2 траўня 2024, Чацвер, 13:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Роскомнадзор: Google, Facebook і Twitter павінны зарэгістравацца

8
Роскомнадзор: Google, Facebook і Twitter павінны зарэгістравацца

Наглядная ўстанова накіравала тром парталам паведамленні аб патрэбе рэгістрацыі.

Пасля другога папярэджання сайт можа трапіць у чорныя спісы.

Роскомнадзор адправіў амерыканскім інтэрнэт-сэрвісам Facebook, Gmail і Twitter паведамленні аб патрэбе зарэгістравацца ў Расеі ў якасці арганізатараў распаўсюду інфармацыі. «Вконтакте», сэрвісы «Яндэкса» і Mail.Ru ужо ўключаныя ў адпаведны рэестр, «Хабрахабр» - у працэсе рэгістрацыі. Пра гэта «Известиям» распавёў намеснік кіраўніка нагляднай установы Максім Ксянзоў.

- Мы ўсім накіравалі паведамленні і так ці інакш прымусім выканаць закон, - кажа Ксянзоў. - Яны кансультуюцца паміж сабой, маюць стасункі з каліфарнійскімі юрыдычнымі службамі. Мы з імі таксама вядзем кансультацыі і пакуль спецыяльна не прыспешваем.

1 жніўня ўвайшлі ў дзеянне падпісаныя прэзідэнтам Расеі 5 траўня папраўкі ў законы "Аб інфармацыі, інфармацыйных тэхналогіях і аб абароне інфармацыі», «Аб сувязі» і ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (КаАП). Гэтым законапраектам блогераў, у якіх колькасць чытачоў складае ад 3 тысяч у дзень, абавязалі выконваць шэраг абмежаванняў, аналагічных правілам для СМІ.

Гэтым жа законам уведзеныя патрабаванні для сайтаў і сістэм, якія забяспечваюць прыём, перадачу, дастаўку і (або) апрацоўку электронных паведамленняў карыстальнікаў Сеткі. Зарэгістраваўшыся ў Роскомнадзоры ў якасці арганізатара распаўсюджвання інфармацыі, такі сайт павінен цягам шасці месяцаў захоўваць «на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі інфармацыю пра факты прыёму, перадачы, дастаўкі і (або) апрацоўкі галасавой інфармацыі, пісьмовага тэксту, малюнкаў, гукаў ці іншых электронных паведамленняў карыстальнікаў сеткі інтэрнэт». За невыкананне гэтага патрабавання пагражае штраф: для юрыдычных асоб - да 500 тысяч рублёў.

Ксянзоў адзначыў, што асноўныя расейскія пляцоўкі ўжо зарэгістраваныя. У адмысловы рэестр ўнесеныя «Вконтакте», сэрвісы «Яндэкса», Mail.Ru Group ды інш. Інтэрнэт-рэсурс аб IT, што папаўняецца карыстальнікамі - «Хабрахабр» - цяпер у працэсе ўнясення ў рэестр распаўсюджвальнікаў інфармацыі.

Паведамленні аб патрэбе рэгістрацыі ў адрас Facebook, Gmail і Twitter накіраваныя з ініцыятывы Роскомнадзора.

- Калі яны не будуць выконваць патрабаванні расейскага заканадаўства, да іх будуць ужытыя меры адміністрацыйнага ўздзеяння, - адзначыў Ксянзоў. - Гэтыя тры рэсурсы павінны прыняць пастанову з нагоды размяшчэння сваіх дата-цэнтраў у Расеі і аб законах аб блогерах. Яны рыхтуюцца і хочуць выконваць закон.

Прадстаўнікі Google, Facebook і Twitter не адказалі на запыты «Известий».

- Сапраўды, мы атрымалі паведамленне аб унясенні «Хабрахабра» ў рэестр распаўсюджвальнікаў інфармацыі. Адпаведны запіс з'явіўся ў рэестры на сайце Роскомнадзора, - паведаміў выдавец гэтага праекта Дзяніс Кручкоў. - Мы ўжо паведамілі пра гэта карыстальнікам. Больш нічога не магу сказаць. Мне складана што-небудзь каментаваць.

На думку намесніка дырэктара Расейскай асацыяцыі электронных камунікацый (РАЭК) Сяргея Грэбеннікава, правільна, што Роскомнадзор не робіць рэзкіх рухаў і не цісне на замежныя кампаніі.

- Мне не трэба, каб Расею сталі на Захадзе вінаваціць у цэнзуры і іншых грахах, - упэўнены ён. - Роскомнадзор заўсёды выступае за дыялог з галіной. Вядома, закон трэба выконваць, калі ён прыняты. Упэўнены, што і з дапамогай РАЭК будзе знойдзенае развязанне: як правільна ўзаемадзейнічаць з замежнымі кампаніямі. У пазітыўным развязанні зацікаўленыя ўсе бакі.

- Магчымы штраф - не галоўнае, - адзначае начальнік юрыдычнага аддзела Каардынацыйнага цэнтра нацыянальнага дамена сеткі інтэрнэт Сяргей Капылоў. - Калі сайты не зарэгіструюцца, Роскомнадзор мае права накіраваць другое патрабаванне аб ліквідацыі парушэння, якое павінна быць выкананая цягам 15 дзён. У адваротным выпадку ўстанова мае права ўключыць пляцоўку ў чорны спіс, гэта значыць заблакаваць яе для расейскіх карыстальнікаў сеткі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках