рабіў Міхальчанка: і там, і там прапаганда, варожасць і гэтак далей. Мне здаецца, што пасля гэтага прэцэдэнту Кісялёву цяпер адкрытыя дзверы для таго, каб дамагацца зняцця санкцый і супраць яго таксама. Бо калі на думку суда Міхальчанка быў пакараны незаслужана, то чаму Кісялёў павінен пакутаваць? Гэта мне здаецца найбольш цікавым наступствам гэтай судовай пастановы. Увядзенне візавых санкцый - гэта была палітычная рэакцыя Еўразвязу на падзеі ў Беларусі, цяпер яны гэтак жа адрэагавалі на падзеі ва Украіне. І атрымліваецца, што такая палітычная рэакцыя не з'яўляецца справядлівай з пункту гледжання суда. Гэта пытанне да Еўразвязу аб цэласнасці іх палітыкі.

- Ці неяк уплываюць такія пастановы дэмакратычных інстытутаў на адноўлены дыялог паміж Захадам і Лукашэнкам?

- Гэта ж Еўропа, ніхто і ніякія перамовы не ўказ Суду Еўразвязу. Гэта абсалютна ніяк не звязана, я думаю, тут нейкая ўнутраная казуістыка Еўразвязу і еўрапейскага права. Я не схільны тут драматызаваць і шукаць нейкае палітычнае тлумачэнне. А Міхальчанку трэба павіншаваць. Не кожны дзень мы сустракаемся з такой з'явай, калі функцыянер аўтарытарнага рэжыму так эфектыўна выкарыстоўвае дэмакратычныя працэдуры ў сваю карысць. А гэтыя дэмакратычныя працэдуры ён вельмі крытыкуе, фактычна, ваюе з імі ўнутры Беларусі. Вось гэта больш цікава. А паедзе ён куды-небудзь ці не паедзе... І як фізічнай асобе, і як журналісту мне абсалютна ўсё роўна.

- Ці ўважаеце Вы зняцце візавых санкцый з Міхальчанкі за справядлівае?

- Гэта пытанне да юрыстаў, якія прадстаўлялі Еўразвяз на гэтым судзе. Я не сумняваюся, што суд кіруецца правам, але ў Еўропе суды спаборнасці, а гэта значыць, што абодва бакі імкнуцца пераканаць у сваёй пазіцыі. Таму тут можна задаваць пытанні юрыстам, якія прадстаўлялі Еўразвяз.

Прынамсі, я не разглядаю візавыя санкцыі за такі магутны інструмент ціску. І бачыў адну або дзве перадачы Міхальчанкі і з Еўрапейскім судом пагаджуся ў адным: фігура гэта сапраўды не ўплывовая. Я і даведаўся пра яго існаванне толькі, калі супраць яго ўвялі санкцыі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках