3 траўня 2024, Пятніца, 10:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянер у Нью-Ёрку выйграў у латарэю $326 мільёнаў

5
Пенсіянер у Нью-Ёрку выйграў у латарэю $326 мільёнаў

Пенсіянер набыў шчаслівы білет па выпадковасці і нават не сачыў за вынікамі латарэі.

Былы дырэктар нью-ёркскай школы Гаральд Дайманд сарваў джэкпот у латарэі Mega Millions і выйграў 326 мільёнаў даляраў - суму, параўнальную з бюджэтам самага дарагога фільма ў гісторыі кінематографа - "Піраты Карыбскага мора: На краю свету". Гэта рэкордная сума за ўсю гісторыю розыгрышаў у Нью-Ёрку, паведамляе NEWSru.com са спасылкай на CBS New York.

Дайманд прызнаўся, што сваім выйгрышам абавязаны жонцы - менавіта праз яе ініцыятыву ён спыніўся ў закусачнай, дзе і купіў квіток Mega Millions за 10 даляраў. "У дзень выбараў у кангрэс мы з жонкай адправіліся ў Мідлтаўн, каб паабедаць, але надвор'е змяніла нашыя планы. Насоўвалася бура, і мая жонка настаяла, каб мы перабылі непагадзь у закусачнай, з чым я неахвотна пагадзіўся".

Перад тым, як аднавіць свой шлях, Дайманд жарту дзеля купіў латарэйны квіток за 10 даляраў, паклаў яго ў кашалёк і забыўся пра яго. Пра сваю ўзнагароду пенсіянер даведаўся толькі на наступны дзень, калі адправіўся гуляць у гольф з сябрамі. "Хлопцы ў клубе абмяркоўвалі выйгрышны білет, які быў набыты на заправачнай станцыі на трасе 302, і мяне ахінула - гэта ж я купіў там білет учора вечарам!" - прызнаўся Дайманд. Ён кінуўся дадому і некалькі разоў пераправерыў білет, не верачы сваім вачам.

Былыя школьнікі шчыра ўзрадаваліся за Гаральда Дайманда, які сышоў на пенсію яшчэ 20 гадоў таму. "Я ведаю яго ўсё сваё жыццё. Ён добры чалавек, і я ўпэўнены, ён зможа правільна распарадзіцца такой сумай", - сказаў былы вучань Дайманда Брэндан Мур.

Былы дырэктар школы і ягоная жонка атрымалі 130 мільёнаў даляраў - сума выйгрышу паменшылася пасля выліку падаткаў і праз рашэнне Дайманда атрымаць грошы аднаразовай выплатай. Пенсіянер заявіў, што плануе адсвяткаваць з жонкай 55-годдзе з дня вяселля на Гаваях, а затым "унесці ўклад у развіццё мясцовай супольнасці".

Латарэя Mega Millions праходзіць у ЗША з 1996 года і з'яўляецца найбуйнейшай у краіне - у 2012 годзе сума джэкпота ў ёй склала 656 мільёнаў даляраў. А леташні джэкпот у памеры 636 мільёнаў даляраў падзялілі паміж сабой двое амерыканцаў з штата Каліфорнія і Атланты.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках