6 траўня 2024, панядзелак, 6:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даляр за 75 рублёў: чаго чакаць ад зніжэння рэйтынгу Расеі да «смеццевага»

6
Даляр за 75 рублёў: чаго чакаць ад зніжэння рэйтынгу Расеі да «смеццевага»

У сярэдзіне студзеня Standard & Poor's плануе абвясціць вынік перагляду суверэннага крэдытнага рэйтынгу РФ.

З імавернасцю 50% ён будзе зніжаны да «смеццевага» узроўню. Калі гэта здарыцца, то пачнуцца масавыя распродажы расейскіх еўрааблігацый, піша РБК.

S&P адправіла на перагляд суверэнны крэдытны рэйтынг Расеі з «негатыўным» прагнозам у канцы снежня 2014 года. Сваю пастанову агенцтва абгрунтавала імклівым зніжэннем гнуткасці грашова-крэдытнай палітыкі Расеі і ўплывам паслаблення эканомікі краіны на яе фінансавую сістэму.

Цяпер доўгатэрміновы і кароткатэрміновы суверэнныя рэйтынгі ў замежнай валюце знаходзяцца на ўзроўні BBB-/A-3, у нацыянальнай валюце BBB/A-2. Зніжэнне суверэннага рэйтынгу Расеі ў замежнай валюце c BBB да ўзроўню BBB- адбылося ў канцы красавіка. 24 кастрычніка S&P пацвердзіла суверэнны рэйтынг запазычанняў у замежнай валюце Расеі на ўзроўні ВВВ- c «негатыўным» прагнозам. Узровень BB+, да якога S&P можа панізіць суверэнны рэйтынг Расеі, успрымаецца інвестарамі як «смеццевы».

У пятніцу, 9 студзеня, рэйтынгавае агенцтва Fitch панізіла крэдытны рэйтынг Расеі з BBB да BBB- з «негатыўным» прагнозам, што на адну прыступку вышэй за «смеццевы» ўзровень, абгрунтаваўшы сваю пастанову зніжэннем кошту нафты і паслабленнем рубля. Такім чынам, цяпер Расея мае рэйтынгі на адну прыступку вышэйшыя за «смеццевыя» ад двух рэйтынгавых агенцтваў - Fitch і S&P, рэйтынг ад агенцтва Moody's знаходзіцца на дзве прыступкі вышэй за «смеццевы» (Baa2).

Большасць эканамістаў, апытаных РБК, мяркуюць, што S&P панізіць суверэнны крэдытны рэйтынг Расеі. Такога ж меркавання пільнуецца былы міністр фінансаў, кіраўнік Камітэта грамадзянскіх ініцыятыў Аляксей Кудрын. На ягоную думку, змена рэйтынгу зробіць сур'ёзны ўплыў на інвестыцыйныя настроі. «Пераход ад інвестыцыйнага рэйтынгу да «смеццевага» азначае, што агенцтва кажа: з гэтай краінай працаваць на цывілізаваных умовах нельга, усякія інвестыцыі ў гэтую краіну вы павінны абдумваць у 7 разоў больш, чым у звычайнай сітуацыі», - сказаў Кудрын у інтэрв'ю РБК. На ягоную думку, змена рэйтынгу зробіць значны ўплыў на эканамічныя стасункі мноства контрагентаў і партнёраў. «Чакаю, што пасля змены рэйтынгу сур'ёзна ўпадуць рынкі і ўзмоцніцца ціск на рубель», - дадае ён.

Распродаж дзяржаўнай завінавачанасці

Зніжэнне крэдытнага рэйтынгу Расеі выкліча распродаж суверэнных еўрааблігацый, бо большасць буйных інвестыцыйных фондаў не могуць трымаць у партфелі паперы неінвестыцыйнага рэйтынгу, кажа кіроўны дырэктар Arbat Capital Аляксей Галубовіч. «Расейскія суверэнныя еўрааблігацыі ўжо цяпер прадаюцца коштам ніжэйшым за іншыя бонды з такім жа рэйтынгам, а будуць прадавацца як «смеццевыя», падобна да Сальвадору або Вугоршчыны», - кажа ён. На гэты момант дзесяцігадовыя еўрабонды прадаюцца з прыбытковасцю 7,2%, пяцігадовыя паперы - з прыбытковасцю 5,6%.

Паводле звестак Cbonds, сума дзяржаўных еўрааблігацый у абарачэнні складае $ 45,7 млрд. На думку Галубовіча, распродаж праз зніжэнне рэйтынгу можа быць не за адзін раз, а доўжыцца на працягу года. «Варта ўлічваць, што магчымае пагаршэнне сітуацыі ў расейскай эканоміцы ў цэлым: на працягу некалькіх месяцаў УБП будзе зніжацца, кошт нафты можа скуліцца яшчэ на 10-20%. Таму нават тыя інвестары, хто не абавязаны прадаваць бонды пасля паніжэння рэйтынгу, прымуць за лепшае ад іх пазбавіцца ў першым квартале, пры кожным кароткатэрміновым адскоку рынку», - упэўнены Галубовіч.

Акрамя таго, калі Расея захоча пазычыць за мяжой, то не зможа прапанаваць свае пазыковыя паперы буйным інвестарам, кажа галоўны эканаміст Альфа банка Наталля Арлова. «Паперы будуць цікавыя толькі невялікім гульцам і хедж-фондам, арыентаваным на высокую прыбытковасць», - зазначае яна.

Прэмія за рызыка дэфолту Расеі вырасла да амаль шасцігадовай вяршыні дзеля боязі магчымага зніжэння суверэннага рэйтынгу. Кошт страхоўкі ад дэфолту за пяцігадовыя дзяржаблігацыі ў аўторак, 6 студзеня, дасягнуў вяршыні, перасягнуўшы 600 пунктаў і наблізіўшыся да максімумаў з сакавіка 2009 года. Пад пятніцу, 9 студзеня, ён апусціўся да 575,35 пункта.

Датэрміновая сплата

Зніжэнне рэйтынгу зробіць негатыўны ўплыў не толькі на дзяржаўную запазычанасць, але і на паперы кампаній. Зніжэнне дзяржаўнага рэйтынгу аўтаматычна пацягне за сабой масавы перагляд карпарацыйных рэйтынгаў і выкліча хвалю продажу, упэўнены кіраўнік аддзела гандлёвых аперацый з пазыковымі абавязаннямі «Промсвязьбанк» Дзмітрый Іваноў. «Найпершую паніжэнне адаб'ецца на інвестарах-нерэзідэнтах, якія і з'яўляюцца асноўнымі трымальнікамі расейскіх еўрааблігацый», - кажа ён. Паводле звестак Cbonds, сума карпарацыйнай завінавачанасці, намінаванай у далярах, складае 129,6 млрд, у еўрах - € 16,8 млрд.

Пры гэтым Іваноў мяркуе, што зніжэнне рэйтынгу не выкліча падвышэння прыбытковасці расейскіх папер. «Эфект ужо ўлічаны ў прэміях да нашых еўрааблігацый. Паперы з аднолькавымі рэйтынгамі і тэрмінам абарачэння расейскіх эмітэнтаў прадаюцца з прэміяй блізу 2-3 пунктаў у дачыненні да папер эмітэнтаў з іншых краін», - кажа Іваноў.

Пяцігадовыя еўрабонды Сбербанка з тэрмінам сплаты ў 2017 годзе, намінаваныя ў далярах, прадаюцца з прыбытковасцю 9,4%, пятнаццацігадовыя паперы РЖД з тэрмінам сплаты ў 2025 годзе - з прыбытковасцю 14,06%, дзесяцігадовыя еўрабонды ВТБ з аплатай у 2022 годзе - з прыбытковасцю 13,82%. Намінаваныя ў далярах пяцігадовыя бонды «Евраза» цяпер прадаюцца з прыбытковасцю 14,86%, дзесяцігадовыя бонды «Роснефть» з аплатай у 2016 годзе цяпер прадаюцца з прыбытковасцю 12,7%. Зніжэнне рэйтынгу таксама ўскладніць выхад расейскіх эмітэнтаў на замежны рынак, аднак у варунках санкцый гэта не мае вызначальнага значэння, кажа галоўны эканаміст «АФК Сістэма» Яўгеній Надоршын. «Пакуль у поўным аб'ёме будуць дзейнічаць санкцыі - як мінімум да вясны 2015 года, выхад на замежны рынак і так замкнёны», - тлумачыць ён.

У выпадку зніжэння рэйтынгу ў шмат якіх пазычальнікаў спрацуюць кавэнанты, якія прапісаныя ў крэдытных кантрактах і ўмовах аблігацыйных пазык, і кампаніі вымушаныя будуць датэрмінова сплачваць запазычанасці. Пра гэта ў канцы снежня 2014 года сказаў у эфіры радыёстанцыі BFM міністр эканамічнага развіцця Аляксей Улюкаеў. «Кавэнанты, якія ёсць у крэдытных пагадненнях і ва ўмовах размяшчэння аблігацыйных пазык, спрацуюць, і ў дадатак да арыгінальнага графіку атрымаем яшчэ некаторыя дадатковыя датэрміновыя выплаты», - сказаў Улюкаеў, дадаўшы, што паводле папярэдніх ацэнак «гэтая сума можа скласці блізу $ 20-30 млрд».

«Большасць датэрміновых выплат трэба будзе рабіць не адразу, але ў канцы другога квартала 2015 расейскія эмітэнты, мабыць, будуць непрадбачана абцяжараныя валютнымі выплатамі. Пры такім сцэнары рубель будзе пад ціскам і пры кошце нафты пад $50 за барэль даляр можа каштаваць 72-75 рублёў», - мяркуе Галубовіч. На ягоную думку, прыбытковасць карпарацыйных аблігацый вырасце праз гэта ў сярэднім на 1,5-3 пункты.

Капітал для банкаў

Зніжэнне суверэннага рэйтынгу таксама зробіць негатыўны ўплыў на расейскую банкавую сістэму, кажа Дзмітрый Іваноў. «Балансы банкаў, у якіх у партфелі ёсць еўрабонды, могуць пагоршыцца, а каб трымаць ранейшую пазіцыю на балансе, спатрэбіцца больш капіталу», - кажа ён.

Ад рэйтынгаў папер у партфелі залежыць нарматыў дастатковасці капіталу Н1, тлумачыць гендырэктар «Эксперт РА» Павел Саміеў. «Калі рэйтынгі папер, якія трымаюць банкі, сістэмна зніжаюцца і дасягаюць узроўняў, якія ўважаюцца за «смеццевыя», то гэта сапраўды можа паўплываць на дастатковасць капіталу. Для тых банкаў, у якіх дастатковасць капіталу нізкая, гэта можа быць істотна», - кажа ён.

Паказчык дастатковасці ўласных сродкаў Н1 банкавага сэктара, паводле звестак Банка Расеі, за дзесяць месяцаў 2014 года знізіўся на 1,3 пункты, да 12,2% у лістападзе. Мінімальнае значэнне, устаноўленае рэгулятарам, - 10%. Пры гэтым у банкаў абмежаваныя магчымасці для нарошчвання капіталу за кошт уласных крыніц дзеля зніжэння прыбытку.

ЦБ і ўрад ужо робяць захады, якія дазволяць паменшыць ціск на капітал банкаў. Рэгулятар 17 снежня апублікаваў пералік пільных захадаў, якія ўключалі ў сябе змякчэнне патрабаванняў да нарматываў дастатковасці капіталу: часовы мараторый на прызнанне адмоўнай пераацэнкі партфеляў каштоўных папер, а таксама актываў і абавязанняў, намінаваных у валюце (пры іх разліку банкі атрымаюць права выкарыстоўваць курс валюты за папярэдні квартал). Урад для дадатковай капіталізацыяй банкавай сістэмы прыняў закон, у адпаведнасці з якім банкавая сістэма атрымае 1 трлн рублёў у форме аблігацыі федэральнай пазыкі праз АСВ. Для дадатковай капіталізацыі банкаў могуць быць выкарыстаныя сродкі ФНБ.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках