2 траўня 2024, Чацвер, 16:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргей Міхалок пра вайну, карлікаў і «гопнікаў»: 13 цытат

34
Сяргей Міхалок пра вайну, карлікаў і «гопнікаў»: 13 цытат

Сёння беларускі музыка і лідэр гурта BRUTTO святкуе дзень нараджэння. Яму споўнілася 43.

Сайт depo.ua сабраў 13 выказванняў Сяргея Міхалка пра самаіронію, моду ды іншапланетнікаў.

1. «Я кідаю выклік майму пакаленню. Кідаю выклік тым, хто мяне натхняў на сур'ёзныя ўчынкі. Яны не разумеюць, што іхняя млявасць, у тым ліку і фізічная, дазваляе кіраваць нашым грамадствам, нашай планетай - каму? – гоп-ні-кам».

2. «Я быў тоўстым, дурным свінтусам са згаслым творчым агеньчыкам, які разгубіў сяброў і павагу. Можа, гэта і былі іншапланетнікі, можа, гэта яны ператварылі мяне ў дурную біямасу, не ведаю... Але з альбомам «Капітал» я як нанава нарадзіўся».

3. «Мае песні, я спадзяюся, дапамагалі адчуць свежы вецер. Адчуць у самыя цяжкія моманты, знайсці ў сабе сілы, каб пазмагацца. Цяпер наш калектыў прыехаў у сталіцу свабоднай Украіны. Мы па-ранейшаму захапляемся вамі. І вы ведаеце, што ў цяжкаатлетаў галоўнае. Галоўнае - не ўзяць вагу, а яе ўтрымаць. Давайце будзем думаць пра тое, як цяпер утрымаць вагу, утрымаць гэтую пераможную вышыню. Будзьце шчаслівыя. І х...ло ведае, што ён х...ло».

4. (Аб беларускай ТВ) «Проста ўся сістэма (...) выбудаваная так, што праграмнымі дырэктарамі або ўладальнікамі каналаў, радыёстанцый становяцца сэксоты, самі сабой баязліўцы, для якіх ужо не трэба законаў, для якіх не патрэбныя забараняльныя дакументы. Яны проста першапачаткова настолькі трасуцца, што не паставяць ужо нічога цікавага, нават калі гэта будзе дазволена зверху».

5. «Адсутнасць самаіроніі - гэта і ёсць пыха».

6. «У Мухамеда, так, веру. Яшчэ веру ў Тыля Уленшпігеля, Белерафонта, Ктулху. І ў тое, што разумным, моцным і адукаваным мушкецёрам акурат не ставала нявыхаванага яскравага вяскоўца Д'Артаньяна. Я наогул веру ў розныя цуды: у чараўніка Смарагдавага горада, у Бастынду і Гінгему (...) У Оле Лукое не веру. Я толькі ў волатаў веру, а ў карлікаў - не».

7. «Я актор паводле сваёй прафесіі, і панятак шчырасці для мяне - гэта маветон. Калі кажуць «Вось, гэты чалавек такі шчыры», для мяне гэта смешна. Усе мы граем нейкія ролі».

8. «Кожнай аўтарытарнай, з імперскімі амбіцыямі дзяржаве зручна мець як мага больш абыякавых рабоў. Не выпадкова сімвал расейскай улады - мядзведзь. Ён што ў прыродзе робіць? Грабе пад сябе, спіць ды жарэ. Нават калі яму патрэбныя толькі некалькі ягадзін, ён усё роўна ўвесь корч разам з зямлёй вырве. Або мёду захацелася, - ён лезе на дрэва, цалкам яго зломіць, вавёрак і птушак пакіне без дома. Мёд не знойдзе, але пры гэтым бяды наробіць. А самае галоўнае, яму ўвесь час мала месца, яму патрэбныя новыя ўгоддзі, каб абыходзіць іх з важным выглядам. Там ужо балоты - на ліха яны табе? Не, усё адно палезе. Вось у гэтай метафары сутнасць імперскай хваробы».

9. «Мне, дарэчы, здаецца, што з Пуціным апошнім часам адбываецца тое ж самае, што з Лукашэнкам - яго сталі цікавіць толькі тыя справы, якія закранаюць яго асабіста. Вось калі б Pussy Riot праспявалі, дапусцім, «Адзіная Расея збаялася», то нічога б не было. Але яны праспявалі «Пуцін збаяўся» - і той адразу адрэагаваў: гэта яны, нібыта, мне?»

10. «Мода - гэта сезоннасць і хуткаплыннасць, а быць сезоннымі артыстамі - гэта мне не ў нос».

11. «Ляпіс Трубяцкі» - гэта гуманістычны калектыў. Наша задача спыніць калатню, а не распаліць».

12. «Няхай жа той, хто пажадае зямлю блізкага свайго, заловіць у лісіную, хітрую пысу. Няхай той, хто возьме чужое, удушыцца прынадным кавалачкам. Няхай жа той, хто захоча развязаць вайну, здохне, перш чым пральецца хоць кропля нявіннай крыві. Хай будзе так!»

13. «За тыдзень ва Усходняй Украіне я на ўласныя вочы ўбачыў, што славуты ўсходнеўкраінскі сепаратызм і русафільства - не больш, чым расейская вайскова-палітычная штука, якая мае мала агульнага з рэальнымі жаданнямі мясцовых жыхароў. Ёсць гэбушны сцэнар, медыя нагнятанне і гопнікі-цітушкі з прапітымі спрэс пысамі - пытанне ў тым, ці дастаткова сілы ва ўлады і адвагі ў жыхароў Усходу, каб гэты сцэнар зламаць».

***

Сяргей Міхалок нарадзіўся ў Дрэздэне. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

У 18 гадоў стварыў гурт «Ляпіс Трубяцкі». Калектыў увайшоў у гісторыю музыкі альбомамі «Ты кінула», «Капітал», «Manifest», «Матрошка». Мінулай восенню гурт спыніў сваё існаванне. Міхалок узначаліў праект BRUTTO.

Музыка вядомы моцнай крытыкай палітыкі беларускіх ды расейскіх улад. Падтрымаў Еўрамайдан.

Фота: charter97.org

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках