4 траўня 2024, Субота, 19:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праз эмбарга на прадуктовы імпарт інфляцыя ў Расеі б'е рэкорды

15
Праз эмбарга на прадуктовы імпарт інфляцыя ў Расеі б'е рэкорды

Прадуктовая інфляцыя ў Расеі ў жніўні дасягнула двухзначных значэнняў.

У апошні раз такое было ў 2011 годзе. Тады прычынай быў адкладзены эфект ад засухі 2010 года, цяпер - забарона на імпарт прадуктаў харчавання, піша РБК.

Нягледзячы на намаганні ўладаў у стрымліванні росту коштаў на прадукты і пачатак паўсюднага коштавага маніторынгу, харчовая інфляцыя ўпершыню за тры гады дасягнула двухзначных значэнняў. У жніўні, паводле звестак Расстата, індэкс спажывецкіх цэн на харчовыя тавары склаў 10,3% у параўнанні са жніўнем 2013 года. Пры агульным разліку індэкса спажывецкіх цэн (уключаючы іншыя групы тавараў і паслугі) на долю прадуктовай інфляцыі прыпадае прыкладна траціна.

Агулам у параўнанні з ліпенем кошты на прадукты знізіліся на 0,3 працэнтных пункта. Але калі паглядзець на асобныя групы тавараў, то становіцца відавочным, што забарона на імпарт цэлага шэрагу прадуктаў з Еўропы, ЗША, Канады, Аўстраліі і Нарвегіі прывяла да росту коштаў на «забароненыя» тавары.

Лідарамі росту коштаў сталі мяса і птушка - яны выраслі ў цане на 2,5% у параўнанні з ліпенем і на 13,8% з пачатку года. Для параўнання: у мінулым годзе за месяц яны выраслі ў кошце ўсяго на 0,2%, з пачатку года яны патаннелі на 3,1%. Таксама сярод лідараў у росце коштаў - рыба і морапрадукты, якія выраслі ў цане на 1,4% за месяц і на 8,6% з пачатку года, малако і малочныя прадукты - на 0,2% за месяц і на 9,2% з пачатку года.

У апошні раз інфляцыя дасягала двухзначных значэнняў у параўнанні з папярэднім годам у першай палове 2011 года, піша галоўны эканаміст ING Дзмітрый Палявы ў каментары паводле статыстыкі Расстата. Тады гэта было прадыктавана адкладзеным уплывам засухі і пажараў у 2010 годзе, а таксама ростам тарыфаў страхавых узносаў, кажа загадчык лабараторыі кан'юнктурных апытанняў Інстытута Гайдара Сяргей Цухло.

«У першай палове года быў вельмі моцны рост коштаў. Прадпрыемствы заклалі ў кошт павелічэнне страхавых узносаў. Гэта была моцная штучная інфляцыя. Засуха і пажары адбіліся на аб'ёмах ўраджаю», - адзначае Цухло.

Цяпер прычыны росту іншыя. Абмежаванне імпарту з'яўляецца асноўным фактарам росту цэнаў, піша Палявы. Пры гэтым рызыкі паскарэння інфляцыі ўзмацняюцца з ліпеня, у тым ліку з прычыны таго, што расейскі рубель застаецца на нізкіх узроўнях, дадае ён.

Забарона на імпарт застанецца асноўным фактарам росту інфляцыі ў наступныя два-тры кварталы, утрымліваючы ўзровень інфляцыі ў раёне 8%, папярэджвае галоўны эканаміст па Расеі «ВТБ Капіталу» Уладзімір Колычаў. Згодна з прагнозам ING, абмежаванне на імпарт прадукцыі і ўвядзенне падатку з продажаў можа прывесці да таго, што інфляцыя будзе вышэй за адзнаку ў 9% ужо ў першым квартале 2015 года, да канца наступнага года можа скласці 7,5-8%.

У жніўні гэтага Мінэканамразвіцця было вымушанае перагледзець прагноз паводле інфляцыі на гэты год, у тым ліку праз харчовыя антысанкцыі. Паводле афіцыйнага прагнозу, індэкс спажывецкіх коштаў у гэтым годзе складзе 7-7,5%, у папярэднім, вясновым прагнозе ён складала 6%. Прычына павышэння ўсё тая ж - абмежаванні на імпарт прадуктаў, паведамляў у канцы жніўня дырэктар зводнага дэпартамента макраэканамічнага прагназавання міністэрства Алег Засаў. Ведамства ацэньвае, што антысанкцыі дададуць 1 працэнтны пункт у інфляцыі.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках