2 траўня 2024, Чацвер, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гатэльнага комплексу «Кемпінскі» ў Менску не будзе

43
Гатэльнага комплексу «Кемпінскі» ў Менску не будзе

На будоўлі лукашэнкаўскага алігарха Чыжа знойдзены шмат якія парушэнні.

Будоўля комплексу знішчыла гістарычны будынак першай менскай электрастанцыі і незваротна змяніла панараму цэнтра беларускай сталіцы.

«Я б таксама хацела гэта ведаць», - адказвае на пытанне «Радыё Свабода» «Калі дабудуецца комплекс?» адзін з тэлефонных нумароў кампаніі «Трайпл».

«Трайпл» - група кампаній блізкая да беларускага прэзідэнта алігарха Юрыя Чыжа, - адзін з заснавальнікаў кампаніі-замоўцаў будаўніцтва (разам з расейскім «Сіці Эстэйт») - «Эліт Эстейт» (Elite Estate JLCC company).

З Нацыянальнага прававога партала знік і тэкст указу Лукашэнкі ад 11.05.2010 № 243 «Аб умовах будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў Менску». Менавіта гэтым указам «Эліт Эстэйт» даваліся надзвычайныя льготы для пабудовы комплексу. Гэты ж указ вызначыў першую дату яго ўвядзення ў эксплуатацыю - да 31 снежня 2013 года.

Няма на партале і ўказа №86 ад 21 лютага 2014 года, дзе адкрыць комплекс загадвалі да 1 траўня.

Прадстаўніца прэс-службы Камітэта дзяржаўнага кантролю, на які ўскладзены кантроль за выкананнем указа, паведаміла, што інфармацыі на гэты конт не мае.

Генеральны праектант - маскоўская архітэктурная майстэрня «СПіЧ» - каментаваць працэс рэалізацыі праекта і дату ўвядзення ў эксплуатацыю ветліва адмовілася, спаслаўшыся на дамоўленыя абавязанні перад замоўцаў.

Ніякіх каментароў не дае і генеральны выканаўца - славенская фірма «Riko doo». Паказаны ў пашпарце аб'екта як адказная асоба Віталь Копаць на пытанне, калі ўсё ж закончыцца будаўніцтва, адпраўляе да таго ж «Эліт Эстэйт».

«Пры паралельным праектаванні гэта вельмі цяжка. Пазіцыя замоўцы - ніякіх каментароў, фатаграфій. Мы простыя будаўнікі», - распавёў праз тэлефон Копаць.

«Група Kempinski Hotels SA не мае ніякіх пагадненняў аб нерухомасці ў Беларусі», - адказала Марыя Кун, віцэ-прэзідэнтка піяр-дэпартамента Жэнеўскага офіса кампаніі.

Няма менскага «Кемпінскі» і сярод гатэляў, бліжэйшае адкрыццё якіх група анансуе на сваім сайце.

«Чаму ўсе называюць яго «Кемпінскі»? Ужо ў адной назве ідзе фальсіфікацыя, - абураецца старшыня таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч. - Каб стаць «Кемпінскі», яму трэба быць пабудаваным і адпавядаць усім нарматывам, якія высоўваюцца групай «Кемпінскі» канкрэтнаму гатэлю для продажу свайго брэнда».

Пра тое, што каля цырка будзе менавіта «Кемпінскі», Лукашэнка сам напісаў ва ўказе №243. Брэнд прыкрыў сабой з'яўленне ў самым цэнтры прыватных апартаментаў (блізу 14 тысяч кв м) і офісаў (блізу 15 тысяч кв м) , а яшчэ 23 тысячы кв м у праекце адведзена на паркоўку ды іншыя дапаможныя пабудовы. Тыя ж 23 тысячы кв м згодна з праектам займае і будынак гатэля.

Прычым усё гэта суправаджаецца парушэннямі заканадаўства аб ахове гістарычных помнікаў, абвінавачваннямі ў карупцыі і грамадскім абурэннем.

Дзяржаўная ж прапаганда ў канцы 2009 года паказвала будаўніцтва комплексу так, быццам «Кемпінскі» ледзь не ўпрошваў Лукашэнку даць магчымасць адкрыць гатэль у Менску.

Славенская фірма-забудоўнік Riko ўслых абвяшчала аб будаўніцтве «Кемпінскі» ў Менску і два гады таму спрабавала выкрасліць свайго партнёра Юрыя Чыжа з «чорнага спісу» Еўразвязу, насуперак палітыцы пашырэння еўрасанкцый супраць Беларусі. Пабудова гатэля, паводле падлікаў Riko, каштавала 57 мільёнаў, а комплекс цалкам павінен быў абысціся ў 100 мільёнаў еўра.

Перад чэмпіянатам свету ў хакеі будаўнічы запал уладаў не абышоў і брэнд «Кемпінскі». Менавіта пад гэтую падзею, дзякуючы згаданаму ўказу, кампанія Чыжа атрымала экстраардынарны льготны рэжым.

Аднак да чэмпіянату свету гатэль так і не адкрыўся.

Акрамя перспектывы адвыкаць ад прыліплай да будынка назвы «Кемпінскі», грамадскасць чакаюць і іншыя неадназначныя сюрпрызы.

На праектах, які падрыхтаваў «СПіЧ», добра відаць адноўлены побач з гатэлем будынак першай менскай электрастанцыі. Гэты помнік архітэктуры стаў ахвярай скандальнай пабудовы. Антон Астаповіч два гады таму нават ініцыяваў распачынанне крымінальнай справы супраць мэра Менска Мікалая Ладуцькі ды іншых дзяржаўных чыноўнікаў.

Справа скончылася нічым, але «Эліт-Эстэйт» абавязалі аднавіць гістарычны будынак на набярэжнай. Маскоўскія архітэктары кранальна распавядалі менчукам пра тое, як гэта будзе зроблена.

Але на запланаваным месцы гістарычнага будынка няма. На ўмовах ананімнасці ў архітэктарскім асяроддзі распавялі, што пастанова не аднаўляць будынак ужо прынятая.

«Электрастанцыю сапраўды разабралі, каб пабудаваць «Кемпінскі». Але згодна з заканадаўствам помнікі знішчаць нельга. Таму знайшлі кампраміснае развязанне: будынак «разрэзалі на фрагменты» з патрабаваннем аднавіць яго ў іншым месцы - распавядае крыніца. - Цяпер нібыта кажуць, што няма тэхнічнай магчымасці. Але праект рыхтаваўся шмат гадоў, і мала верыцца ў тое, што гэта так. Проста не хочуць».

Ігар Чарняўскі, начальнік управы аховы гісторыка-культурнай спадчыны і культуры ў міністэрстве, кажа, што сітуацыю з аднаўленнем помніка архітэктуры Міністэрства адсочвае, але не ведае, ці ён ужо адноўлены:

«Пастанова выконвае ролю закона. Мы мяркуем, што яна павінна быць зрэалізаваная. Мы не ходзім і не сочым за новым будаўніцтвам. У нас ёсць канкрэтныя адказныя - гэта мясцовыя органы кіравання. У гэтай сітуацыі ў нас дастаткова кантрольных і наглядальных органаў. Але нашая пазіцыя такая».

Архітэктары звяртаюць увагу і на тое, што новы будынак атрымаўся незапланавана высокім. Маўляў, міністэрства культуры пагадзілася, каб комплекс быў у перспектыве не вышэйшы за дом, які стаяў на рагу праспекта Незалежнасці і вуліцы Янкі Купалы. А новы гмах «забівае» сабою ўвесь праспект.

Два гады таму тагачасны міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі пажадаў будучым наведвальнікам «Кемпінскі» ў Менску памятаць пра беларускіх палітвязняў. Цяжка меркаваць, наколькі такія сімпатыі ўласцівыя мэнэджэрам «Кемпінскі».

У тым жа 2012 «Кемпінскі» абвясціў, што стане аператарам гатэля «Руген» у Пхеньяне.

Гісторыя найвышэйшага хмарачоса Паўночнай Карэі, які будуецца ўжо амаль 30 гадоў, была надзвычай падобнай да той, якая адбываецца ў Менску.

Праз год «Кемпінскі» ад супрацоўніцтва з паўночнакарэйскім хмарачосам адмовіўся. А гатэль «Руген» здабыў славу «самага высокага бязлюднага будынка». Падобную да той, якую мае іншы мегапраект Юрыя Чыжа - дом «Ля Траецкага», адзінкавых жыхароў якога вылічваюць дзякуючы запаленаму вечарамі святлу ў вокнах.

Напісаць каментар 43

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках