6 траўня 2024, панядзелак, 3:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Этнограф распавёў, калі беларусам найлепш ладзіць вяселле

7
Этнограф распавёў, калі беларусам найлепш ладзіць вяселле

Беларусам распавялі пра найбольш спрыяльны перыяд для шлюбу.

Знаўца славянскіх традыцый, даследчык знакаў беларускай міфалогіі і фальклору Іван Крук мяркуе, што захапляцца навамоднымі ўсходнімі традыцыямі і абрадамі можна, але толькі ў якасці забавы. Асновай жа светаўспрымання павінны стаць традыцыі свайго народа, піша «Інтэрфакс».

Дзень вяселля давядзецца ўдакладніць

Падчас онлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі экспэрт узрадаваўся, калі яго папрасілі распавесці пра найбольш спрыяльны перыяд для шлюбу. Большасць жыхароў Беларусі стараецца (часам таго не падазраючы) прытрымлівацца ў гэтым пытанні традыцый, што склаліся стагоддзі таму. Іван Крук прапанаваў наступны алгарытм выбару даты шлюбу.

- Па-першае, трэба выкрасліць усе пасты. З 21 студзеня пачынаецца зімовы мясаед - адзін з самых спрыяльных перыядаў аж да Масленіцы. Далей - Вялікі пост, выкрэсліваем. Дазволены, але не вельмі спрыяльны перыяд перад Сёмухай: канец траўня - пачатак чэрвеня. Аб травеньскіх вяселлях памятаеце прымаўкі? Хто ў траўні ажэніцца, усё жыццё бедаваць будзе. Не варта таксама забываць, што ў траўні-чэрвені самая кароткая ноч, а нашая традыцыя кажа: як беднаму жаніцца, дык і ноч кароткая. Гэта значыць, не той час абраў. Пазней найбольш спрыяльны час - канец лета. Але ў жніўні Успенскі пост, таму цягам яго жаніцца і выходзіць замуж нельга. А вось пачынаючы з 28-29 жніўня, верасень і кастрычнік, аж да каляднага паста - самы спрыяльны перыяд. Далей з календара вяселляў выкрэсліваем тыдзень восеньскіх Дзядоў. Акрамя таго, у дзень смерці бабулі ці дзядулі таксама нельга гуляць вяселле.

Іван Крук нагадаў яшчэ адзін важны момант для планавання вяселля. Маладзік - спрыяльны перыяд, поўня - таксама, а вось калі месяц ужо стары, то ні ў якім разе ў гэты час нельга ладзіць вяселле.

Каза казе розніца

Спецыяліст з разуменнем ставіцца да жадання многіх людзей прытрымлівацца народных прыкмет, дамешваючы да спрадвечна славянскіх звычаяў і хрысціянскіх традыцый элементы Усходняга календара, іншых рэлігій і абрадаў.

- Пакажыце чалавека, які не хацеў бы зазірнуць на хвілінку наперад і перавярнуць наступны дзень лёсу - што там будзе, - кажа Іван Крук. - Іншае пытанне - апошнія два дзесяцігоддзі ў нашым жыцці змяшалася многае: і дахрысціянскае, і хрысціянскае. Паглядзіце, што робіцца. Калядоўшчыкі ходзяць з казой, а Каза - гэта наш старажытны сімвал, які ў міфалогіі абазначаў не што іншае, як Сонца. Таму, калі калядоўшчыкі прыходзілі ў дом, і Каза падала на падлогу, гэта было знакам, што мінулы год скончыўся, Сонца паварочвала на новы гадавы круг. Савецкі час прыўнёс сваю філасофію. Тыя ж дзесяць наказаў будаўніка камунізму - гэта дзесяць пераробленых біблейскіх наказаў, ад якіх нікуды не дзенешся. ЗАГС - не што іншае, як аналаг вянчання ў храме. Далей - сёння адкрылася магчымасць дыялогу з усім светам, і мы з вамі ў нейкай ступені ідзем следам за кітайскім, усходнім календаром, забываючы пры гэтым, што адлік усходняга календара пачнецца праз два месяцы. Але мы ўжо на наш Новы год у вобразе Козы.

На думку Івана Крука, чым больш ведае чалавек, тым ён багацейшы, «але пачынаць заўсёды трэба з роднага парога: пачынай з парога, потым адкрывай вялікі космас».

- У тое, што прыйшло здалёк, мы можам пагуляць, як дзіця ў цацкі. Да прыкладу, на навагодні стол паставіць тое, што любіць Каза, і гэтак далей. Але ёсць сваё, сакральнае, рытуальнае, з якім трэба не гуляць, а трэба або выконваць, ці не выконваць. Таму што, калі пачнеш з родным гуляць у цацкі, гэта скончыцца дрэнна.

Да пытання аб прыметах

На пытанне, ці верыць ён у прыкметы, Іван Крук адказвае, што для яго прыкметы - прадмет прафесійнага даследавання. А таму гэта і «і навука, і вера, і разуменне, і глыбокае перакананне ў тым, што гэта працуе».

- Проста сказаць, веру ці не, - нічога не сказаць, - гаворыць экспэрт. - Я чалавек, які заўсёды імкнуўся, як дзіця, калі яму даюць цацку, даведацца: а што там унутры? А ў сярэдзіне механізм, і заўсёды хацелася зразумець, як ён працуе.

Іван Крук распавёў такі выпадак. Аднойчы ў Нацыянальнай акадэміі навук на абароне кандыдацкай дысертацыі, прысвечанай замовам, ён звярнуўся да дзяўчыны, якая абараняла дысертацыю: «А вы самі сядзелі разам са знахарамі? Вы самі спрабавалі выкарыстаць методыку аздараўлення чалавека замовамі? Не? А каму тады патрэбна вашая дысертацыя?»

- Я заўсёды ўяўляю сабе шар, - кажа спецыяліст аб даследаванні прыкмет. - І хачу паглядзець, якое месца займае гэтая планета ў сістэме Галактыкі і, разам з тым, што ёсць у яе ўнутры. Як гэта ўсё ў канструкцыю завязана. Толькі тады, калі ты навучышся разумець тую ці іншую з'яву, ты атрымаеш адказ на пытанне. У адваротным выпадку гэта будзе толькі вера. А я хачу быць перакананым.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках