3 траўня 2024, Пятніца, 6:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чырвонаармейцы пад знакам «Пагоні»?

1

У пошукавым батальёне мяркуюць, што знайшлі магілы савецкіх жаўнераў, аднак знаходкі сведчаць пра іншае.

Паводле «Гарадзенскай Праўдзе» ад 13 жніўня, на ўскраіне Гародні ў мікрараёне Фолюш знойдзеныя парэшткі больш за 60 чалавек. Раскопкамі займаецца рота 52-га асобнага пошукавага батальёна, піша «Наша Нiва».

«Спадарожныя знаходкі - нажы, гузікі, рэшткі абмундзіравання і абутку сведчаць аб тым, што тут пахаваныя байцы Чырвонай Арміі, якія трапілі ў палон на пачатковым этапе вайны», - распавядае камандзір роты Павел Галецкі.

Сапраўды, на Фолюшы размяшчаўся лагер для савецкіх вайсковапалонных ў пачатку вайны - знакаміты Шталаг 324 (у некаторых крыніцах - Шталаг 353). У 2008 тут ужо праводзіліся раскопкі, падчас якіх былі знойдзеныя парэшткі «2000 жаўнераў і афіцэраў», перапахаваных пасля ў брацкай магіле ў Аульсе. У савецкі час Надзвычайная камісія ацэньвала прыкладную колькасць ахвяр лагера ў 18 000.

Але адкуль у пахаваннях гузікі з «Пагоняй» (а іх як мінімум 3 з пяці, паказаных на фота), якія трапілі ў артыкул «Гарадзенскай праўды»? Гузік, прадстаўлены на фота, хутчэй за ўсё быў зробленая пасля 1935 і выкарыстоўваўся літоўскай арміяй і МУС. Пры дапамозе ваеннага гісторыка Дзмітрыя Люціка атрымалася вылучыць некалькі версій.

Версія I: Літоўскі корпус

На аснове ўзброеных сіл незалежнай Літвы ў 1940 годзе быў створаны 29 стралковы корпус Чырвонай арміі. Служылі там літоўцы, пад кіраўніцтвам савецкіх камандзіраў, пры гэтым даношвалі сваю старую форму, прымацаваўшы да яе знакі РККА. Тэарэтычна, у шталаг маглі патрапіць палонныя як раз з «літоўскага корпуса».

Але калі б нейкія літоўцы нават і апынуліся ў лагеры, ім было б нашмат прасцей, чым «савецкім людзям», вырвацца адтуль праз Літоўскі камітэт, які легальна дзейнічаў на цягам вайны ў Гародні.

Літоўскі жаўнер - калі прыгледзецца, бачныя Пагоні на гузіках.

Версія II: літоўскія ахоўнікі

Лагер для вайсковапалонных РККА існаваў на Фолюшы да восені 1942 года, пасля яго ж выкарыстоўвалі як перасыльны лагер для габрэяў, якіх адсюль везлі ў Асвенцым і Трэблінцы. Тэарэтычна гузікі маглі належаць літоўскім паліцэйскім, якія былі задзейнічаны ў ахове на тым ці іншым этапе існавання Шталагу. Але ўлічваючы, што артэфакт не адзінкавы і быў знойдзены непасрэдна сярод трупаў - такі варыянт застаецца малаверагодным.

Версія III: фільтрацыйны савецкі лагер

У працы, прысвечанай гісторыі Фолюша вайскоўца Аляксандра Севенкі ёсць такі пасаж: «У 1945 - пачатку 1946 (паводле некаторых сведчанняў і ў першай палове 1950-х) прыкладна на тым жа месцы, дзе знаходзіўся шталаг 324, быў разгорнуты лагер-каранцін для савецкіх грамадзян, якія вяртаюцца на Радзіму з нямецкага палону».

Кажучы звычайнай мовай, гэта - фільтрацыйны лагер, дзе «ахвяраў» аддзялялі ад «памагатых» і «схаваных агентаў». Для адных адкрываўся шлях на волю, іншых чакала Сібір, павешанне ці расстрэл. Сярод другой катэгорыі цалкам маглі трапіцца і літоўцы, якія змагаліся супраць Савецкага Саюза.

Беларуская версія

Варта адзначыць таксама, што элементы літоўскай вайсковай атрыбутыкі з «Пагоняй» выкарыстоўваліся і беларускімі фармаваннямі як часоў БНР, так і цягам Другой сусветнай. У апошнім выпадку гэта тычыцца беларускіх частак самаабароны або некаторых паліцэйскіх батальёнаў. Так, напрыклад, баец Слонімскай самаабароны Пётр Пархута успамінае, як кукарды з Пагоняй ім прывозілі з Вільні, так як сваіх не было.

Баец самаабароны ў літоўскай форме (Слонім, верасень 1942).

Пра «літоўскую Катынь» казаць рана

Наогул, Фолюш аж да пачатку 1990-х быў закрытым вайсковым гарадком. Цяпер тут знаходзяцца па суседстве воінская часць і жылы мікрараён. Цягам усёй сваёй гісторыі раён займалі вайскоўцы - спачатку царскія, потым польскія, з 1939 - савецкія. Улічваючы закрыты статус тэрыторыі, рабіцца тут магло што заўгодна, і хаваць тут маглі каго заўгодна.

Пры гэтым варта прыняць да ўвагі частыя недакладнасці ў працы пошукавых батальёнаў, а таксама прэцэдэнты спробаў выдаць пахавання ахвяр савецкіх рэпрэсій за ахвяраў немцаў (Курапаты, Катынь).

Пра «літоўскую Катынь» 1940-га ці 1946-га казаць, вядома, рана. Але ў любым выпадку, як справядліва заўважыў гісторык Андрэй Вашкевіч, Літоўскаму Інстытуту нацыянальнай памяці ёсць над чым папрацаваць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках