3 траўня 2024, Пятніца, 7:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На рэканструкцыю Старога замка Гародні выдаткуюць $ 188 тысячы

3
На рэканструкцыю Старога замка Гародні выдаткуюць $ 188 тысячы

Прынятая пастанова пачаць падрыхтоўчыя працы да рэканструкцыі Старога замка.

Пра гэта паведаміла спецыялістка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і справаў моладзі Гарадзенскага аблвыканкама Аксана Коханава. На выраб першай чаргі праектнай дакументацыі з абласнога бюджэту выдзелена блізу 2 млрд рублёў, піша БелТА.

«Гародняграмадзянпраект» з верасня прыступіў да маштабнага задання. Навуковым кіраўніком праекта рэканструкцыі прызначаны менскі архітэктар Уладзімір Бачкоў, які ў 80-90-я гады мінулага стагоддзя ўжо займаўся перадпраектнымі даследаваннямі па Старым замку і выканаў архітэктурны праект рэстаўрацыі.

Цяпер гаворка ідзе аб распрацоўцы дэталёвага будаўнічага праекта. У першую чаргу ў яго ўключаныя брама, галерэі, частка замкавых сцен і добраўпарадкаванне паўднёвай часткі замкавай гары, уключаючы адхоны і ўчастак моста. Праект плануецца распрацаваць да сярэдзіны 2015 года. У далейшым праектныя працы будуць весціся згодна з паступленнем фінансавых сродкаў.

Са слоў Аксаны Коханавай, архітэктурны праект Уладзіміра Бачкова будзе ўзяты за аснову для праектных работ. Хутчэй за ўсё, неабходна будзе правесці дадатковыя даследаванні і пошукі. На другім этапе рэканструкцыі плануецца аднавіць уласна каралеўскі палац, на трэцім - замкавы двор і ягоныя збудаванні.

Як растлумачыў Уладзімір Бачкоў, комплексныя даследаванні датычна замка праведзеныя праектным бюро пры Міністэрстве культуры блізу 30 гадоў таму. Эскіз аднаўлення замка на перыяд, якім ён выглядаў у 1580-я гады пры Стэфане Баторыі, узгоднены ў пачатку 90-х. У 2007 годзе спецыялісты яшчэ раз абмяркоўвалі праект і ўносілі карэкціроўкі. Верагодней за ўсё, і сёння праект будзе дапрацоўвацца.

«Нягледзячы на тое, што геалагічныя даследаванні схілу былі выкананыя раней, прайшло шмат часу і, хутчэй за ўсё, іх неабходна будзе правесці зноў. Акрамя таго, нам важна адкрыць усе падмуркі, каб прыняць правільную інжынерную развязку, магчыма, іх давядзецца ўмацоўваць. Неабходна будзе прыбраць пазнейшыя ўнутраныя сценавыя перагародкі, тынкоўку», - сказаў архітэктар.

Са слоў галоўнага інжынера «Гародняграмадзянпраект» Рышарда Кацынеля, ужо ў верасні ў Гародні з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры адбудзецца пасяджэнне савета ў пытаннях рэканструкцыі Старога замка. Аднак ясна ўжо цяпер, што выканаць вялікія будаўнічыя работы на ўзгорку будзе няпроста. Як мінімум, неабходна будзе ўзводзіць часовы дадатковы мост для арганізацыі пад'езда цяжкай будаўнічай тэхнікі.

Стары замак у Гародні пабудаваны як абарончае збудаванне ў ХІ стагоддзі. У 1391 годзе ён стаў галоўнай рэзідэнцыяй Вялікага князя літоўскага Вітаўта, які перабудаваў драўляны ў каменны гатычны замак з пяццю вежамі. У 1580-я гады на ініцыятыву польскага караля Стэфана Баторыя замак перабудавалі ў стылі рэнесансу. У час руска-польскай вайны 1654-1667 гадоў замак быў разбураны, але даволі хутка адбудаваны зноўку. Аднак ужо ў Паўночную вайну спалены шведамі. Пасля гэтага замак неаднаразова перабудоўваўся. У гады Расейскай імперыі існаваў як царскія казармы, у 1924-м - перададзены музею.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках