5 траўня 2024, Нядзеля, 21:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандра Герасіменя: У беларусаў пачынае прачынацца нацыянальная свядомасць

55
Аляксандра Герасіменя: У беларусаў пачынае прачынацца нацыянальная свядомасць

28 верасня ў Менску стартуе «Мова Cup».

Як сцвярджаюць арганізатары, мерапрыемства яшчэ не мела аналагаў у гісторыі айчыннага спорту - перш за ўсё таму, што рабочай мовай спаборніцтваў вызначаная беларуская, паведамляе «Радыё Свабода».

28 верасня ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ў Менску на вуліцы Каліноўскага, 111 стартуе Першы нацыянальны спартыўны фестываль «Мова Cup». Падчас прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да нядзельнага мерапрыемства, было заяўлена, што ягоная ідэя належыць зорным беларускім атлетам з дабрачыннага праекта «Мары спраўджваюцца».

Адна з гераінь «Мова Cup» - знакамітая плыўчыха, чэмпіёнка свету і Еўропы, алімпійская чэмпіёнка Аляксандра Герасіменя - не першы раз збірае на адной пляцоўцы прадстаўнікоў беларускага спорту і звычайных беларусаў. Але, як кажа яна сама, цяперашні праект асаблівы, таму што мае «моўнай» падтэкст. Ягоная сутнасць падкрэслівае і майка-вышыванка, у якую была апранутая спартоўка, і тое, што ці не ўпершыню яна наважылася размаўляць з журналістамі на беларускай мове.

«Адкуль узялася ідэя арганізацыі такога мерапрыемства і чаму яно называецца «Мова Cup»? - спытала яна. - Адкажу. Мова - гэта тое, што было з намі яшчэ раней - з часоў магнатаў Радзівілаў і паўстанца Кастуся Каліноўскага, на вуліцы імя якога, дарэчы, наш фестываль і будзе праходзіць. А «Cup» - гэта тое, што чакае нас у будучыні. Усё ж свет глабалізуецца, аб'ядноўваецца, мы павінны быць гатовыя да таго, што будзе наперадзе. Сутнасць у тым, што ў эпоху глабалізацыі мы павінны чымсьці адрознівацца ад іншых і, як я мяркую, у першую чаргу нас павінна адрозніваць менавіта наша мова. Мне цяжка сказаць, чаму беларусы саромеюцца размаўляць на роднай мове, але такое адчуванне, што цяпер паступова прачынаецца наша нацыянальная свядомасць, усё больш людзей спрабуе і хоча размаўляць па-беларуску. Спадзяюся, што вы, журналісты, нам у гэтым дапаможаце таксама».

Аляксандра Герасіменя мяркуе, што для вяртання і папулярызацыі мовы трэба ісці ў народ, і як раз падобныя мерапрыемствы - залог перспектыўных перамог.

«Спадзяемся, што ўсё яшчэ вернецца, што колькасць школ на беларускай мове перастане змяншацца, і аўтарытэт нашай мовы будзе, як некалі, бясспрэчны, - сказала яна. - На жаль, я ведаю, што многія дзеці, нават якія навучаюцца на беларускай мове, у жыцці ўсё роўна на ёй не размаўляюць. Я не ведаю, чаму так адбываецца, магчыма, праз тое, што такое склалася стаўленне ў грамадстве: калі хто гаворыць па-беларуску, з яго пачынаюць смяяцца. І я не толькі дзяцей маю на ўвазе, але і дарослых. Гэта няправільна, гэта невуцтва. Таму я вельмі спадзяюся, што наша нядзельнае мерапрыемства будзе пэўным рухам наперад, адпраўным пунктам для станоўчых пераменаў у моўным пытанні».

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках