3 траўня 2024, Пятніца, 16:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Народная воля» судзіцца з Міністэрствам інфармацыі за артыкул Калінкінай

14
«Народная воля» судзіцца з Міністэрствам інфармацыі за артыкул Калінкінай

14 студзеня пройдзе папярэдняе паседжанне праз іск газеты «Народная воля» да Міністэрства інфармацыі.

14 студзеня ў Вярхоўным судзе будзе разглядацца іск газеты «Народная воля» да Міністэрства інфармацыі, якое вынесла папярэджанне газеце за артыкул «На ланцуг». Рэдакцыя патрабуе скасаваць гэтае папярэджанне.

Сутнасць спрэчкі, як паведамляе сайт Вярхоўнага суда, - у праверцы законнасці нарматыўных актаў, дзеянняў дзяржорганаў, службовых асоб.

Шэф-рэдактар «Народнай волі» Святлана Калінкіна патлумачыла карэспандэнту «Радыё Свабода», што заўтра пройдзе папярэдняе паседжанне.

- Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджанне газеце за маю аўтарскую калонку, якая тычылася ўступлення Беларусі ў Еўразійскі саюз. Мы лічым, што гэтае папярэджанне павіннае быць ануляванае, бо яно не мае пад сабой ніякіх падстаў. Міністэрства інфармацыі сцвярджае ў сваім папярэджанні, што мы падманулі чытачоў, напісаўшы, што Беларусь можа з гэтага саюза не выйсці, калі захоча. А мы, прачытаўшы дагавор аб стварэнні Еўразійскай саюза, лічым інакш. Але ў любым выпадку думкі, як вядома, не могуць адпавядаць ці не адпавядаць рэчаіснасці. Яны могуць аспрэчвацца. З намі ніхто не спрачаўся, а вось вырашылі пакараць нас за тое, што мы выказалі клопат пра пагрозу незалежнасці Беларусі. Мне здаецца, для дзяржаўнага ведамства гэта наогул недапушчальна - караць за клопат пра інтарэсы дзяржавы.

- Як вы ацэньваеце шанцы выйграць іск да Міністэрства інфармацыі?

- Цяжка сказаць. Калі Міністэрства інфармацыі проста рыхтуецца да прэзідэнцкіх выбараў і хоча падвесіць незалежныя СМІ, каб мець магчымасць у нейкім там патрэбным выпадку закрыць іх напярэдадні выбараў, - гэта адзін выпадак. Тады яны не будуць слухаць ні нашых аргументаў, ні аргументаў вядомых у краіне юрыстаў і будуць настойваць на сваім. Калі міністэрства на самай справе будзе выступаць проста як нейтральны дзяржаўны орган, то яно павіннае пачуць нашыя аргументы. Бо гэты выпадак беспрэцэдэнтны, СМІ караюць не за тое, што яно там памылілася адносна нейкага чалавека ці надрукавала не зусім дакладныя звесткі наконт нейкай фірмы. А калі яно паказвае клопат, каб мы сябе не загналі ў пастку і каб мы заставаліся самастойнай незалежнай дзяржавай, якое само ў сябе прымае рашэнні. І за гэта караць - гэта беспрэцэдэнтна.

Гэта ўжо другое папярэджанне, якое атрымала газета «Народная воля». Першае было вынесенае ў жніўні 2014 года. Яно датычылася адкрытага ліста жонкі былога галоўнага лекара раённай Касцюковіцкага бальніцы, якога судзілі. Жонка апісвала ў лісце, што гэта за справа і як яна вядзецца. Аднак публікацыю гэтага ліста дзяржаўныя органы палічылі ціскам на суд. Зараз газета мае яшчэ адно папярэджанне. Згодна з беларускім заканадаўствам гэта можа прывесці да спынення дзеяння ліцэнзіі газеты.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках