5 траўня 2024, Нядзеля, 14:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хадаркоўскі: Пуцін разбудзіў звера нацыянал-шавінізму

5
Хадаркоўскі: Пуцін разбудзіў звера нацыянал-шавінізму

Былы кіраўнік канцэрна ЮКАС распавёў у Берліне пра рэанімаваны праект «Адкрытай Расеі» і адказаў на пытанні аб сваёй палітычнай будучыні.

Фігура Міхаіла Хадаркоўскага па-ранейшаму выклікае цікавасць у Нямеччыне. У панядзелак, 22 верасня, вялікае інтэрв'ю з ім апублікаваў уплывовы штотыднёвік Der Spiegel, а ўвечары на наступны дзень ён выступіў перад аўдыторыяй рэспектабельнай грамадскай арганізацыі Нямецка-расейскі форум.

Інфармацыя аб рэгістрацыі на сустрэчу з былым уладальнікам нафтавай кампаніі ЮКАС заставалася на сайце форуму ўсяго 48 гадзін. Але заявак паступіла больш, чым магла змясціць арандаваная зала. Так што паслухаць Хадаркоўскага і задаць яму пытанні змаглі не ўсе жадаючыя. А расказваў ён пра рэанімаваны у канцы мінулага тыдня свой праект «Адкрытая Расея», перадае DW.

Рэмэйк «Адкрытай Расеі»

Ад арыгінала рэмэйк адрозніваецца тым, што існаваў да 2004 года фонд Хадаркоўскага «Адкрытая Расея» быў арыентаваны на падтрымку гуманітарных і дабрачынных праектаў. Новая «Адкрытая Расея» закліканая, з ягоных слоў, «дапамагчы кансалідавацца той, на жаль, не вельмі вялікай частцы расейскага грамадства, якая падзяляе еўрапейскія каштоўнасці».

Пры гэтым Хадаркоўскі не ставіць перад сабой звышзадачу і мае намер спачатку сканцэнтравацца толькі на двух базавых прынцыпах: прававая дзяржава і рэгулярная змяняльнасць улады шляхам сумленных выбараў. «Мэта руху «Адкрытай Расеі», - заявіў яе стваральнік, - аказваць уплыў на ўладу, каб яна ў сваіх дзеяннях улічвала інтарэсы гэтай еўрапейска арыентаванай часткі расейскага грамадства».

Канкрэтна гаворка ідзе пра законы, якія, як выказаўся Хадаркоўскі, «проста валяцца» з Дзяржаўнай думы. Але паміж «дрэннай» Дзяржаўнай думай і «агіднай», заўважыў ён, ёсць пэўная розніца. Проста «дрэнная» не стала б прымаць так званы закон Дзімы Якаўлева, які, з ягоных слоў, вырак многім расейскім сіротам на гібенне.

Тое, што ягоныя магчымасці абмежаваныя, а еўрапейска арыентаваная частка расейскага грамадства невялікая, экс-кіраўнік ЮКАСа ведае і ацэньвае яе ў 10, максімум у 15 адсоткаў насельніцтва. Але ён разлічвае на тое, што ідэі, успрынятыя меншасцю, у гістарычна кароткія тэрміны - Хадаркоўскі назваў 5 гадоў - будуць спраектаваныя на большую частку расейскага грамадства. Яму, вядома, хацелася б адразу дастукацца да ўсёй расейскай аўдыторыі. «На жаль. У нас няма Першага канала», - сумна пажартаваў ён.

Хадаркоўскі не стаў чытаць у Берліне доўгую лекцыю, большую частку часу ён дысцыплінавана адказваў на пытанні з залы. А прыйшлі на сустрэчу не толькі тыя, што сімпатызуюць былому расейскаму алігарху, які 10 гадоў адседзеў у турме.

Адзін выступоўца выказаў меркаванне, што Хадаркоўскі пацярпеў фіяска ў самой Расеі. А цяпер што ж, спытаў ён, «вы збіраецеся з-за мяжы, з дапамогай заходніх урадаў надалей здраджваць сваёй Радзіме»?

Хадаркоўскі адрэагаваў стрымана і заклікаў не атаясамліваць Расею з «тым рэжымам, які над гэтай краінай праводзіць чарговы цяжкі эксперымент». Ён мяркуе, што «любіць Расею і любіць той рэжым, які вядзе Расею ў няправільным кірунку, гэта дзве розныя рэчы».

Што ж тычыцца асабіста Пуціна, то, як адзначыў Хадаркоўскі, яшчэ нават у 2003 годзе ягоная пазіцыя была больш лібэральнай, чым у пераважнай большасці расейскага грамадства. Але калі прэзідэнт стаў губляць папулярнасць, то ў пошуках яе аднаўлення стаў дрэйфаваць у бок найменш ліберальнай часткі грамадства і тым самым садзейнічаў новаму вітку шавіністычнай істэрыі ў грамадстве.

«Пачаўшы разгойдваць гэтую сітуацыю, спыніць яе, павярнуць назад і пры гэтым не зваліцца з каня вельмі цяжка, а можа быць, нават немагчыма, - сказаў Хадаркоўскі. - Ён разбудзіў звера нацыянал-шавінізму».

Змяненне пазіцыі Пуціна адбілася і на стасунках Расеі з краінамі Захаду. «Да таго часу, пакуль прэзідэнт Пуцін заставаўся ў парадыгме зменнай улады, яму не было ніякай цікавасці ў тым, каб расейскае грамадства негатыўна ставілася да заходніх палітычных практыкаў, - указаў Хадаркоўскі. - У той момант, калі для яго парадыгма ўлады змянілася, і ён наважыў застацца ва ўладзе надоўга ці назаўжды, у яго з'явілася відавочная палітычная зацікаўленасць у тым, каб расейскае грамадства ўспрымала заходнюю палітычную практыку, заснаваную на рэгулярнай змене ўлады, як непрымальную».

Ці можна паўплываць на Расею?

Пыталіся былога палітвязня і пра ягоныя ўласныя палітычныя амбіцыі. З ягоных слоў, іх у яго няма. Ён не збіраецца якім-небудзь чынам удзельнічаць ні ў парламенцкіх выбарах 2016, ні прэтэндаваць на прэзідэнцкую пасаду.

«Дзяржаўная дума, - сказаў ён, - будзе сфарміраваная са згоды Крамля, а я не хачу для сябе атрымліваць згоду Крамля».

Трохі падрабязней адказаў Хадаркоўскі на пытанне пра прэзідэнцтва. На гэты пост ён не прэтэндуе, але разумее, што аўтарытарны рэжым ці наўрад ці скончыцца без вострага крызісу. Для вяртання краіны на нармальны шлях развіцця Расеі, на ягоную думку, «патрэбна не змена Пуціна на каго-небудзь іншага, а змена палітычнай мадэлі - з супер-прэзідэнцкай, фактычна, з канстытуцыйнай дыктатуры на нармальны падзел улады».

Такую частку рэформы, мяркуе Хадаркоўскі, павінна будзе праводзіць Канстытуцыйная нарада. «І вось гэтую працу, калі б была такая неабходнасць, я быў бы гатовы выканаць», - заявіў ён.

Адмоўна адказаў Міхаіл Хадаркоўскі на пытанне, ці можа Захад паўплываць на Расею на фоне падзей, якія адбываюцца на Украіне. «Вельмі пазітыўным і для Украіны, і для Расеі быў бы эканамічны росквіт Украіны, - сказаў ён. - На Расею вы паўплываць ніяк не можаце. Дапамажыце Украіне стаць паспяховай краінай. Гэта цалкам рэальная задача».

Фота: AP

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках