5 траўня 2024, Нядзеля, 19:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шаблю часоў вайны 1812 года знайшлі дзеці ў Вілейскім раёне

1

Знаходка ўяўляе значную гістарычную каштоўнасць.

Рарытэтная зброя перададзеная ў Вілейскі краязнаўчы музей. Гісторыкі плануюць вывучыць месца выяўлення знаходкі, піша Kraj.by.

Як распавёў вілейчук Валянцін Субота, сведкай таго, як дзеці спрабавалі адкапаць шаблю з зямлі, стала яго жонка.

«Вольга ішла да сваякоў праз парк. Пад вялікім клёнам сабралася мясцовая дзятва. Як стала вядома, дзеці знайшлі рарытэтную зброю. Яна дапамагла выкапаць яе і прапанавала дзецям аддаць знаходку музею, паколькі знойдзеная шабля - гэта старонка нашай гісторыі, і яе павінна ўбачыць шырокая публіка», - успамінае ён.

Са слоў суразмоўцы, шабля выклікала вялікую цікавасць у мясцовых падлеткаў. Шмат хто прыходзіў фатаграфавацца з ёй і выкладаў фота ў сацыяльныя сеткі. Аб рарытэце пазней даведаліся і староннія людзі, якія прапаноўвалі за яго немалыя грошы.

Як распавёў дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Сяргей Ганчар, знойдзеная зброя - кавалерыйская шабля. Гэта атрымалася высветліць па добра захаванаму эфесу.

«Сама шабля захавалася дрэнна і атрымала значныя пашкоджанні часам. На эфесе мы знайшлі манаграму з ініцыяламі. Яны належалі каралю Вестфаліі і малодшаму брату Напалеона I Банапарта Жэрому. У час вайны ў 1812 годзе Жэром Банапарт камандаваў адной з частак французскага войска», - распавёў ён.

З прызнання Сяргея Ганчара, перададзеная шабля ўяўляе для музея гістарычную каштоўнасць і пасля аднаўлення папоўніць яго экспазіцыю.

Месца, дзе знайшлі шаблю, таксама мае гісторыю. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя ў тым самым парку размяшчаўся маёнтак роду Скірмунтаў, які называўся Тэклянопаль у гонар маці ўладальніка (жанчыну клікалі Тэкля).

Каму сапраўды належала шабля, яшчэ трэба высветліць, адзначыў суразмоўца. Паводле адной з версій, яна магла належаць прадстаўнікам маёнтка (многія падтрымлівалі палітыку Напалеона ў ваеннай кампаніі 1812 года) альбо непасрэдна ўдзельнічалі ў войску Напалеона, якое ваявала на тэрыторыі Вілейскага раёна.

Сяргей Ганчар мяркуе, што на глыбіні, дзе знайшлі шаблю, можа быць і пахаванне. Бліжэйшым часам усе звесткі будуць перададзеныя ў інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі, з дапамогай якога можна будзе правесці раскопкі альбо больш дакладна даследаваць знаходку.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках