4 траўня 2024, Субота, 19:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Суд ЕАЭС ачоліў суддзя, якi вынес прысуд Канавалаву і Кавалёву

24
Суд ЕАЭС ачоліў суддзя, якi вынес прысуд Канавалаву і Кавалёву

Былы першы намеснік старшыні Вярхоўнага суда Беларусі Аляксандр Федарцоў стаў старшынём Суда Еўразійскага эканамічнага саюза.

Гэта вынікае з пастановы Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета (на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў), якая апублікаваная на сайце Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Ад пасады першага намесніка Вярхоўнага суда Беларусі Аляксандр Федарцоў быў вызвалены ўказам №648 ад 30 снежня 2014 года, які апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Як удакладнілі ў Вярхоўным судзе, Аляксандр Федарцоў працуе ў беларускай судовай сістэме з 1980 года, калі пасля заканчэння БДУ стаў стажорам суддзі суда Савецкага раёна Гомеля. У 1998 годзе ён стаў старшынём Гомельскага абласнога суда, а з 2003 года - намеснікам старшыні, старшынём судовай калегіі ў крымінальных справах Вярхоўнага суда. З 2005 года - першы намеснік старшыні ВС. У 2012 годзе быў удастоены звання "Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь". Менавіта ён вынес у 2011 годзе смяротны прысуд Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, абвінавачаным у выбуху ў менскім метро.

Намеснікам старшыні Суда ЕАЭС прызначаны Жалымбет Баішаў з Казахстана, які з кастрычніка 2014 займаў пасаду старшыні Суда ЕўрАзЭС. Таксама з пастаноў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета вынікае, што суддзём Суда ЕАЭС стаў і Дзяніс Колас, які раней займаў пасаду начальніка галоўнага ўпраўлення ва ўзаемаадносінах з органамі заканадаўчай і судовай улады, пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі. Акрамя таго, суддзямі прызначаныя Венера Сейцімава (Казахстан), Таццяна Нешатаева (Расея) і Канстанцін Чайка (Расея). Двое апошніх таксама раней уваходзілі ў судзейскі корпус Суда ЕўрАзЭС.

Пастанова аб прызначэнні суддзяў уваходзіць у дзеянне з даты, калі пачынае дзейнічаць дамова аб стварэнні ЕАЭС, то бок з 1 студзеня 2015 года. Судовы орган будзе размяшчацца там жа, дзе знаходзіўся Суд ЕўрАзЭС, - у Менску.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках