2 траўня 2024, Чацвер, 12:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналістку аштрафавалі за супрацоўніцтва з незалежным СМІ

4
Журналістку аштрафавалі за супрацоўніцтва з незалежным СМІ

Бабруйская суддзя Наталля Чарапуха агучыла пастанову ў справе незалежнай журналісткі Марыны Малчанавай.

Судовае пасяджэнне пачалося з апытання міліцыянта Аляксея Ганчарова. Ён выступіў у якасці сведкі, так як удзельнічаў у «аглядзе месца ўчынення адміністрацыйнага правапарушэння». Гэта значыць, прысутнічаў у кабінеце падпалкоўніка Сяргея Рудзько падчас прагляду сайта тэлеканала «Белсат», піша ПЦ «Вясна».

Аляксей Ганчароў паведаміў, што матэрыял на сайце быў зроблены ў форме дыялогу, яны яго скапіявалі і ўклалі ў пратакол. Суддзя пацікавілася, з якой мэтай праводзіўся агляд.

- Мяне папрасілі папрысутнічаць, для чаго - я не ўдакладняў, - патлумачыў міліцыянт.

Марына Малчанава зноў падала хадайніцтва, на гэты раз пісьмовае, якое тычыцца матэрыялаў Карэліцкага суда над журналістам Алесям Залеўскім, і суддзя зноў яго адхіліла. Адвакат папрасіла далучыць гэтае хадайніцтва да матэрыялаў справы, Наталля Чарапуха пагадзілася.

Марына Малчанава зноў дала тлумачэнні з нагоды размовы з гераіняй рэпартажу пра дабрачынны рух. Суддзя зачытала запыт Сяргея Рудзько ў Міністэрства замежных спраў, і адказ адтуль. Таксама яна зачытала запыт гэтага міліцыянта ў Краснапольскую міліцыю з просьбай апытаць гераіню рэпартажу.

Быў зачытаны і пратакол гутаркі ўчастковага Уладзіміра Басенкова з гераіняй рэпартажу. Гэты міліцыянт павінен быў прысутнічаць на судовым пасяджэнні ў якасці сведкі, але не прыехаў. Ён растлумачыў, што на гэты дзень у яго дзяжурства на працы. З дакладу Басенкова вынікае, што ён паказаў гераіні рэпартажу тры фатаграфіі жанчын, сярод якіх было пашпартнае фота Марыны Малчанавай, і па ім яна апазнала журналістку.

Адвакат Марыны Малчанавай патлумачыла суду, што яе падабаронная не можа быць пакарана паводле артыкула, парушэнне якога ставіцца ёй у віну. Яна адзначыла, што Малчанава - фізічная асоба, а артыкул 22.9 КаАП прадугледжвае пакаранне юрыдычных асоб. Таксама яна патлумачыла, у чым розніца паміж гатовай прадукцыяй, якая з'яўляецца ў СМІ, і зборам матэрыялаў, нагадала аб 34 артыкуле Канстытуцыі, якая гарантуе свабодны збор і распаўсюд інфармацыі любым грамадзянінам Беларусі.

З паказанняў гераіні рэпартажу вынікае, што Марына Малчанава не рабіла запісаў ад рукі або на дыктафон, таму немагчыма даказаць, што гэта яна зрабіла тэкставую версію для сайта «Белсат», адзначыла адвакат. Яна пацікавілася, чаму міліцыянты не шукалі відэааператара, чаму не звярнуліся за тлумачэннямі ў рэдакцыю «Белсат». «Адміністрацыйны працэс вядзецца не ў поўным аб'ёме», - адзначыла адвакат і назвала гэту справу абсурднай.

Пасля гадзіннага перапынку судздзя Наталля Чарапуха агучыла пастанову: прызнаць віну Малчанавай ў парушэньні артыкула 22.9 ў другой частцы даказанай, і пакараць яе штрафам у 32 базавых велічынь (4 800 000 рублёў).

Марына Малчанава выказала жаданне падаваць касацыйную скаргу ў абласны суд.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках