3 траўня 2024, Пятніца, 2:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Washington Times: Абама ўважаў ліхадзеяў Асада і Пуціна за сяброў ЗША

6
The Washington Times: Абама ўважаў ліхадзеяў Асада і Пуціна за сяброў ЗША

Асцярогі з нагоды таго, што Абама недаацаніў ісламісцкую і расейскую пагрозы, узмацняюцца.

Пачынаючы з Расеі і заканчваючы Сірыяй, Іракам і "Аль-Кайдай", прэзідэнт ЗША і ягоныя дарадцы недаацанілі матывы і здольнасці супраціўнікаў, піша The Washington Times (пераклад — Инопресса.ру).

"У шэрагу выпадкаў каманда Абамы першапачаткова ўважала "ліхадзеяў" за партнёраў ЗША - так было з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным і прэзідэнтам Сірыі Башарам Асадам, - адзначае аўтар артыкула. - У іншых выпадках Абама кпліва называў апантаную тэрарыстычную групоўку ІДІЛ "школьнай спартовай камандай", казаў , што "Аль-Кайда" дала лататы, і абвяшчаў Ірак бяспечнай краінай, вывеўшы ўсе войскі насуперак парадам вайскоўцаў".

"Мне здаецца, што адміністрацыя Абамы надавала больш увагі наладжванню стасункаў з супраціўнікамі (Расеяй, Іранам і Сірыяй да пачатку пратэстаў "арабскай вясны"), чым прасоўванню нацыянальных інтарэсаў ЗША і нашых хаўруснікаў, - распавёў Джэймс Філіпс з Heritage Foundation. - У выніку шмат якія хаўруснікі накшталт Ізраіля, Савудаўскай Арабіі, Егіпта і Ярданіі страцілі веру ў лідэрства адміністрацыі. Прызнанне прэзідэнта ў тым, што ў яго няма стратэгіі барацьбы з ІДІЛ, наўрад выкліча давер да ягоных лідэрскіх якасцяў".

"У некалькіх крызісах прэзідэнт і ягоныя дарадцы дапусцілі недакладнасці пры аналізе замежных падзей і вызначэнні шкодных дзейных асоб", - канстатуе выданне і падае некалькі прыкладаў.

У 2012 годзе кандыдат ад Рэспубліканскай партыі Міт Ромні ў часе перадвыбарнай барацьбы назваў Расею галоўным геапалітычным супраціўнікам ЗША, даўшы Абаму магчымасць паглуміцца з сябе: "Губернатар Ромні, я рады, што Вы згодны, што "Аль-Кайда" з’яўляецца пагрозай, бо пару месяцаў таму, калі Вас папрасілі назваць галоўную геапалітычную пагрозу для Амэрыкі, вы адказалі не “Аль-Каіда", а "Расея". Вы назвалі Расею. І цяпер вам тэлефануюць з 1980-х і просяць вярнуць ім іхнюю замежную палітыку, бо халодная вайна скончылася 20 гадоў таму".

Яшчэ да выбараў амэрыканскі лідэр, не ведаючы, што ягоны мікрафон увамкнуты, сказаў прэзідэнту Расеі Дзмітрыю Мядзведзеву, што Пуцін павінен даць яму "больш прасторы".

"Невядома, ці прыняў Пуцін гэтыя заявы і дзеянні за прыкметы слабасці. Аднак сёлета ён загадаў уварвацца на тэрыторыю незалежнай Украіны і анэксаваць Крымскую паўвыспу, не звяртаючы ўвагі на пратэсты Абамы і пагрозы санкцый", - піша журналіст.

Іншы прыклад непразорлівасці Абамы - вывад войскаў з Ірака. У снежні 2011 года кіраўнік Белага дома заявіў, што амэрыканскія войскі "пакідаюць пазадзе сябе незалежны, стабільны і самадастатковы Ірак з абраным народам рэпрэзэнтацыйным урадам".

Пасля гэтага байцам "Аль-Кайды" спатрэбілася толькі некалькі тыдняў, каб зноў шунуць у Ірак і заатакаваць новы ўрад. У студзені сёлета, калі адгалінаванне "Аль-Кайды" - ІДІЛ - перайшло ў наступ у Сірыі і на захадзе Іраку, прэзідэнт адгукнуўся аб ім грэбліва.

"Вось аналогія, якую мы часам выкарыстоўваем і якая здаецца мне дакладнай: калі гульцы школьнай баскетбольнай каманды адзенуць форму [Los Angeles] Lakers, яны не загуляюць, як Кобі Браянт, - заявіў Абама ў інтэрв'ю часопісу The New Yorker. - Думаю, існуе адрозненне паміж магчымасцямі і маштабамі дзеянняў [Асамы] бін Ладэна разам з сеткай, што актыўна займаецца планаваннем буйных тэрарыстычных актаў на тэрыторыі Злучаных Штатаў, і джыхадзістаў, залучанымі ў рознага кшталту барацьбу за ўладу на мясцовым узроўні і спрэчкі, якія часта маюць рэлігійны характар".

За тры гады да гэтага Джон Брэнан, цяпер дырэктар ЦВА, а у той час галоўны дарадца Абамы ў барацьбе з тэрарызмам, назваў "абсурдам" "грандыёзныя планы" Аль-Кайды "прыйсці да сусветнага панавання праз стварэнне жорсткага ісламскага халіфата".

Сёння, як вядома, ІДІЛ абвясціла халіфат на значнай частцы тэрыторый Ірака і Сірыі.

"Толькі за некалькі месяцаў "пераладаванне" ў стасунках з Расеяй змянілася шкадаваннямі. ІДІЛ ператварылася з "школьнай каманды" ў "неўнікнёную пагрозу", - заявіў Люк Кофі, аналітык Heritage Foundation. - Гэтая адміністрацыя звыкла думаць, што можна схаваць галаву ў пясок і спадзявацца, што праблемы абладзяцца самі сабой".

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках