«Газпромбанк» наняў экс-сенатараў ЗША ў якасці лабістаў
- 3.09.2014, 12:12
- 4,207
Былыя заканадаўцы Лот і Бро будуць прадстаўляць інтарэсы расейскага банка, які патрапіў пад амерыканскія санкцыі.
Трапіўшы пад санкцыі Захаду трэці найбуйнейшы банк Расеі, «Газпромбанк», наняў двух былых амерыканскіх сенатараў для лабіравання сваіх інтарэсаў у Вашынгтоне, перадае «Голас Амерыкі».
Былы лідэр сенацкай большасці Трэнт Лот (на фота) і экс-сенатар Джон Бро пазначаныя як лабісты даччынай кампаніі банка, згодна з дэкларацыі, накіраванай у Сенат на мінулым тыдні юрыдычнай і лабісцкай фірмай Squire Patton Boggs.
Прадстаўнікі Squire Patton Boggs адмовіліся ад каментароў.
У дэкларацыі паказваецца, што Лот і Бро сфакусуюць сваю працу на банкаўскім заканадаўстве і нормах, «уключаючы адпаведныя санкцыі».
Першай аб дэкларацыі паведаміла маніторынгавая арганізацыя «Цэнтр за добрасумленнасць дзяржаўнай службы» (Center for Public Integrity).
Адным з уладальнікаў Газпромбанка з'яўляецца расейская энергетычная кампанія ААТ «Газпром». У ліпені некалькі краін абмежавалі магчымасці Газпромбанка ў павелічэнні доўгатэрміновага капіталу праз заходнія фінансавыя рынкі ў адказ на дзеянні Расеі ў падтрымцы сепаратыстаў на ўсходзе Украіны.
Да моманту сваёй адстаўкі ў 2007 годзе Лот, рэспубліканец з Місісіпі, прапрацаваў у Кангрэсе 34 гады. Лот і Бро, дэмакрат з Луізіяны, заснавалі ўласную лабісцкую фірму Breaux Lott Leadership Group, якую ў 2010 годзе набыла Squire Patton Boggs.
Фота: AP