3 траўня 2024, Пятніца, 9:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі гісторык аднавіў Біблію Скарыны з дапамогай тэхналогій XVI стагоддзя

1

Унікальнае выданне аўтар гэтага праекта прэзентаваў 3 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Беларускі гісторык, філакартыст і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў з дапамогай тэхналогій XVI стагоддзя ўзнавіў Біблію першадрукара Францыска Скарыны, піша БелаПАН. Ён сказаў, што ідэя аднаўлення гэтай кнігі «лунала некалькі гадоў». Гісторык пагрузіўся ў вывучэнне друкарскай справы, звярнуўся да дакументаў, у якіх апісвалася тэхналогія стварэння паперы і друкарскі працэс. Паводле гравюр часоў Скарыны быў выраблены друкарскі станок, спецыяльна для гэтага апарата адлілі матрыцы і формы з тэкстам Бібліі.

Са слоў аўтара праекта, кніга аддрукаваная на самаробнай ільняной паперы, вырабленай паводле старадаўняй тэхналогіі вычэрпвання. Усяго на адноўленым станку было выраблена сем асобнікаў скарынаўскай Бібліі. «Станок дзейсны, і гэта вялікая рэдкасць, паколькі ў свеце аднавілі ўсяго некалькі такіх станкоў», - падкрэсліў Ліхадзедаў.

Адноўленую кнігу Скарыны спачатку хацелі змясціць ў скураны пераплёт, адзначыў гісторык, аднак пазней ад гэтай ідэі адмовіліся, паколькі Біблія не выглядала б аўтэнтычна. Тады было вырашана зрабіць для Бібліі мяккую вокладку, таксама па старадаўняй тэхналогіі. Вокладку праілюстраваў беларускі мастак-графік Барыс Цітовіч.

«Эксперты з Санкт-Пецярбурга, Масквы, а таксама Беларусі далі кнізе высокую ацэнку, - сказаў Ліхадзедаў. - Кніга практычна не адрозніваецца ад арыгінала. Аднак варта разумець, што пры сённяшнім развіцці аргтэхнікі зрабіць факсімільнае або рэпрынтнае выданне нескладана, у той час як адноўленая кніга – рэдкасць».

На сваім станку гісторык марыць аддрукаваць «першыя кнігі, якія выдаваліся ў друкарнях Беларусі ў XVI-XVII стагоддзях». Ён таксама адзначыў, што ацаніць вынік яго працы «немагчыма», бо «адноўленая кніга неацэнная». «На сёння набыць яе [адноўленую Біблію] дзесьці нельга, але калі будзе зацікаўленая дзяржава або мецэнат, думаю, такая кніга павінна прысутнічаць у бібліятэках краіны», - падкрэсліў ён.

Друкаваны апарат разам з вырабленымі на ім кнігамі будзе прадстаўлены на фестывалі кнігі і прэсы ў рамках XXI Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 6-7 верасня ў Заслаўі (Менская вобласць). Гасцям гэтага свята будзе прапанавана паспрабаваць самастойна вырабіць ліст ільняной паперы і паўдзельнічаць у друкаваным працэсе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках