8 траўня 2024, Серада, 9:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Колас: Мы зняпраўдзілі міф пра непрэстыжнасці беларускай адукацыі

3
Уладзімір Колас: Мы зняпраўдзілі міф пра непрэстыжнасці беларускай адукацыі

Беларускі гуманітарны ліцэй імя Коласа, пазбаўлены ўладамі афіцыйнага статусу навучальнай установы, 15 студзеня адзначыў 25-гадовы юбілей.

Ён быў створаны 15 студзеня 1990 г з пастановы рады «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Савецкага раёна Менска, паведамляе БелаПАН.

У тым жа годзе ўвайшоў у склад Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтра (БГОКЦ) Міністэрства адукацыі Беларусі ў якасці структурнай часткі. Паводлое загаду Мінадукацыі ад 23 верасня 1991 года набыў статус стацыянарнага ліцэя, які амаль адразу стаў вельмі прэстыжнай навучальнай установай.

Пасля абрання Аляксандра Лукашэнка прэзідэнтам ліцэй пачаў сутыкацца з сур'ёзнымі праблемамі ў дачыненнях з уладай, ужо тады было некалькі спробаў закрыць установу. У 1998 годзе ліцэй пераўтварыўся ў Нацыянальны дзяржаўны гуманітарны ліцэй ім. Якуба Коласа.

25 чэрвеня 2003 года Савет міністраў Беларусі загадаў Міністэрству адукацыі ліквідаваць ліцэй, што і было зроблена. З таго часу гэта навучальная ўстанова фактычна працуе падпольна. Зрэшты за чвэрць стагоддзя ліцэй скончылі прыкладна 1,5 тысячы навучэнцаў.

Для ліцэя 25 гадоў - гэта цэлая эпоха, сказаў дырэктар гэтай установы Уладзімір Колас. «Гэта эпоха, на працягу якой мы перажылі шмат перамен - самых фантастычных, не заўсёды шчаслівых, але гэтая эпоха навучыла нас, што няма нічога вечнага, і што галоўнае - быць гатовым выкарыстоўваць свой шанец, калі гэта спатрэбіцца», - адзначыў ён.

Для выкладчыкаў, са слоў Коласа, гэтыя 25 гадоў «міма не прайшлі, адбіліся на іх». «Нашы выкладчыкі пасталелі, ужо нашы выпускнікі старэйшыя ў тым стагоддзі, у якім былі мы, калі пачыналі гэты ліцэй», - сказаў дырэктар установы.

Для Беларусі Коласаўскі ліцэй - гэта досвед «існавання незалежнай еўрапейскай навучальнай установы, заснаванай на еўрапейскіх культурных, духоўных каштоўнасцях», дзе «працэс навучання ідзе на такім узроўні, што выпускнікі могуць абсалютна спакойна сябе адчуваць са сваімі еўрапейскімі аднагодкамі, канкураваць з імі». «Галоўнае тое, што мы зняпраўдзілі створаны імперскай прапагандай міф пра тое, што беларуская адукацыя непрэстыжная, другога гатунку, і, каб мець перспектыву, трэба вучыцца не на беларускай мове», - падкрэсліў Колас.

На сёння, мяркуе дырэктар установы, не трэба складаць нейкі план вяртання ліцэя ў афіцыйную сістэму адукацыі Беларусі. З ягоных слоў, «у свой час ліцэй і выйшаў з афіцыйнага поля менавіта таму, што не ўпісваўся ў гэтую сістэму».

«Гэта стала відаць пасля пераменаў, якія адбыліся ў краіне, калі палітычны курс змяніўся, - нагадаў Колас. - Нейкі час мы яшчэ трымаліся, бо спадзяваліся, што гэта ненадоўга, што ўсё вернецца. Але, на вялікі жаль, да гэтага часу нічога не вяртаецца. Пакуль сістэма і яе арыентаванасць застаюцца ранейшай і стаўленне да адукацыі такое, як цяпер, мы сябе ў гэтай сістэме не бачым».

У гэтай справе ліцэй не робіць стаўку і на новага міністра адукацыі Міхаіла Жураўкова, ад якога, «мяркуючы з яго першага інтэрв'ю, чакаць нейкіх станоўчых зменаў не даводзіцца».

«У яго словах прачытваецца знаёмая пазіцыя, тыпу таго, што з беларускай мовай у нас усё ў парадку, маўляў, хто як хоча, так і размаўляе, вучыцца, і ніякіх перашкодаў для беларускамоўнай адукацыі ён не бачыць. Гэта значыць, што чалавек не хоча нічога мяняць», - патлумачыў дырэктар ліцэя.

Аднак, калі сучасная сістэма адукацыі адчуе пэўную адлігу, кажа ён, можна будзе размаўляць аб афіцыйным вяртанні ліцэя, прынамсі, для гэтага ўсё гатова.

«Нашы выпускнікі вельмі паспяхова здаюць экзамен на атэстат сталасці ў сярэдняй школе, часта экстэрнам, нам за іх не сорамна. Усе прадметы ў нас складаюцца паводле зацверджаных праграм, плюс мы даем дадатковыя гуманітарныя веды, якія ім вельмі карысныя пры здачы экзаменаў і ў далейшым навучанні ва ўніверсітэце», - падсумаваў Колас.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках