3 траўня 2024, Пятніца, 7:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расеец зняў маляўнічы ролік пра падарожжа па Беларусі (Відэа)

36

750 км, 200 еўра і адна тыдзень па дарогах Беларусі на ровары.

Дваццацігадовы Андрэй Сакалоў з Ніжняга Ноўгарада прыехаў у нашую краіну за ўражаннямі - і застаўся вельмі задаволены. Рэдакцыя сайта charter97.org пацікавілася ў Андрэя, што яму больш за ўсё запомнілася з падарожжа, хто сустракаўся на ягоным шляху і ці не было праблем з праваахоўнымі органамі.

Андрэй нарадзіўся ў Віцебскай вобласці, потым ягоная сям'я пераязджала па Расеі. У жніўні ён нарэшце прыехаў паглядзець на гістарычную радзіму і наведаць бабулю, загадзя падрыхтаваўшы маршрут і план паездкі. Паездка пачалася з Гомельскай вобласці. Гэта ўжо не першая паездка: велавандроўнік ужо аб'ехаў Ніжагародскую вобласць. Цяпер ён вучыцца ў Ніжагародскім універсітэце імя Лабачэўскага на фінансавым факультэце і займаецца ўласным невялікім бізнэсам: вытворчасцю арыгінальных шакаладак.

- Раскажыце, як вы планавалі падарожжа і з якімі сутыкнуліся праблемамі на дарогах?

- Калі нарадзіўся ў Беларусі - цікава было пракаціцца і ўбачыць усю краіну. Плюс у Беларусі не так шмат аўтамабіляў і добрыя дарогі. Маршрут складаў пры дапамозе Google Earth. Была мэта заехаць у Гомель, Бабруйск, Гародню, горы солі «вышэй Каўказа» і «беларускія Мальдывы». У мяне дома на сцяне вісіць карта свету з сцяжкамі, у якіх гарадах я быў. Ужо назбіраў амаль 30 гарадоў. Выбіраючы маршрут планаваў ехаць па найменш загружаных дарогах з шырокай узбочынай.

Усе ночы правёў у намёце. Дзіўна, што ў «краі азёр» я ўбачыў толькі чатыры возеры з дзесяці тысяч! Людзі радыя купацца нават у рэках трохметровай шырыні! На шляху была вялікая праблема з калонкамі: на поўдні Магілёўскай і ў Гомельскай абласцях не бачыў ніводнай, якая працуе, першая нармальная трапілася на мяжы Менскай і Берасцейскай абласцей. Першая за 400 км! Далей яны ўжо сустракаліся часцей.

- Што вам больш за ўсё запомнілася з падарожжа?

- Мяне аштрафавалі ў Івацэвічах! Паводле дзіўнай прычыны: за тое, што я быццам бы не спешыўся на пешаходным пераходзе. Але затое гэты даішнік падказаў найлепшае ў кавярні месца для абеду. Яшчэ запомнілася, як я працаваў у інтэрнэце седзячы ў лесе: падчас паездкі трэба было аплачваць рахункі, перапісвацца па пошце і займацца сваім бізнэсам, бо ў такіх справах трэба трымаць руку на пульсе.

Падчас паездкі на ўсе застаўкі ішло жніво: я спецыяльна прыкмячаў, як ідзе жніво. У выніку, два полі ў Магілёўскай, адно ў Гомельскай і адно ў Гарадзенскай абласцях не былі прыбраныя або знаходзіліся ў стадыі ўборкі ў пачатку жніўня.

На вадасховішчы Ляхавічы ноччу папаліся шумныя суседзі. Гэта была пятніца. Сем'і на трох аўтамабілях размясціліся за 50 метраў ад мяне і шумелі ўвесь вечар, а другой гадзіне ночы пайшоў дождж - і яны пайшлі купацца.

«Беларускія Мальдывы», вядома, класныя - я там скакаў з сямі метраў у ваду. Прыезджыя здымалі мае скачкі на камеру.

- Вы камунікавалі з мясцовымі?

- Меў кантакты. Стварылася ўражанне, што беларусы не вельмі дапытлівыя - мяне толькі адзін раз спыталі адкуль і куды я еду. І толькі адзін раз размову пачыналі мясцовыя, а не я. Але людзі трапляліся спагадныя: заўсёды тлумачылі, як куды праехаць. Сустрэў сямейную пару, якая падарожнічае з дзецьмі на роварах. Хлопчыку пяць гадоў, а дзяўчынцы - усяго два! У вас вельмі ветлівыя кіроўцы: мяне заўсёды абганялі толькі па сустрэчнай паласе, такое ў Расеі рэдкасць. Агулам, Беларусь вельмі бяспечная, чыстая і культурная.

- Як паездка ў Беларусь змяніла вашае жыццё?

- Пасля паездкі з'явілася шмат цікавых новых знаёмых, яны дадаліся мне ў сябры ў сацсетках. Шмат з кім дагэтуль кантактую. Бліжэйшыя выходныя адпраўляюся ў незапланаваную велоавандроўку на Каўказ - усё гэта дзякуючы кантактам з Беларусі і знятага мной відэа! Шмат увагі з боку СМІ, мяне нават просяць зняць для іх відэа.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках