5 траўня 2024, Нядзеля, 18:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхарам Мазыра прапануюць паслугу «жонка на гадзіну»

28
Жыхарам Мазыра прапануюць паслугу «жонка на гадзіну»

Дзяўчына па выкліку зварыць боршч і памые ката.

«Жонка на час» - такую аб'яву ўбачылі гарадзенцы на адным з банкаматаў у Горадні. Мужчыны пачалі жартаваць, тэлефон адразу ж запісалі, а жанчыны пачалі абурацца даступнасцю дзяўчат. Журналісты выдання «Вячэрні Гродна» наважылі замовіць незвычайную паслугу, патэлефанаваўшы па ўказаным тэлефоне. Прыдумалі легенду, што «жонку на гадзіну» будзем дарыць знаёмаму халасцяку.

- А што вы хочаце замовіць? Генеральную ўборку або наварысты боршч? Наша дзяўчына зробіць любую працу па хаце, акрамя «ложку». Яна маладая, ёй менш за 25 гадоў, таму ўсе паспее, - рэкламуюць свае паслугі на тым канцы дроту.

Аказваецца, «жонка на гадзіну» - гэта проста хатняя прыслужніца, праўда, з больш шырокім «спектрам». Уборка, мыццё і гатаванне каштуюць аднолькава - 120 тысяч рублёў у гадзіну, кошт за наступныя гадзіны меншы - па 80 тысяч рублёў. Яна гатовая нават шчыра пагаварыць, памыць ката ці зрабіць «пахмельны» сняданак. Кажуць, што можа прыгатаваць любую страву, няхай гэта будуць катлеты або суп. Мужчыны часцей просяць другі варыянт.

Праўда, калі мы назвалі адрас, куды павінна прыехаць дзяўчына, арганізатар бізнэсу «жонка на гадзіну» асалапеў. Высвятляецца, што паслугу яны прапануюць у Мазыры. Якім чынам рэклама трапіла ў Гародню, не ўяўляюць.

- Каб гараджане даведаліся пра нас, мы пачалі расклейваць аб'явы на банкаматах. Можа, адзін з такіх банкаматаў «прывезлі» ў Горадню, - выказаў меркаванне суразмоўца.

Ці прыедзе жонка на гадзіну з Мазыра ў Горадню, прадпрымальніку адразу адказаць было цяжка.

У Менску «жонкі» даражэйшыя

Журналісты паглядзелі спіс паслуг і высветлілі, што «жонку на гадзіну» ніхто з гарадзенскіх іпэшнікаў не прапаноўвае. Такое ёсць у Менску, але тарыф там значна вышэйшы. Да прыкладу, двухпакаёвую кватэру гатовыя прыбраць за 1,2 мільёна рублёў. І ў гэты кошт не ўваходзіць мыйка вокнаў. А суп прыгатуюць за 250 тысяч рублёў, у кошт не ўваходзяць прадукты. У колькі абыдзецца размова па шчырасці, таксама адразу не сказалі. Кошт большасці паслуг агаворваецца індывідуальна. Для параўнання: такія ж кошты ў адной з гарадзенскіх клінінгавых кампаній. Праўда, прыбіраць кватэру будзе не маладая дзяўчына, а жанчына сярэдніх гадоў. І ў якасці бонуса памые вокны і нават у працэсе гэтага падтрымае гутарку. «З кліентамі ў нас даверлівыя адносіны, - падкрэслілі ў кампаніі, - а гатаваннем мы не займаемся».

«Мужа на гадзіну» выклікаюць... мужчыны

Замест баршчу на абед ці мыцця любай коткі ў Гародні прапануюць прыбіць цвік або карніз. Цэны залежаць ад працы. Да прыкладу, трубы прачысцяць за 50 тысяч рублёў, падключаць пральную машыну ці павесяць карніз за 100 тысяч. Пры гэтым майстра можна выклікаць тэрмінова, але за 100 тысяч рублёў. Паслугу «муж на гадзіну» ўжо паўгода аказвае толькі адзін прадпрымальнік. Праўда, не хавае, што сціплы бізнэс ідзе вяла.

- Убачыўшы аб'яву «Муж на час», многія жанчыны палохаюцца і не тэлефануюць, а мы ж разам з напарнікам аказваем паслугі электрыка або сантэхніка. Часта проста набіраюць нумар і пытаюцца, што гэта такое. У Менску ўжо дзясятак такіх фірмаў, - распавядае арганізатар паслугі Віталь.

Цяпер мужчына прыпыніў дзейнасць «фірмы», кажа, што ў студзені нізкі попыт. Сам Віталь па адукацыі электрык, таму працуе па сваіх заказах.

- Гэта няпраўда, што «мужа на гадзіну» заказваюць толькі адзінокія жанчыны, - кажа ён. - Часта тэлефануюць мужчыны. Часам бачыш, што ў мужыка залатыя рукі, усё ведае і ўмее па гаспадарцы, але чамусьці звяртаецца за дапамогай майстроў.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках