5 траўня 2024, Нядзеля, 8:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паліцыя Арменіі спыніла шэсце да расейскай базы

26
Паліцыя Арменіі спыніла шэсце да расейскай базы

У Гюмры - абласным цэнтры на поўначы Арменіі - мясцовыя жыхары ўзялі ўдзел у масавым шэсці.

Яны патрабавалі выдаць армянскім праваахоўным органам расейскага жаўнера Валерыя Пермякова, які падазраецца ў забойстве шасці чалавек, паведамляе NEWS.am.

Паводле звестак крыніцы, удзельнікі акцыі накіраваліся спачатку да будынка расейскага консульства, затым да абласной адміністрацыі і пракуратуры. Адтуль яны рушылі да расейскай вайсковай базы, размешчанай у Гюмры.

Начальнік абласной паліцыі Вардан Надаран распарадзіўся перакрыць дарогу ўдзельнікам шэсця. Пазней, пасля таго як удзельнікі пагадзіліся змяніць маршрут, ім дазволілі прайсці. Аднак яны, як і збіраліся раней, рушылі да расейскай базы, на падыходзе да якой былі спыненыя паліцыяй.

Паводле інфармацыі выдання, паліцыянты не дазволілі пратэстантам падысці да вайсковага аб'екту бліжэй, чым на 250 метраў. Людзі, якія сабраліся, скандуюць «Ганьба!».

У акцыі ўзялі ўдзел тысячы людзей - мясцовыя жыхары, а таксама актывісты, якія прыбылі з Ерэвана.

Як паведамлялася раней, паводле падазрэння ў забойстве сям'і быў затрыманы салдат тэрміновай службы з расейскай базы Валерый Пермякоў. Пасля затрымання ён быў дастаўлены на базу, дзе яго апыталі. Паведамлялася, што разглядаецца магчымасць выдачы затрыманага армянскаму боку. Аднак пазней генпракуратура Арменіі заявіла, што «пытанне аб перадачы Пермякова праваахоўнікам Арменіі не абмяркоўваецца».

На затрыманага заведзены справы як расейскай, так і армянскай стараной. Мясцовыя СМІ мяркуюць, што пасля затрымання яго трэба было аддаць армянскім праваахоўным органам, якія і павінны былі праводзіць расследаванне - у адпаведнасці з двухбаковым пагадненнем, якое тычыцца знаходжання расейскай базы ў рэспубліцы.

Забойства ў Гюмры было ўчыненае 12 студзеня. Ва ўласным доме былі застрэленыя чальцы сям'і Авецісян: пяцёра дарослых і дзіця. Яшчэ адно дзіця было параненае, у цяперашні час яно знаходзіцца ў шпіталі.

Салдат тэрміновай службы Валерый Пермякоў, затрыманы паводле падазрэння ў забойстве, прызнаў віну. З некаторых звестках, ён нібыта наважыў дэзертыраваць, зайшоў у першы, які трапіўся па шляху дом, каб папіць вады, і застрэліў яго гаспадароў, баючыся, што яны яго выдадуць.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках