3 траўня 2024, Пятніца, 1:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Няўдалы турыстычны сэзон: расплата за «КрымНаш»

97
Няўдалы турыстычны сэзон: расплата за «КрымНаш»

Увесну «ўлады» Крыма чакалі ад цяперашняга турыстычнага года 8 мільёнаў гасцей.

Лета скончылася, але папярэднія вынікі вельмі далёкія ад запаветнай лічбы. На гэты момант (нават паводле завышаных афіцыйных звестак) Крым наведалі толькі 2,3 мільёна турыстаў. Цяпер прагнозы уладаў значна больш сціплыя, чым у сакавіку, - толькі 3 мільёны чалавек на канец года. Што ўдвая ніжэй за леташні паказчык. Зрэшты, на думку незалежных экспэртаў, рэальныя страты будуць яшчэ больш важкія, чым прыхарошаная афіцыйная статыстыка, піша ru.krymr.com.

Паводле звестках чыноўнікаў з крымскага «міністэрства курортаў і турызму», на канец лета з 2,3 млн турыстаў, якія наведалі Крым, 2 млн (87%) прыбылі з Расейскай Федэрацыі. Для параўнання падамо лічбы мінулых гадоў.

Лічбы і даходы

Апошнімі гадамі Крым наведвалі блізу 6 мільёнаў турыстаў за год (зноў-такі афіцыйныя звесткі), з іх 65-70% складалі госці з кантынэнтальнай часткі Украіны. Дзель расейцаў была толькі 20%.

Такім чынам, сёлета мы прадказальна бачым зніжэнне турыстычнай плыні, найперш за кошт таго, што на паўвыспу едзе мала ўкраінцаў. Паводле афіцыйных звестак, іх было толькі 300 тысяч. Пры гэтым даволі складана сказаць, хто з іх прыязджаў у Крым менавіта з турыстычнымі мэтамі. Бо ў шмат каго тут засталіся справы, пра якія большасць не мерылася гутарыць з памежнікамі.

А на думку экс-міністра курортаў Крыму Аляксандра Ліева, 300 тысяч прыезджых з кантынэнтальнай Украіны, аб якіх кажуць цяперашнія крымскія чыноўнікі, - гэта наогул збольшага жыхары Данецкай і Луганскай абласцей, то бок уцекачы, якія размяшчаюцца на паўвыспе бясплатна.

Пацвярджаюць гэта меркаванне і гатэльеры. Так, дырэктар аднаго з гатэляў на Паўднёвым беразе Крыму ў камэнтары для «Крым.Реалии» адзначыў, што данецкіх і луганскіх сярод «адпачывальнікаў» была пераважная большасць. Колькасць жа расейцаў зусім не павялічылася. У выніку гатэлі страчвалі грошы, а, магчыма, калі так і далей пойдзе, услед за грашыма страцяць і частку супрацоўнікаў.

Не раскашуюць і міні-гатэлі, а таксама прыватны сэктар. Старшыня ўправы Асацыяцыі малых гатэляў Крыма Валянціна Марнапольская распавяла, што занятасць крымскіх міні-гатэляў у гэтым сэзоне сталася на 30-40% ніжэйшай, чым годам раней. «У нас змяніўся турыст, упершыню была такая вялікая плынь турыстаў з Расеі, а ўкраінцы больш не прыехалі адпачываць», - кажа Марнапольская (цытуецца паводле РБК).

Зніжаецца і агульная сума сродкаў, якія турысты пакідаюць у Крыме. Паводле папярэдніх падлікаў «міністэрства курортаў і турызму», з пачатку года госці паўвыспы выдаткавалі блізу 60 млрд рублёў. Грунтуючыся на ацэнцы турыстычнай плыні як 2,3 млн чалавек, сярэднестатыстычнаму адпачывальніку выправа ў Крым каштавала 26 тысяч рублёў.

Зноў параўноўваем з мінулым годам. Тады адпачывальнікі выдаткавалі на паўвыспе 40 млрд грн - гэта блізу 160 млрд рублёў, або, грунтуючыся на ацэнцы турыстычнай плыні як 6 млн чалавек, блізу 27 тысяч рублёў на чалавека, гэта значыць прыкладна гэтак жа, як і сёлета. Паводле падлікаў экспэртаў, выходзіць, што Крым сёлета (пры ўмове прыезду заяўленых 3 млн адпачывальнікаў) недалічыцца як мінімум 2,2 млрд даляраў даходу.

Перабольшваючы рэчаіснасць

Між тым, большасць незалежных экспэртаў і гатэльераў згаджаюцца ў меркаванні, што лічбы агульнай колькасці адпачывальнікаў крымскага «міністэрства» істотна завышаныя. Такім чынам, сума і людскіх, і фінансавых страт сэзона значна большая.

«Напраўду рэальная лічба турыстычнай плыні ў Крыме да канца года можа скласці мільён дзвесце. Гэта таксама нямала, у прынцыпе. Але гэта ў два разы менш, чым у 1993 годзе - гэта быў найгоршы для турызму год за ўсе гады незалежнасці Украіны», - адзначыў экс-міністр Ліеў у камэнтары ВВС-Украіна.

Падобныя лічбы агучыў і прарасейскі старшыня арганізацыі «Курортны Крым» Аляксандр Бурдонаў: «Лічба відавочна завышаная. Рэальна, паводле нашых звестак, у Крыме пабывала 0,7-0,8 млн турыстаў».

На думку крымскага эканамічнага экспэрта Андрэя Кліменкі, паказчык звыш 2 млн турыстаў, які абвяшчае «мінкурортаў», вельмі далёкі ад рэчаіснага. "Не змяшчайце і ня рэтранслюйце лухту мінкурортаў Крыма наконт таго, што колькасць турыстаў у Крыме скарацілася ў два разы. Гэта няпраўда, - звярнуўся Кліменка да журналістаў праз сваю старонку ў «Фэйсбуку». - Санаторыі ў Крыме ў добры год прымалі (за 12 месяцаў) блізка што 1,1-1,2 млн турыстаў (толькі 20% ад агульнай колькасці). Гэта значыць, яны прымуць ў 2014 годзе максімум 500-600 тысяч, а напраўду менш. У прыватным сэктары (міні-гатэлі, кватэрны фонд), паводле звестак нават мінкурортаў, у высокі сэзон і толькі на ПБК занятасць пад 20%. Прыватны сэктар прымаў 80% турыстаў, гэта значыць 4,5-4,8 млн чалавек. Скарачэнне мінімум у 5 разоў. Разам Крым прыме за 12 месяцаў блізу 1,5-1,6 млн чалавек замест 6 млн летась. Астатняе - лухта».

Далей - лепш?

Негатыўная тэндэнцыя можа быць пагоршаная налета, мяркуюць экспэрты. Рэч у тым, што сёння пад фанфары і лозунгі «КрымНаш» на паўвыспу сапраўды накіравалася нелапая колькасць расейцаў, якім раней і не собіла ехаць сюды, але калі ўжо цяпер Крым стаў часткай іхняй краіны, то наважылі паспрабаваць. І замест чаканага выгоднага адпачынку яны ў большасці сваёй атрымалі шматгадзінныя аўтамабільныя чэргі на ўездзе, адсутнасць добраўпарадкаваных пляжаў ды іх наваколля, высокія кошты, хамаватую «самаабарону» і мноства іншых дробных і вялікіх невыгод. Інтэрнэт стракаціць гісторыямі незадаволеных турыстаў.

Таму налета Крыму ўжо будзе складана разлічваць на значную плынь з Расеі, што фармуе сёння яго турыстычны рынак у ганарлівай адзіноце. Бо лозунг «КрымНаш» другім разам запар наўрад спрацуе, і расейскімі грамадзянамі будзе абраны рацыянальны варыянт больш таннага і выгоднага адпачынку ў Турцыі, Егіпце, Харватыі або нават у Тайландзе, якія значна цікавейшыя ў турыстычным плане, але пры гэтым каштуюць танней.

Напісаць каментар 97

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках