4 траўня 2024, Субота, 21:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сюрпрызы да 1 студзеня: новыя падаткі, штрафы і мыты

30
Сюрпрызы да 1 студзеня: новыя падаткі, штрафы і мыты

З чым Беларусь ўступіла ў новы 2015?

Новая геапалітычная рэальнасць.

Беларусам не прывыкаць жыць у інтэграцыйных аб'яднаннях - СНД, «саюзнай дзяржаве», АДКБ, ЕўрАзЭС, Мытным саюзе. 1 студзеня 2015 да гэтага спісу дадаўся Еўразійскі эканамічны саюз. На сёння ЕАЭС складаюць Расея, Казахстан і Беларусь, але ўжо 2 студзеня да саюза далучаецца Арменія, піша БелаПАН.

Палітыкі запэўніваюць, што жыць стане лепш, жыць стане весялей. Маўляў, ЕАЭС стане адной з самых магутных і ёмістых эканамічных зон на планеце, што для беларускай прадукцыі і працоўнай сілы адкрывае нябачаныя перспектывы.

Аднак першыя спробы сужыцця ў фармаце ЕАЭС, яшчэ да ўваходжання пагаднення ў дзеянне, паказалі, што прыгожа ўсё толькі на паперы, а на справе ў эканамічных шасцярэнек, якія павінны працаваць як гадзіннік, зуб на зуб не трапляе. Дамінуючая ў Еўразійскім саюзе Расея пад грузам іншых праблем хутка забывае аб неабходнасці захавання калектыўных інтарэсаў. Асабліва гэта адбіваецца на Беларусі, якая эканамічна шмат у чым залежыць ад Расеі.

Павялічана базавая велічыня. Вырастуць памеры выплат, мытаў і штрафаў

Базавая велічыня павялічана са 150 да 180 тысяч рублёў. Такі паказчык закладзены ў рэспубліканскі бюджэт на 2015 год. Паводле планаў урада, падвышэнне базавай велічыні дазволіць прывесці сацыяльныя выплаты з бюджэту ў адпаведнасць з рэальным узроўнем коштаў.

З павелічэннем базавай падвысяцца прывязаныя да яе памеры некаторых сацыяльных выплат. Прынамсі, павялічацца дапамогі ў беспрацоўі і стыпендыі грамадзянам, якія праходзяць прафнавучанне па накіраванні службы занятасці. Вырастуць таксама адначасовыя дапамогі розным катэгорыям насельніцтва.

З павелічэннем памеру базавай велічыні суразмерна зменяцца і розныя штрафы, што выплачваюцца ў бюджэт дзяржавы.

Асабліва на гэты момант варта звярнуць увагу аматарам парушаць Правілы дарожнага руху. Да прыкладу, штраф за перавышэнне хуткасці на 20-30 км/г, якое цягне накладанне штрафу ў памеры ад адной да трох базавых, цяпер складае 180-540 тысяч рублёў.

Павялічыўся і штраф за безбілетны праезд. З 1 студзеня ён складае 90 тысяч рублёў (0,5 базавай).

Падвысяцца і дзяржаўныя мыты. Напрыклад, даражэй цяпер каштуе рэгістрацыя шлюбу або яго скасаванне. За першы развод з мужа і жонкі возьмуць тры базавыя, але калі яшчэ ўчора гэта каштавала 450 тысяч рублёў, то ўжо сёння - 540 тысяч рублёў. За другі развод і зусім прыйдзецца выкласці пяць базавых - 900 тысяч рублёў.

Павялічыцца таксама плата за паслугі натарыусаў і судовыя выдаткі.

Павялічаны мінімальны заробак

Памер мінімальнага заробку павялічаны да 2,1 млн рублёў. Папярэдні паказчык, усталяваны ў кастрычніку 2014-га, складаў 1841000 рублёў.

Мінімальная заработная плата - гэта гарантаваны дзяржавай мінімум аплаты працы работніка ў стандартным рэжыме за месячны перыяд (40 рабочых гадзін у тыдзень). Калі ў працаўніка налічаная зарплата будзе ніжэй мінімальнага значэння, то працадаўца абавязаны налічыць розніцу.

Павялічаны памер транспартнага падатку

Памер транспартнага падатку таксама вырас. Па-першае, праз змяненні ў Падатковы кодэкс, а па-другое, праз павелічэнне базавай велічыні.

За легкавы аўтамабіль масай 1,5-2 т цяпер неабходна выплаціць 6 базавых велічынь (раней - 5 базавых). З улікам павелічэння базавай цяпер з уладальніка аўто возьмуць 1млн 80 тысяч рублёў замест 750 тысяч рублёў у год.

Аўтамабіль масай 2-3 т абыдзецца ў 8 базавых велічыняў - 1 млн 440 тысяч рублёў (было 7 базавых - 1 млн 50 тысяч рублёў).

Аднак ёсць і лыжка мёду. Для пенсіянераў памер транспартнага падатку паніжаны ўдвая.

Павялічыўся кошт навучання ў аўташколах.

У аўташколе вучыцца будзе даражэй, бо павялічыцца колькасць гадзін на практычнае кіраванне.

Намеснік дырэктара УП «Белтэхагляд» Міхаіл Свістун адзначыў, што 70% ад агульнага кошту навучання складае кошт практычнага навучання і 30% - тэорыя.

«Паводле папярэдніх падлікаў, калі на 10 гадзінаў павялічылася практычная частка, адпаведна дзесьці на 25% падымецца кошт усяго навучання. На сёння за навучанне трэба заплаціць каля 4,5-5,5 млн рублёў, пасля падвышэння кошт павялічыцца на 1-1,5 млн рублёў», - сказаў Міхаіл Свістун.

Павялічаны падаходны падатак. Каб падтрымаць сем'і з дзецьмі

Падаходны падатак для работнікаў падвышаны з 12% да 13%.

Як адзначаў Аляксандр Лукашэнка на стадыі абмеркавання змяненняў у Падатковы кодэкс, дадатковыя сродкі ад павелічэння стаўкі падаходнага падатку будуць накіраваны на падтрымку сем'яў з дзецьмі ў рамках праекта «Вялікая сям'я».

Павялічаны мінімальны стаж для прызначэння пенсіі

Каб атрымліваць ад дзяржавы пенсію па ўзросту або пенсію за выслугу гадоў, мінімальны працоўны стаж цяпер павінен складаць 15 гадоў, а не 10 гадоў як раней.

Выключэнне складаюць так званыя ўразлівыя катэгорыі грамадзян, для якіх фармаванне працяглага стажу аб'ектыўна абцяжаранае - шматдзетныя маці, маці інвалідаў з дзяцінства, інваліды з дзяцінства. Для іх неабходны мінімум - 5 гадоў.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках