3 траўня 2024, Пятніца, 10:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларуськалій» абавязалі плаціць падатак за здабычу прыродных рэсурсаў у валюце

12
«Беларуськалій» абавязалі плаціць падатак за здабычу прыродных рэсурсаў у валюце

Раней прадпрыемства выплачвала НДПР па адвалорнай стаўцы ў беларускіх рублях.

У Беларусі з 1 студзеня падатак за здабычу прыродных рэсурсаў у дачыненні да калійнай солі і нафты сырой па адвалорнай стаўцы будзе выплачвацца плацельшчыкам у далярах ці еўра.

Такая пастанова замацаваная ўказам Лукашэнкі N655 ад 31 снежня 2015 года. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале, піша "Інтерфакс".

"Устанавіць, што падатак за здабычу (выемку) прыродных рэсурсаў у дачыненні да нафты і падатак за здабычу (выемку) прыродных рэсурсаў у дачыненні да солі калійнай па адвалорнай стаўцы выплачваюцца ў далярах ЗША або еўра ў суме, вызначанай з улікам устаноўленага Нацыянальным банкам на дзень выплаты афіцыйнага курсу беларускага рубля ў адносінах да адпаведнай замежнай валюты", - гаворыцца ў дакуменце.

Як растлумачылі агенцтву ў ААТ "Беларуськалій", раней прадпрыемства выплачвала НДПР па адвалорнай стаўцы ў беларускіх рублях.

У кіраўніцтве "Беларуськалія" таксама патлумачылі, што ў цяперашні час для прадпрыемства прадаўжаюць дзейнічаць як спецыфічная, так і адвалорная стаўкі НДПР. Пры гэтым велічыня адвалорнай стаўкі НДПР складае 12% і не змянялася з ліпеня 2011 года, калі ўказам Лукашэнкі яна была павышаная ў 12,5 разы.

Адвалорная стаўка разлічваецца паводле формулы, адным з кампанентаў якой з'яўляецца сярэднеўзважаная экспартная цана хлоркалію за справаздачны перыяд. Разлік сярэднеўзважанай цаны і ўстанаўленне яе ажыццяўляе міністэрства падаткаў і збораў Беларусі, пры гэтым сярэднеўзважаная экспартная цана фарміруецца ў беларускіх рублях. Механізм разліку адвалорной стаўкі не змяніўся, удакладнілі на прадпрыемстве.

Указам Лукашэнкі N655 таксама ўстанаўліваецца, што "Беларуськалій" абавязаны звыш абавязковай часткі прыбытку пералічваць 55% штоквартальнай прыбылі ў рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты.

Пры гэтым памер уласных сродкаў, што накіроўваюцца прадпрыемствам у 2015 годзе на мадэрнізацыю і рэканструкцыю, а таксама на пагашэнне крэдытаў, узятых на гэтыя мэты, не можа перавышаць Br4 трлн 633 млрд.

Указам таксама агаворваецца, што дзяржпрадпрыемства або прадпрыемствы з дзеллю дзяржавы ў статутных фондах, якія маюць рэнтабельнасць больш за 30%, таксама абавязаныя пералічваць у рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты звыш абавязковай мінімальнай часткі прыбытку 30% прыбытку.

У Беларусі, згодна з Асаблівай часткай Падатковага кодэкса, суб'екты гаспадарання штоквартальна ажыццяўляюць выплату падатку за здабычу (выманне) прыродных рэсурсаў, у ліку якіх калійная соль. Падатковая база НДПР у дачыненні да хлоркалію вызначаецца як фактычны аб'ём калійнай солі, якая здабываецца, альбо як здабытак фактычнага аб'ёму рэалізацыі калійных угнаенняў і сярэднеўзважанай цаны рэалізацыі 1 тоны калійных угнаенняў за межы Беларусі, устаноўленай у беларускіх рублях. Пры гэтым такі паказчык, як правіла, разлічваўся штоквартальна, за выключэннем мінулага года, калі МПЗ устанаўлівала яго штомесяц з паніжальнай дынамікай.

У Беларусі стаўкі на здабычу нафты і калійных угнаенняў былі рэзка павялічаныя - у 12,5 разы - у ліпені 2011 года. Павелічэнне ставак было зробленае ў мэтах стварэння ў рэспубліцы роўных умоў для беларускіх і расейскіх суб'ектаў гаспадарання, якія занятыя ў калійнай і нафтавай прамысловасці, а таксама ў сферы экспарту хлоркалію і нафтапрадуктаў.

У рэспубліцы ў цяперашні час здабычу калійнай солі ажыццяўляе толькі ААТ "Беларуськалій" - адзіны ў рэспубліцы вытворца калійных угнаенняў. У той жа час, створаная расейскім бізнэсмэнам Міхаілам Гуцэрыевым замежная кампанія "Славкалий" рэалізуе ў рэспубліцы інвестпраект будаўніцтва новай вытворчасці калійных угнаенняў. Выхад на праектныя магутнасці плануецца ў 2020 годзе.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках