3 траўня 2024, Пятніца, 12:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Нямцоў: Пуцін - прафесійны хлус сусветнага маштабу

20
Барыс Нямцоў: Пуцін - прафесійны хлус сусветнага маштабу

Сапраўдная мэта прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна заключаецца ў знішчэнні Украіны, і ўсе ягоныя дзеянні накіраваныя менавіта на гэта.

Такую думку выказаў у каментары выданню «ГОРДОН» лідэр расейскай апазіцыйнай партыі РПР-ПАРНАС Барыс Нямцоў.

«Мэта Пуціна - расчляненне Украіны. І гэтая мэта нікім не аспрэчваецца, у тым ліку і ў Маскве. Калі зыходзіць з гэтай мэты, то ставіцца да ўсякага роду мірных ініцыятываў Пуціна трэба як да мірных ініцыятываў агрэсара. Ён прапануе рэчы, якія дазволяць яму рэалізаваць свой план», - мяркуе Нямцоў.

«Цяпер Пуціну трэба замацавацца і раскватараваць свае войскі на Украіне. Звяртаю ўвагу на тое, што ў плане Пуціна нічога не гаворыцца пра Марыупаль. Пра Данецк і Луганск гаворыцца, што трэба спыніць баявыя дзеянні, а пра Марыупаль ні слова. Сэнс такі: хлопцы, вы давайце ў Данецку і Луганску прыціхнеце, а мы тым часам Марыупаль возьмем», - адзначыў палітык.

«У гэтым плане ёсць пункт нумар пяць, які трэба рэалізаваць - абмен палоннымі ўсіх на ўсіх. Гэты пункт правільны і яго трэба ажыццявіць», - дадаў Барыс Нямцоў.

Расейскі апазіцыянер адзначыў, што ўкраінскай старане патрэбна перадышка ў вайне, але наўрад ці яна будзе доўжыцца доўга.

«Украінская армія апошнім часам цярпела няўдачы і Парашэнку таксама патрэбна перадышка. Але паверыць, што гэта перамір'е надоўга я не магу, таму што мэта Парашэнкі захаваць краіну, а мэта Пуціна яе раздзяліць. Пакуль мэты такія, то дамовіцца сур'ёзна і стратэгічна не ўдасца», - мяркуе Нямцоў.

«І вам заўсёды варта памятаць, што Пуцін прафесійны хлус сусветнага маштабу і ягоныя словы нічога не вартыя», - адзначыў палітык.

Раніцай 3 жніўня адбылася тэлефонная размова паміж прэзідэнтамі Украіны і Расеі Пятром Парашэнкам і Уладзімірам Пуціным. На сайце ўкраінскага прэзідэнта з'явілася афіцыйнае паведамленне, што вынікам перамоваў Парашэнкі і Пуціна «стала дамоўленасць аб безтэрміновым спыненні агню на Данбасе».

Праз некаторы час тэкст паведамлення быў падкарэктаваны. Прэс-служба ўдакладніла, што вынікам размовы стала «дамоўленасць аб рэжыме спынення агню на Данбасе». Разам з тым прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў распавёў, што прэзідэнты не дамаўляліся аб спыненні агню ва Украіне.

Трохі пазней прэзідэнт РФ прапанаваў «мірны план», сутнасць якога заключаецца ў тым, што Расея адвядзе свае войскі, толькі пасля ўкраінскіх.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках