3 траўня 2024, Пятніца, 11:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міжнародная прэмія за свабоду прэсы прысуджаная журналістам з Бірмы, Ірана, Расеі і Паўднёвай Афрыкі

Міжнародная прэмія за свабоду прэсы прысуджаная журналістам з Бірмы, Ірана, Расеі і Паўднёвай Афрыкі

Чацвёра журналістаў - з Бірмы, Ірана, Расеі і Паўднёвай Афрыкі - атрымаюць у гэтым годзе Міжнародныя прэміі за свабоду прэсы (2014 International Press Freedom Awards).

Прэміі штогод прысуджаюцца Камітэтам абароны журналістаў у знак прызнання рэпарцёрскай мужнасці. Гэтыя журналісты на ўласным досведзе даведаліся, што такое турэмнае зняволенне, гвалт і цэнзура.

Пра гэта сайту charter97.org паведамілі ў Камітэце абароны журналістаў.

Лаўрэаты 2014 - гэта бірманскі журналіст Аўнг Зоў (на фота), заснавальнік і галоўны рэдактар газеты The Irrawaddy, якая яшчэ пры былым вайсковым рэжыме атрымала ярлык «ворага народа» і да гэтага часу адчувае ціск з боку цяперашняга ўрада Бірмы; Сіямак Гадэрв, іранскі незалежны журналіст і былы рэдактар і рэпарцёр дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва ІРНА, які пасля чатырох гадоў турэмнага зняволення быў выпушчаны на волю ў ліпені гэтага года; Міхаіл Зыгар, галоўны рэдактар расейскага незалежнага тэлеканала «Дождж», які дэманструе рэдкую альтэрнатыву федэральным станцыям, кантраляваным Крамлём; і Ферыял Хафаджы, галоўная рэдактарка паўднёва-афрыканскай газеты City Press, якая зазнала заўзятую крытыку і пагрозы расправы на свой адрас і на адрас супрацоўнікаў газеты ў сувязі з публікаванымі пад яе кіраўніцтвам крытычнымі матэрыяламі.

«Мы сутыкаемся з рэкордным узроўнем гвалту і рэпрэсій супраць журналістаў, а з нядаўняга часу - і з выпадкамі зверстваў, якія ўчыняюцца ў дачыненні да рэпарцёраў, якія асвятляюць канфлікт у Сірыі, - заявіў выканаўчы дырэктар КАЖ Джоэл Сайман. Журналістаў, якіх КАЖ узнагародзіў Міжнароднай прэміяй за свабоду прэсы, не атрымалася ні зламаць, ні сагнуць. Яны рызыкавалі ўсім, каб данесці да нас навіны.

КАЖ прысудзіў Хорхе Рамасу, вядоўцу праграмы навін Noticiero Univision (Навіны Юнівіжн) з 1986 года, Памятную ўзнагароду Бэртана Бенджаміна за жыццё, прысвечанае справе абароны свабоды прэсы. Рамас таксама вядзе Al Punto (Пра галоўнае), нядзельную грамадска-палітычную праграму на канале «Юнівіжн». Надоечы ён пачаў весці англамоўную праграму на тэлеканале Fusion.

«Хорхе Рамас, папулярны вядоўца навін, іміграваў у Злучаныя Штаты з Мексікі для таго, каб мець магчымасць займацца журналістыкай без умяшання дзяржавы, што ён і рабіў з вялікай мужнасцю цягам усёй сваёй кар'еры, - заявіў Сандра Мімс Роў, старшыня рады дырэктараў КАЖ. - Ён нястомна бароніць правы журналістаў у Лацінскай Амерыцы, якім часта даводзіцца працаваць у небяспечных умовах, і выкарыстоўвае дастаткова салідную платформу, каб распавядаць грамадскасці аб праблемах, якія ім даводзіцца развязваць».

Ушанаванне ўсіх лаўрэатаў адбудзецца на дабрачыннай вячэры, што кожны год ладзіць КАЖ, якая сумешчаная з цырымоніяй уручэння прэмій, 25 лістапада 2014 у Нью-Ёрку. Тэлевядоўца і галоўны міжнародны карэспандэнт Сі-Эн-Эн Крысціян Аманпур, якая таксама з'яўляецца сябрам управы КАЖ, будзе весці цырымонію ўзнагароджання. Альберта Ібаргуен, прэзідэнт Фонду Джона і Джэймса Найтаў, будзе старшынём на ўрачыстым абедзе.

Раней ад Беларусі гэтую прэмію атрымлівала галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна.

Фота: cpj.org

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках