2 траўня 2024, Чацвер, 23:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справы аб знікненні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага праз тры тыдні закрыюць

25
Справы аб знікненні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага праз тры тыдні закрыюць

Крымінальныя справы закрыюць «у сувязі з заканчэннем тэрміну даўніны».

Тэрмін расследавання крымінальнай справы аб знікненні былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі сканчаецца 24 верасня, а 16 верасня спаўняецца 15 гадоў з дня знікнення палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, паведамляе «Радыё Свабода».

Такім чынам, у верасні з інтэрвалам у тыдзень абедзве справы аб знікненні вядомых палітыкаў могуць проста закрыць з фармулёўкай «у сувязі з заканчэннем тэрміну даўніны».

Кіраўніца «Беларускага дакументацыйнага цэнтра» Раіса Міхайлоўская не выключае, што так і будзе.

- І мы мяркуем, што гэта будзе «час ікс». З заканчэннем гэтага 15-гадовага тэрміну яны могуць гэтыя справы закрыць. І пацярпелыя могуць азнаёміцца ў такім выпадку з усімі матэрыяламі расследавання. Але тут трэба памятаць магчымасці нашых уладаў, што некаторыя матэрыялы могуць засакрэціць, могуць не паказаць родным і іх прадстаўнікам. Але ў любым выпадку гэта магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі спраў.

- Ці меў хто-небудзь магчымасць дагэтуль азнаёміцца з матэрыяламі справы?

- Не, да дагэтуль ніхто не знаёміўся. Толькі раней была прызнаная пацярпелай у справе Захаранкі ягоная жонка Вольга, якая жыве ў Нямеччыне. Таму азнаёміцца з матэрыяламі справы можна будзе ў тым выпадку, калі прымуць пастанову аб закрыцці справы праз заканчэнне тэрміну даўнасці. Справу Захаранкі раней падоўжылі да 24 верасня.

Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам пацярпелыя маюць даволі шырокія правы - заяўляць хадайніцтвы, скаргі, знаёміцца з матэрыяламі справы, абскардзіць пастановы працэсуальнага органа, заяўляць адводы і гэтак далей, кажа кіраўнік праваабарончага аб'яднання «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак:

«Калі першы год следчыя яшчэ штосьці пыталіся ў родных, сваякоў, то, напэўна, ужо гадоў 14 ніхто не выклікаў ні сваякоў, ні адвакатаў, ні прадстаўнікоў. Хоць справы быццам бы трымаюцца на кантролі, але ніхто не напружваецца».

Цяпер ёсць надзея, што пацярпелыя ў справе змогуць азнаёміцца з матэрыяламі расследаванняў. Але, да прыкладу, некаторыя сваякі зніклых знаходзяцца за межамі Беларусі - гэта жонка Анатоля Красоўскага Ірына і дачка Валерыя, жонка Юрыя Захаранкі Вольга і дачка Алена, - і яны не змогуць азнаёміцца са справамі. Таму маці Захаранкі Ульяна Рыгораўна даўно звярнулася з заявай, каб і яе прызналі пацярпелай у справе сына, тлумачыць прадстаўнік сям'і Захаранкі праваабаронца Алег Воўчак:

«Чаму мы настойвалі - таму што жонка Вольга і дачка Алена ў Нямеччыне, і калі справа будзе закрытая 24 верасня, яны, натуральна, сюды не прыедуць, таму што яны атрымалі статус бежанцаў. Дзякуй богу, маці Ульяна Рыгораўна жывая, і яна можа атрымаць статус яшчэ адной пацярпелай у справе. Спачатку нам адмовілі, сказалі, што двух дастаткова, хоць у любой справе можна і 10, і 20 мець пацярпелых - абмежаванняў няма. Гэта права родных і сваякоў».

Пасля некалькіх скаргаў Ульяны Захаранкі прыйшоў адказ са Следчага Камітэта: 14 ліпеня яе зацвердзілі пацярпелай. А нядаўна стала вядома, што следчы Вараўка ў суправаджэнні некалькіх чалавек прыехаў да 90-гадовай жанчыны, не прадставіўся, напалохаў і даў падпісаць нейкую паперку. Якую - дагэтуль пытанне, не кажучы ўжо пра маральны аспект, калі следчы не растлумачыць жанчыне сталага веку, што яна падпісвае і навошта прыехалі следчыя, заўважае праваабаронца Алег Воўчак:

«Вараўка і іншыя следчыя - усе ўсё добра ведаюць, шлюць паведамленні аб падаўжэнні тэрмінаў, каб я перадаў сваякам. Маглі б чыста па-чалавечы патэлефанаваць, сказаць, што «мы пад'едзем, каб бабуля не ехала, можаце і вы прысутнічаць». Але ў мяне ёсць іншае пытанне: а калі яны іншыя паперкі далі бабулі падпісаць? Мы ж не ведаем. А што, калі яны далі паперку такога кшталту: маўляў, «я з матэрыяламі справы азнаёмілася, прэтэнзій не маю», і ўсё астатняе?»

І ўсё ж, ці ёсць надзея, што справы знікненняў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага будуць расследаваныя да канца? Калі б іх перакваліфікавалі на іншы артыкул, які не мае тэрміну даўнасці, ці магло б нешта змяніцца? Вольга Захаранка і Ірына Красоўская, якія жывуць за межамі Беларусі, напісалі заявы з просьбай аб'яднаць справы аб знікненні іх мужоў і перакваліфікаваць іх са 101 артыкула Крымінальнага кодэкса, які дзейнічаў да 2000 года, на артыкул 128 - «злачынствы супраць бяспекі чалавецтва». Але на гэта павінна быць палітычная воля, перакананая кіраўніца «Беларускага дакументацыйнага цэнтра» Раіса Міхайлоўская:

«Следчы Юрый Вараўка адказаў адмовай. Мы разумеем, што юрыдычна такое магчыма толькі пры палітычнай волі, скажам так. Але, з іншага боку, яны могуць і не закрываць гэтыя справы да поўнага расследавання, да знаходжання вінаватых, да знаходжання целаў - гэта значыць да нейкай лагічнай кропкі».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках