5 траўня 2024, Нядзеля, 7:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трэнер БАТЭ: Хочацца рэабілітавацца пасля Порту

12
Трэнер БАТЭ: Хочацца рэабілітавацца пасля Порту

30 верасня каманда правядзе матч другога тура групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў супраць гішпанскага клуба «Атлетык» з Більбао.

«Хочацца рэабілітавацца пасля няўдалай гульні ў Порту, гарым жаданнем даказаць, што можам годна супрацьстаяць знакамітым еўрапейскім клубам», - заявіў галоўны трэнер барысаўскага БАТЭ Аляксандр Ермаковіч 29 верасня на прэс-канферэнцыі на «Барысаў-Арэне», паведамляе БелаПАН.

30 верасня каманда правядзе тут матч другога тура групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў супраць гішпанскага клуба «Атлетык» з Більбао. «Нягледзячы на не зусім спрыяльны псіхалагічны фон пасля трох запар нічыіх у нацыянальным першынстве, веру ў нашых хлопцаў. У тым ліку, і ў тое, што яны псіхалагічна справяцца з гэтай сітуацыяй», - адзначыў трэнер.

З ягоных слоў, праз прастуду ў матчы не возьме ўдзел адзін з лідараў БАТЭ, апорны паўабаронца Дзмітрый Ліхтаровіч. Таксама пад пытаннем удзел у паядынку яшчэ аднаго ключавога футбаліста барысаўскай каманды, форварда Віталя Радзівонава. Ён атрымаў траўму ў апошняй гульні чэмпіянату краіны з наваполацкім «Нафтанам».

Адказваючы на пытанне, ці не з'яўляецца «Атлетык» больш зручным спаборнікам у параўнанні з астатнімі камандамі групы - «Порту» і данецкім «Шахцёрам», настаўнік БАТЭ адзначыў: «Не згодны з такой пастаноўкай пытання. Пакуль мы гулялі толькі з партугальцамі. Таму яшчэ рана даваць абагульненую ацэнку. Калі правядзем матчы з усімі трыма камандамі, тады і можна будзе рабіць высновы. Гішпанскі клуб у рэкламе не мае патрэбы. Ён уяўляе топавы еўрапейскі чэмпіянат. У ім сабраныя тэхнічныя гульцы, вельмі моцныя індывідуальна. Але мы ўпэўненыя ў сваіх сілах і спадзяемся на дапамогу балельшчыкаў. А калі і самі зловім кураж і будзе спадарожнічаць поспех, тады зможам на роўных супрацьстаяць знакамітаму спаборніку».

«Атлетык» - моцная каманда, ёй уласціва дзейнічаць за кошт рызыкі, куража. Аднак і яе можна перамагаць. Наша задача - не дазволіць гішпанцам гуляць у той футбол, да якога яны прывыклі», - заявіў на прэс-канферэнцыі форвард БАТЭ Мікалай Сігневіч.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках